Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнік за працэсам графіцістаў: Улада сама палітызавала гэты працэс


Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота
Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

Намесьнік кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», юрыст Валянцін Стэфановіч назірае за судовым працэсам графіцістаў, які другі дзень праходзіць у Фрунзенскім раённым судзе Менску. Стэфановіч камэнтуе ход гучнага працэсу ў інтэрвію Свабодзе:

— З кожным днём працэсу пераконваюся ўсё больш, што ён ня проста зьвязаны з напісаньнем на сьценах графіці, а відавочна, што гэтых маладых людзей арыштавалі за нешта большае. Вось сёньня зачытвалі матэрыялы апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія заключаліся ў праслухоўваньні тэлефонных размоў хлопцаў. Пачынаюць слухаць 8 траўня 2015 году. Чуваць, што хлопцы рыхтуюцца кудысьці пайсьці і нешта зрабіць, а графіці былі намаляваныя, паводле крымінальнай справы, ці 9 траўня, ці за гадзіну да таго дня. Атрымліваецца, што праслухоўваньне пачалося да таго, як былі нанесеныя малюнкі? Нават аўдыёфайлы ў справе называюцца «пошуг-1», «пошуг-2» — а менавіта словам «пошуг» хлопцы пазначалі сябе як ініцыятыву ў інтэрнэце. То бок для мяне відавочна, што іх распрацоўвалі як нейкую асабліва небясьпечную экстрэмісцкую групоўку. Хаця якія былі падставы? Толькі тое, што наперадзе былі выбары? І ў выніку мы бачым, што нічога не атрымалася, ідзе разбор нанясеньня звычайных графіці, якое максымум можна «нацягнуць» на хуліганства, калі яшчэ даказаць шкоду.

— З учорашняга вечара ідзе зачытваньне тамоў справы: вынікі шматлікіх экспэртыз, выманьне ёмістасьцяў з фарбай і гэтак далей. Пра што гэта сьведчыць?

— Збольшага гэта нармальныя працэсуальныя дзеяньні, калі падрабязна вывучаюцца ўсе пісьмовыя дакумэнты. Але што мы чуем у гэтым сьпісе? Вось сёньня даведаліся пра тое, як Вадзіма Жаромскага ў ізалятары дапытвалі без адваката апэратыўныя супрацоўнікі, размаўлялі без пратаколу, пагражалі, ціснулі, дамагаліся патрэбных адказаў — і потым гэтыя матэрыялы апынуліся ў матэрыялах справы. Асабіста я лічу гэта парушэньнем закону і мяркую, што суд не павінен браць такія доказы пад увагу, бо яны здабытыя з парушэньнем закону. Бо такія паказаньні ў СІЗА даваліся без адваката, невядома пры якіх абставінах.

— Чаму, як вы мяркуеце, суд зрабіў перапынак ажно да пятніцы, 29 студзеня?

— Ніяк не магу гэта пракамэнтаваць, бо судзьдзя нічога не патлумачыла, проста абарвала працэс і заявіла пра перапынак. Але згадваю, што за некалькі хвілін да гэтага ёй прынесьлі нейкую запіску, якую яна ўважліва прачытала і выразна паглядзела на супрацоўніцу суду. Але можа быць што заўгодна, ня буду гадаць.

— Ці спраўджваюцца вашы прагнозы адносна таго, што справа пачне рассыпацца?

Усё гэта можна было кваліфікаваць як адміністрацыйнае парушэньне максымум, ня траціць велізарныя сродкі, спагнаць шкоду і на гэтым спыніцца

— Магу ўпэўнена сказаць ужо цяпер, што першасная кваліфікацыя справы па артыкуле 339 частка 2, асабліва па эпізодзе аб графіці, абсалютна была прыцягнутая за вушы. Ніякае гэта не хуліганства, тым больш нельга казаць пра асаблівы цынізм у дзеяньнях, калі закрэсьлілі серп і молат. Гэта відавочнае перабольшваньне. З матэрыялаў справы добра бачная перадузятасьць сьледчых. Вось згадаем, пра што яны пыталіся: чаму гэта адбылося напярэдадні 9 траўня, чаму закрэсьлілі серп і молат — сымбалі краіны-пераможцы? То бок у мяне ўзьнікае сустрэчнае пытаньне: дык хто ж палітызаваў гэтую справу, хто спрабаваў адшукаць нейкі вялікі палітычны сэнс у зьяўленьні надпісаў? Памятаю і пра камэнтары са Сьледчага камітэту адразу пасьля арышту фігурантаў справы — што затрымалі групу, якая мяняла кватэры, мяняла прозьвішчы, у іх знайшлі пісталет і яшчэ там нешта, і што іх надпісы прапагандуюць гвалт. І ўсё гэта яшчэ да вынікаў экспэртызаў, да суду. То бок для сьледчых паняцьця «прэзумпцыя невінаватасьці» не існуе. А цяпер вынікае, што ў графіці няма ніякага экстрэмізму, і зьляпіць з хлопцаў нейкую тэрарыстычную групоўку таксама не атрымалася. Месцамі сьмешна слухаць — прыкладам, пра пластылін, пра лямпачкі. То бок усё гэта можна было кваліфікаваць як адміністрацыйнае парушэньне максымум, ня траціць велізарныя сродкі, спагнаць шкоду і на гэтым спыніцца. Але не, вырашылі зрабіць чарговую справу стагодзьдзя.

— Учора пацярпелы прадпрымальнік Масьленьнікаў, чые білборды пашкодзілі графіцісты, заявіў, што яму кампэнсавалі страты, у яго няма да хлопцаў прэтэнзіяў і ён просіць крымінальны перасьлед спыніць. Але судзьдзя ня вырашыла хадайніцтва, адклала гэта на пасьля. Гэта законна?

— Не, тут бы я патлумачыў рашэньне судзьдзі тым, што дзеяньні абвінавачаных кваліфікуюцца рознымі складамі, там ёсьць і 342 артыкул, пра злоснае хуліганства, прычым і розныя эпізоды: графіці плюс білборды. Таму, як я разумею, рашэньне судзьдзі палягае ў тым, каб заслухаць усіх удзельнікаў працэсу, усё вывучыць, а ўжо вырашыць пытаньне аб спыненьні вытворчасьці ў частцы 339 артыкула ў канцы працэсу. Бо 341 артыкул — гэта пашкоджаньне маёмасьці — застаецца ў любым разе, як мяркуе сьледзтва. Але я спадзяюся, што прысуд будзе адэкватны, ніякіх звышкараў ня будзе.

— Які можа быць прысуд?

— Калі спыняць хуліганства, а гэта мусяць зрабіць, бо ёсьць хадайніцтва, што чалавек гатовы прымірыцца і страты кампэнсаваныя, дык за псаваньне маёмасьці максымум тры месяцы арышту. Але застанецца 339 артыкул частка 2, гэта злоснае хуліганства, і там санкцыі сур’ёзныя, да 6 гадоў. Але ня думаю, спадзяюся, што па самым цяжкім абвінавачаньні справу спыняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG