Госьць чарговай перадачы «Інтэрвію тыдня» — былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб. Ён адказвае на пытаньне, навошта Палата прадстаўнікоў уручыла грамату міністру ўнутраных спраў Шуневічу, разважае пра тое, як і чаму ў міліцыі фармуецца клімат беспакаранасьці і ўсёдазволенасьці, аналізуе, чаму «справа патрыётаў» патрэбная ня столькі сілавікам, колькі палітычнаму кіраўніцтву, і тлумачыць, якія рэформы неабходна правесьці ў сілавых структурах. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.
— Апошнім часам у грамадзтве ідзе актыўная дыскусія наконт паводзін прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Ці ня кожны дзень дае падставы для новых спрэчак і абмеркаваньняў. Гэта і затрыманьне хлопца ў мэтро, і дыскусія паміж прэс-сакратаром МУС і блогерам, гэта і ўручэньне граматы міністру ўнутраных спраў Шуневічу Палатай прадстаўнікоў. Што кажа грамадзтву ўлада, уручаючы Шуневічу грамату за абарону правоў грамадзян?
— Апошнім часам МУС апынаецца ў цэнтры ўвагі СМІ, і далёка ня зь лепшага боку. І тым ня менш у гэты час Палата ўшаноўвае Шуневіча як барацьбіта за правы чалавека. Гэта выглядае не зусім добра. Але — які парлямэнт, такія яго і рашэньні. Парлямэнт у нас незаконны, ён не абраны, а прызначаны. А міністар Шуневіч абараняе іх, дэпутатаў, якія служаць аўтарытарнаму рэжыму. Таму ў іх ёсьць падставы яго ўшаноўваць, ён на іх баку. Сёньня парлямэнт фактычна з народам не зьвязаны, ён нелегітымны, гэта прызнана АБСЭ і другімі міжнароднымі арганізацыямі.
— 25 сакавіка на вуліцах Менску была дэманстрацыя сілы з боку міліцыі. Але міліцыя традыцыйна адказвае, што паводзіла сабе ідэальна, нікога не кранала — хоць відэакадры сьведчаць пра іншае. Што гэта — кругавая парука, гонар мундзіра? Можа, уладзе было б палітычна выгадна пакараць хоць калі-небудзь нейкага канкрэтнага міліцыянта?
— Сёньняшняя міліцыя служыць толькі аўтарытарнай уладзе, яна ніяк не зьвязаная з народам. Народ сам па сабе, міліцыя сама па сабе. На самым высокім узроўні ўсхваляюцца дзеяньні па брутальным разгоне міліцыяй мірных шэсьцяў. Кажуць — «у нас усё добра, нічога не было, нікога вадой не палівалі, агнём не палілі». Хоць затрыманыя былі нават людзі, якія ня мелі ніякага дачыненьня да тых дэманстрацый, а проста апынуліся ў пэўны час у пэўным месцы.
І гэтая падтрымка з боку ўлады цягне за сабой сьлед беспакаранасьці, усёдазволенасьці. Потым асобныя супрацоўнікі міліцыі даюць ілжывыя паказаньні ў судах. Яны выконваюць заданьне начальства і ведаюць, што даюць ілжывыя сьведчаньні, каб асудзілі невінаватага. Але яны на гэта ідуць.
— Але ж калі прымаюць на працу ў праваахоўныя органы, першым жа чынам ідзе прававая адукацыя — яны павінны ведаць, што такое закон і што нельга парушаць закон. Але чаму яны ідуць на адкрытае парушэньне закону? Няўжо яны думаюць, што гэтая сыстэма вечная і яны ніколі ня будуць пакараныя?
Я ня памятаю, каб хоць каго з супрацоўнікаў міліцыі за ілжывыя паказаньні прыцягнулі да адказнасьці.
— Іх начальства даручае ім гэта рабіць. І яны ведаюць, што калі выканаюць гэтае даручэньне, то будуць у любым выпадку апраўданыя. Ніхто да іх ніякіх прэтэнзій мець ня будзе. І яны маюць рацыю! Я ня памятаю, каб хоць каго з супрацоўнікаў міліцыі за ілжывыя паказаньні прыцягнулі да адказнасьці. І ў іх ёсьць падстава лічыць, што калі яны выканаюць любы загад кіраўніцтва, то будуць у яго ў ласцы і няма чаго баяцца.
— Каму патрэбная «справа патрыётаў»? Яна відавочна служыць прычынай пагаршэньня адносінаў Менску з Захадам. Няўжо сілавікам настолькі патрэбныя новыя пагоны, фінансаваньне, што такімі справамі яны павінны даводзіць сваю неабходнасьць?
— Я ня думаю, што гэта справа чыста сілавікоў. Я думаю, што гэтая справа робіцца паводле палітычнай замовы. Бо аўтарытарнаму рэжыму трэба шукаць ворагаў унутры краіны, і весьці зь імі барацьбу, і паказваць гэта насельніцтву. Тут, мне падаецца, сілавікі проста выконваюць той палітычны загад, які яны атрымалі.
— Вы казалі, што міліцыя ў Беларусі абараняе аўтарытарную ўладу. Але калі гэта адбылося, хіба гэта не было заўсёды? Хіба ў СССР міліцыя была «з народам»? А ў дэмакратычных краінах — хіба паліцыя не абараняе найперш існуючы палітычны лад?
— Па вялікім рахунку, шмат у якіх краінах паліцыя знаходзіцца на варце ўлады. Але калі гэтая ўлада дэмакратычная, абраная на свабодных выбарах насельніцтвам — то тады паліцыя, служачы ўладзе, адпаведна, служыць і народу. А ў нас у Беларусі ўлада знаходзіцца ў адных руках, няма свабодных выбараў — і гэта іншая справа. Дзе ўлада з народам, там і паліцыя з народам. А калі ўлада аўтарытарная, то служба гэтай уладзе па-іншаму павінна ацэньвацца.
— Калі пагаварыць пра матэрыяльнае забесьпячэньне МУС — выглядае, што там даўно не падвышалі заробкаў, і калі яшчэ некалькі гадоў таму заробкі ў міліцыі былі значна вышэйшыя за сярэдні, то цяпер такога няма. Чым гэта можна патлумачыць? Няўжо ўлада не баіцца незадавальненьня сілавікоў? Ці проста ўжо няма грошай нават на самае галоўнае?
— Тут усё прысутнічае. І недахоп грошай. І ўлада не настолькі баіцца, што гэтыя людзі ўчыняць нейкі бунт і выйдуць з падпарадкаваньня. Бо гэтым людзям дзявацца няма куды. Куды яны пойдуць, што яны зробяць? Гэта, канечне, не заробкі, калі параўноўваць іх зь іншымі краінамі сьвету. У нас яны недзе параўнальныя зь сярэднім заробкам па краіне. І многія супрацоўнікі скардзяцца, выказваюць незадавальненьне. Бо праца нялёгкая, не пачэсная сярод людзей — а яшчэ і за такія малыя грошы.
— То бок цяпер у міліцыю бяруць фактычна тых, хто трапіцца? Гэта значыць, вельмі зьнізіліся і крытэрыі адбору?
Чаргі сярод людзей, якія хочуць ісьці служыць у міліцыю, няма
— Так, наколькі я ведаю, у органах міліцыі ёсьць некамплект. Чаргі сярод людзей, якія хочуць ісьці служыць у міліцыю, няма. Асабліва ня хочуць туды ісьці жыхары гарадоў, жыхары сталіцы. Таму цяпер МУС фармуецца большай часткай з моладзі зь сельскай мясцовасьці. Людзі адслужылі ў войску, прыйшлі дадому — а там няма чаго рабіць, няма працы. Затое ёсьць магчымасьць паступіць у міліцыю, яны туды і ідуць.
— Якія кардынальныя перамены, пераўтварэньні патрэбныя ў сілавых структурах?
— Па-першае, трэба вызваліць органы ўнутраных спраў ад функцыяў, якія яны сёньня выконваюць, але якія ім не ўласьцівыя. Па-другое, трэба вызваліць міліцыю ад удзелу ў палітычнай дзейнасьці, разгону масавых акцый, перашкодаў апазыцыі і гэтак далей. Вядома, трэба рабіць структурную пераарганізацыю. Час пайшоў наперад, а органы ўнутраных спраў засталіся ў Савецкім Саюзе. Але пры сёньняшнім палітычным рэжыме гэта зрабіць немагчыма, таму мы будзем заставацца ў тым стане, у якім і знаходзімся.