Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрыстайліст Гладчанка: Міліцыя павінна зразумець, што «Пагоню» прыдумала не апазыцыя


Фрыстайліст Станіслаў Гладчанка
Фрыстайліст Станіслаў Гладчанка

Прадстаўнік новага пакаленьня фрыстайлістаў Станіслаў Гладчанка расказвае Свабодзе, чаму памяркоўныя беларусы — сярод усясьветных лідэраў у экстрэмальным спорце, што стаіць на шляху нацыянальнага патрыятызму і чаму міліцыянтам варта заглыбіцца ў гісторыю, а таксама — як канфлікт на Данбасе паўплываў на камандныя ўзаемаадносіны ўкраінцаў і расейцаў.

21-гадовы Станіслаў Гладчанка зусім нядаўна трапіў у дарослы спорт, але якраз зь ім адмыслоўцы перадусім зьвязваюць будучыню беларускага фрыстайлу. Дэбютаваўшы зь месца ў другой сотні агульнага заліку, па выніках мінулага сэзону ён увайшоў у дзясятку наймацнейшых, заняўшы выніковую восьмую пазыцыю. Вышэй за яго зь беларусаў толькі дасьведчаны калега па камандзе Максім Гусьцік — другі ў міжнародным рэйтынгу.

Двойчы Станіслаў спыняўся за крок ад пʼедэсталу на этапах Кубку сьвету і на мажорнай ноце завяршыў год на апошнім этапе Кубку Эўропы — пэрсанальная залатая ўзнагарода і выніковая перамога зборнай Беларусі ў Кубку нацый. Такім чынам, самая пасьпяховая для беларусаў зімовая дысцыпліна, якая спраўна папаўняе мэдалёвую скарбонку на міжнародных турнірах, мае надзейныя тылы ў выглядзе таленавітага «маладняка».

У паветры: свабоднае падзеньне
У паветры: свабоднае падзеньне

— Станіслаў, дык калі адбыўся пераход зь юніёраў у дарослы спорт?

— У дарослую каманду мяне бралі, скажам так, паступова. Спачатку пачалі падцягваць на летнія зборы, калі я з асноўным складам па Кубках сьвету яшчэ ня езьдзіў, больш тады рыхтавалі на юніёрскі чэмпіянат сьвету. А потым паціху стаў уваходзіць у асноўны калектыў, за які праводжу вось ужо трэці сэзон. То бок недзе ад 2013-га, з 18 гадоў. І калі першы год я езьдзіў і скакаў толькі двайныя сальта, то ў папярэдні сэзон ужо выйшаў на трайныя, а сёлета ўжо іх дапрацоўваў і выпраўляў памылкі.

— Як самі ацэньваеце прагрэс за прамінулы час?

— Хоць гэта і нясьціпла, але прагрэс, як кажуць, відавочны. Летась упершыню трапіў у прызэры Кубку сьвету ў камандным заліку, у гэтым сэзоне падрыхтаваў новы скачок — трайное сальта з чатырма вінтамі. Ну, і ўвогуле дасягнуў лепшага выніку — чацьвёртыя месцы на этапах у Маскве і ў Раўбічах. На жаль, два запар драўляныя мэдалі — крыху прыкра, непрыемна...

З калегам Максімам Гусьцікам (фота Сяргея Невяркевіча)
З калегам Максімам Гусьцікам (фота Сяргея Невяркевіча)

— Для, па сутнасьці, пачаткоўца вынікі зусім не слабыя...

— Калі я ў Маскве трапіў у шасьцёрку і далей у супэрфінал, гэта сапраўды было чымсьці неверагодным, я такому выніку быў вельмі рады. Але на хатніх спаборніцтвах ужо было крыўдна, бо зноў паўтарыў свой вынік і, на жаль, зноў чацьвёрты. Звычайна, калі беларусы трапляюць у фінальную супэршасьцёрку, як правіла, фінішуюць у прызах. Але паколькі няма патрэбнага досьведу, трохі не падфарціла. Спадзяюся, зь цягам часу навучуся даводзіць справу да канца.

— Тым ня меней тлустая кропка пастаўлена падчас Кубку Эўропы — першае месца як кампэнсацыя за ранейшыя страты. Дарэчы, наколькі істотная розьніца паміж эўрапейскімі і ўсясьветнымі этапамі?

— Так, ужо другі год «кампэнсуемся» на Кубках Эўропы, каб такім чынам падтрымаць баявы дух — і свой, і каманды. Што да розьніцы, то, натуральна, Кубак сьвету — спаборніцтвы нашмат вышэйшага рангу. Кубак Эўропы праводзіцца па старой праграме — два скачкі, сума балаў, і выводзіцца агульная ацэнка. На Кубках сьвету праграма больш складаная, да таго ж там і ўдзельнікі нашмат больш дасьведчаныя і прадстаўляюць большую колькасьць краінаў.

З камандай у Швайцарыі
З камандай у Швайцарыі

— У якой ступені фрыстайл забясьпечвае матэрыяльна? Ці можна жыць толькі са спорту?

— Жыць можна, калі ёсьць вынікі... Зрэшты, так у любым відзе спорту, ня толькі ў нас. Зразумела, што нешта будзеш атрымліваць і так, бо фэдэрацыя плаціць заробак. Але з вынікам, вядома, усё ж лепей. Ёсьць месца — заробак большы, няма — ну, прабач, не заслужыў дабаўкі. То бок стымул дэманстраваць лепшыя вынікі ёсьць і матэрыяльны.

— Станіслаў, адкуль у памяркоўных беларусаў, якія ня надта любяць рызыкаваць, бесшабашнасьць у такім экстрэмальным, зусім ня масавым відзе спорту?

— Тут проста дакладна выбудаваная сыстэма падрыхтоўкі, пры якой усе ведаюць сваё месца. У першую чаргу гэта тычыцца трэнэрскай герархіі: у нас асобныя трэнэры па лыжах, па батуце, па фізычнай падрыхтоўцы. Няма такога, што адзін чалавек цягне ўсё агулам. У кожнага ёсьць свой участак працы, якую ён выконвае, прычым выконвае якасна. Мне здаецца, менавіта за кошт такога разьмеркаваньня паўнамоцтваў дасягаюцца такія высокія месцы, здабываюцца ўзнагароды.

Галоўны трэнэр Мікалай Казека
Галоўны трэнэр Мікалай Казека

— Бальшыня экспэртаў сыходзяцца на думцы, што асноўная заслуга ў фармаваньні баяздольнага калектыву належыць галоўнаму трэнэру Мікалаю Казеку. Маўляў, каб ня ён, не было б і выніку...

— Бясспрэчна, Мікалай Іванавіч вельмі граматна падыходзіць да трэніровачнага працэсу, усё робіць дзеля таго, каб спартоўцам было камфортна і трэніравацца, і ўвогуле пачуваць сябе ў калектыве. У гэтым —так, выключна ягоная заслуга. Ну, а вынікі самі за сябе сьведчаць, наколькі станоўча гэта ўплывае на падначаленых.

— Яшчэ адзін трэнэр — Міхаіл Курловіч, маладзейшы за некаторых сваіх выхаванцаў. Маладосьць не замінае аўтарытэту?

— Зь Міхаілам мы трэніраваліся яшчэ ў юніёрскай камандзе, разам езьдзілі па Кубках Эўропы. Мне падаецца, Мікалай Іванавіч зрабіў цалкам слушны выбар: Міша — наш равесьнік, яму лягчэй з намі кантактаваць, у нас адны і тыя ж інтарэсы. То бок мы выслухоўваем яго і як трэнэра, і ў той жа час як сябра. Як да трэнэра ніколі ў камандзе да яго пытаньняў не ўзьнікала і рознагалосьсяў не было. Нягледзячы на маладосьць, ягоная думка аўтарытэтная і сумневу не падлягае.

Малады трэнэр Міхаіл Курловіч
Малады трэнэр Міхаіл Курловіч

— Дарэчы, Міхаіл зь беларускамоўнай сямʼі, сам выдатна валодае мовай. Мікалай Іванавіч — сын вядомага літаратуразнаўцы Янкі Казекі, з маленства рос у беларускай атмасфэры. Як у камандзе з разуменьнем нацыянальнай ідэі?

— З самаідэнтыфікацыяй усё ў парадку. Адзінае, даводзіцца рабіць папраўку на абʼектыўныя рэчы. Справа ў тым, што, пачынаючы з малодшых клясаў, ніхто з намі, апроч настаўніка беларускай мовы, па-беларуску не размаўляў. Адкуль узяцца нацыянальнай ідэі, калі чалавек пастаянна ў расейскамоўным асяродзьдзі? Да таго ж афіцыйна ў нас дзьве дзяржаўныя мовы, хоць на практыцы прыярытэт, вядома, у расейскай. Чаму такі перакос? Можа, патрыятызму не хапае, як у іншых народаў, цяжка сказаць. Але мне падаецца, каб рабілі большы ўпор на беларускую мову, пачынаючы са школы, каб пашыралі яе ўжытак у іншых сфэрах, усё б наладзілася. То бок, як толькі зьявіцца моўнае атачэньне, усё паступова стане на свае месцы. Асабіста я заўсёды за Беларусь, і да беларускай мовы стаўлюся вельмі прыхільна.

Станіслаў Гладчанка падчас этапу Кубку сьвету ў Раўбічах (фота Ўладзімера Несьцяровіча)
Станіслаў Гладчанка падчас этапу Кубку сьвету ў Раўбічах (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Станіслаў Гладчанка падчас этапу Кубку сьвету ў Раўбічах (фота Ўладзімера Несьцяровіча)
Станіслаў Гладчанка падчас этапу Кубку сьвету ў Раўбічах (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

— Сілавікі надзвычай нэрвуюцца, калі падчас спартовых спаборніцтваў на трыбунах зьяўляецца нацыянальная сымболіка. Ці не падаецца вам, што ў дадзеным выпадку свой узровень дэманструе якраз міліцыя, якая праводзіць паралелі паміж бел-чырвона-белым сьцягам і апазыцыяй?

— З аднаго боку — так, нядрэнна хоць крыху заглыбіцца ў гісторыю. З іншага боку, сапраўды, чамусьці адразу бачыцца апазыцыя, якая ходзіць пад бел-чырвона-белым сьцягамі. Я хоць тыя часы амаль не застаў, але ж ведаю, што на пачатку 1990-х гэтая сымболіка была дзяржаўнай. Ну, калі людзям хочацца заўзець з «Пагоняй», чаму не, навошта абмяжоўваць? Асабіста я нічога крамольнага ў такім выбары ня бачу. Для пачатку тым жа міліцыянтам самім трэба зразумець, адкуль пайшлі сымбалі, зь якімі яны змагаюцца — не апазыцыя ж насамрэч іх прыдумала. Зразумела, што ім паступаюць адпаведныя распараджэньні і яны проста выконваюць сваю працу. Ім ужо ня важна — хто, адкуль і навошта. Асабіста ў мяне ніякага адкіданьня гістарычнай сымболікі няма, нэгатыўнага ўспрыняцьця — тым больш.

Пасьля завяршэньня сэзону ў Менску
Пасьля завяршэньня сэзону ў Менску

— Канфлікт на ўсходзе Ўкраіны адбываецца побач зь Беларусьсю. Сярод наймацнейшых фрыстайлістаў якраз і ўкраінцы, і расейцы — ці зьмяніліся іх адносіны на фоне канфлікту?

— Дзякуй богу, усё добра — як кантактавалі, так і кантактуюць. Нават умудраюцца аджартоўвацца. Расейцы кажуць: у вас што, вайна? Украінцы ў адказ: ну, дык каб вы не напалі, то і не было б... Пасьмяюцца ды ўсё, бо ясна, што ўзровень вырашэньня канфлікту зусім іншы. Таму нічога надзвычайнага, ніякай агрэсіўнасьці ў дачыненьні адзін да аднаго няма. У нашым відзе беларусы, украінцы, расейцы заўсёды сябравалі, часьцяком людзі родам з адной краіны выступаюць за іншую...

— Якраз той выпадак, калі беларускімі трыюмфатарамі апошняй зімовай Алімпіяды сталі Антон Кушнір і Ала Цупер — родам з Украіны. Абое ў мінулым сэзоне не выступалі. Іх адсутнасьць дэмаралізавала ці, наадварот, дала шанец «стрэліць» пры адсутнасьці моцных канкурэнтаў?

— Ды не, адчуваньня таго, што бязь іх мы сталі слабейшымі, няма. Вынікі ёсьць, беларусы стабільна на пʼедэстале. У тым ліку — так, можна праявіць сябе зь лепшага боку, як той казаў, выйсьці зь іх ценю. Дарэчы, у плянах Антона значыцца падрыхтоўка да Алімпіяды-2018, нічога зьмяніцца не павінна, проста ён трохі траўмаваўся і з-за гэтага выпаў сэзон. Што тычыцца Алы, то яна таксама не выключае вяртаньня ў спорт. Чаму і не? Калі ў чалавека напрацаваная праграма і ёсьць упэўненасьць у сваіх сілах (навык жа нікуды ж не сыходзіць), трэба толькі патрэніравацца, усё ўспомніць і яшчэ разок заняць першае месца. Вось і ўсё (сьмяецца).

Віншаваньні калегу Дзянісу Восіпаву
Віншаваньні калегу Дзянісу Восіпаву

— Да зімы яшчэ далёка. Чым каманда займаецца ў вяснова-летні час?

— Неўзабаве завершыцца адпачынак, і паступова пачнём уцягвацца ў рэжым штодзённых трэніровак. Як сказаў на сходзе Мікалай Іванавіч, пачынаецца адказны двухгадовы цыкль да Алімпіяды, перадусім будзем скакаць на ваду — адпрацоўваць новыя скачкі, адточваць старыя. Прынамсі, да сёлетняга чэмпіянату сьвету трэба дайсьці да кандыцыі, каб паказаць добрыя вынікі.

— У Менску нарэшце здалі даўгабуд вучэбна-трэніровачнага цэнтру фрыстайлу. Наколькі комплекс адпавядае чаканьням і патрабаваньням спартоўцаў?

— Магу толькі параўнаць з заляй, якая ў нас была на праспэкце Пераможцаў. Самае галоўнае, што асабіста мне падабаецца, — гэта наяўнасьць батутнай залі і залі харэаграфіі, дзе нам ніхто не перашкаджае, няма паралельнага існаваньня зь іншымі відамі спорту. У старым памяшканьні заўсёды былі пытаньні па людзях, якія трэніраваліся разам з намі — і акрабаты, і атлеты, і яшчэ вялізная колькасьць «канкурэнтаў».

Сярод трыюмфатараў Маскоўскага этапу Кубку Сьвету
Сярод трыюмфатараў Маскоўскага этапу Кубку Сьвету

— Зь іншага боку, ці ня будуць абмежаваныя замежныя зборы?

— Летам, я думаю, іх пэўна будзе меней. Зрэшты, ёсьць у гэтым і свае плюсы. Найперш, можна максымальна падрыхтавацца. Што, дапусьцім, было раней: скончылася лета, не пасьпеў нешта тэхнічна адтачыць — і ўсё, адзін скачок па ўсім сэзоне будзе кульгаць. А цяпер ёсьць магчымасьць і ў кастрычніку, і ў лістападзе, ды хоць у сьнежні займацца, скакаць колькі трэба. Як, прыкладам, рыхтавалася наша юніёрская зборная, калі нейкі момант не было сьнегу ў Раўбічах. Каб не губляць два тыдні, яны заехалі ў комплекс адпрацоўваць скачкі на ваду. То бок — вельмі зручна і мае шмат плюсаў.

Падрыхтоўка трамплінаў
Падрыхтоўка трамплінаў

— Ці адпавядае рэальнасьці меркаваньне, што фрыстайл — адзін з самых траўманебясьпечных відаў спорту?

— Ну, гэта зь якога боку паглядзець. Нехта лічыць, што футбол нашмат больш траўманебясьпечны — праўда, магчыма, большая колькасьць траўмаў найперш з-за яго масавасьці. У нас калі спартовец якасна падрыхтаваны, ён пазьбягае непажаданых наступстваў. Вядома, ніхто не застрахаваны ад бягучых траўмаў, дробных пашкоджаньняў, але адназначна гэта ня самы рызыкоўны від, як многія лічаць, пабачыўшы самі скачкі. Кожны элемэнт дакладна рыхтуецца, адточваецца. Спачатку чалавек навучаецца катаньню на лыжах, потым займаецца на батуце, акрабатычная дарожка, фізычная падрыхтоўка. Толькі пасьля гэтага яго вязуць на ваду, дзе ён выконвае нейкія нескладаныя скачкі. То бок усё дадаецца і ўскладняецца паступова.

— Некалькі гадоў таму непрыемны інцыдэнт здарыўся зь Дзьмітрыем Ракам, які пасьля цяжкай траўмы ў спорт так і не вярнуўся. Што вядома пра яго стан?

— Наўпрост зь Дзімам я не перакрыжаваўся, памятаю яго, калі быў нават не ў юніёрскай, а яшчэ ў юнацкай камандзе. Ведаю, што ягоны добры сябар — Антон Кушнір, які пастаянна да яго наведваецца. Дарэчы, калі летась у верасьні ў комплексе былі першыя спаборніцтвы па скачках на ваду, Дзьмітры таксама прыходзіў, яны з бацькам сядзелі на трыбуне. Што тычыцца цяперашняга стану, — шчыра кажучы, ня ведаю, але, відаць, без асаблівых зьменаў...

Дзьмітры Дашчынскі дэбютуе ў якасьці трэнэра
Дзьмітры Дашчынскі дэбютуе ў якасьці трэнэра

— Станіслаў, як вы самі прыйшлі ў фрыстайл — асэнсаваны выбар ці, як часта водзіцца, выпадковасьць?

— Мой тата займаўся скачкамі ў ваду ў Дашчынскага Ўладзімера Іванавіча — бацькі нашага славутага фрыстайліста Дзімы Дашчынскага. Потым Уладзімер Іванавіч перайшоў са скачкоў у ваду ў фрыстайл, і тата вырашыў аддаць мяне спэцыялісту, у якога некалі трэніраваўся сам. Вось так я і трапіў у гэты від, практычна адпачатку ведаючы, чым буду займацца. А калі мы трэніраваліся яшчэ на Пераможцаў, то бацькі ў бальшыні выпадкаў аддавалі дзяцей спачатку на батут, на дарожку, і толькі потым ім рабілі прапанову: ваша дзіця падыходзіць у фрыстайл, ці не жадаеце паспрабаваць? Як правіла, усё вымалёўваецца ў працэсе.

— Бачыў, як на апошнім этапе Кубку сьвету ў Раўбічах ня толькі ўдарна выступалі, але ў перапынках здымаліся з наведнікамі комплексу. Расчараваньня ад жыцьцёвага выбару, мяркуючы па ўсім, няма?

— Не, расчараваньня няма. Мне ўсё падабаецца, я ўвогуле шчасьлівы, што ўсё склалася менавіта такім чынам. На трыбунах у Раўбічах было шмат і маіх сяброў, і мама, і дзядзька — усе прыехалі падтрымаць. Дый самому вельмі прыемна было, калі ўпершыню да мяне падыходзілі, прасілі сфатаграфавацца, аўтографы бралі. Адчуваньне супэр (сьмяецца). Спадзяюся, чаканьні маіх прыхільнікаў у новым сэзоне спраўджу спаўна.

Спаборніцтвы ў Раўбічах
Спаборніцтвы ў Раўбічах

Станіслаў Гладчанка нарадзіўся 14 верасьня 1994 году ў Менску. Займаўся ў сэкцыі фрыстайлу ва Ўладзімера Дашчынскага. Студэнт 4 курсу Беларускага ўнівэрсытэту фізычнай культуры. Па выніках дэбютнага для сябе сэзону ў 2014 годзе ў рэйтынгу Кубку сьвету фінішаваў 125-м у шматборʼі і 26-м у акрабатыцы. Сёлета ў агульным заліку «лыжных акрабатаў» быў 8-м.

Станіслаў Гладчанка падчас этапу Кубку сьвету ў Раўбічах (фота Ўладзімера Несьцяровіча)
Станіслаў Гладчанка падчас этапу Кубку сьвету ў Раўбічах (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG