«Яны ўвесь час пра гэта размаўляюць і жартуюць, і абяцалі запіхаць нам нешта ў задні праход», — прамысловы альпініст з Маладэчна Павал Сяргей, які пранёс у суд над «графіцістамі» расьцяжку з надпісам «Не — палітычным перасьледам!», распавядае, як АМАП зьдзекаваўся зь іх у судзе і РУУС.
25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёну падчас працэсу над графіцістамі Павал Сяргей і Максім Шыцік дасталі расьцяжку. Павал выкрыкваў: «Мастацтва не злачынства». Хлапцоў выштурхнулі з залі суду, завалаклі ў асобны пакой і зьбівалі на працягу 20 хвілінаў. Разам зь імі пацярпелым аказаўся журналіст tut.by Павал Дабравольскі.
«Закруцілі рукі, бягом завялі ў суседні кабінэт, дзе паклалі тварам на падлогу і пачалі зьбіваць хвілін 20. Мне пашанцавала, бо я пасьпеў прыкрыцца рукамі. Майму сябру (Максіму Шыціку. — РС) ня так пашанцавала, ён адразу атрымаў удар нагой па твары, яму расьсеклі брыво. Уся падлога была залітая ягонай крывёй і крывёй журналіста, які ляжаў побач».
Павал апавядае, што Дабравольскі стаяў каля ўваходу, калі іх выводзілі з залі, і стаў здымаць затрыманьне на тэлефон.
«Можа, яны (АМАП. — РС) падумалі, што ён быў трэцім удзельнікам. Яго захапілі пад рукі, кінулі на падлогу і, нічога ня кажучы і не даючы яму сказаць, пачалі яго зьбіваць. Потым яны ўжо зразумелі, што ён сапраўды журналіст. Але гэта яго ніяк не ўратавала і не дапамагло, яго працягвалі зьбіваць зь вялікай асалодай. Нават зь нейкай нездаровай нянавісьцю», — кажа пацярпелы. Зьбіцьцё суправаджалася абразамі.
«Нас бясконца абражалі, бясконцая лаянка. Самае цікавае, што абражалі на турэмна-зонаўскім слэнгу. Выкарыстоўвалі такія тэрміны, як „петух“, „чёрт“. Самае цікавае, што калі б гэтыя людзі апынуліся ў месцах пазбаўленьня волі, то самі, найхутчэй, атрымалі б такія статусы, — кажа Павал. — Шмат было вельмі дзіўных жартаў, зьвязаных з жорсткім гомасэксуалізмам. Пра запіхваньне прадметаў у задні праход. У такой атмасфэры мы сядзелі гадзіны чатыры. Найбольш яскрава гэта праяўлялася, калі мы ляжалі тварам у падлогу ў судзе, пакуль чакалі машыну».
Найбольш міліцыянтаў цікавіла, якім чынам Паўлу ўдалося пранесьці ў суд расьцяжку. Магчыма, гэта і стала падставай для такога жорсткага абыходжаньня з затрыманымі, мяркуе ён.
«Яны былі вельмі злыя, што мы здолелі пранесьці гэты банэр. Калі зьбівалі, увесь час мяне запытвалі, як я гэта зрабіў і навошта. Думаю, што ад іхнага кіраўніцтва ім будзе нейкая вымова ці што, бо з гэтай прычыны яны былі вельмі злыя на мяне», — кажа Павал.
Сам ён, як распавядае, уваходзіць у моладзевы рух «Пошуг».
«У нас шмат плыняў. Мы ўздымаем сацыяльныя, нацыянальныя, культурніцкія і экалягічныя праблемы. Прапагандуем здаровы лад жыцьця. Ніхто з нас не ўжывае ані алькаголь, ані тытунь, ані наркотыкі. Мы ці вэганы, ці вэгетарыянцы. Стараемся рухацца ва ўсіх кірунках», — кажа ён.
У выніку Паўла Сяргея абвінавацілі ў «непавазе да суду» і «непадпарадкаваньні міліцыі» і прысудзілі яму штраф — дзесяць з паловай мільёнаў рублёў.
Павал кажа, што такіх відавочных пабояў, як у Максіма і Паўла, у яго не было. Таму пабоі ён не здымаў, але заяву супраць дзеяньняў міліцыянта падаваць будзе.
«І буду выступаць у судзе як сьведка таго, што адбывалася гэтае беззаконьне і самаўпраўства», — кажа ён — Колькі разоў мяне затрымлівалі, я першы раз такое бачу. Заўсёды рукі круцяць, пару ўдараў, але каб так жорстка і з такой асалодай, такога ніколі не было".