Трэцякурсьніка Менскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжу Мікалая Логвінава могуць адлічыць з каледжу, як ён мяркуе, за грамадзка-палітычную актыўнасьць.
«Мяне ўжо не дапусьцілі да сэсіі», — сказаў Мікалай карэспандэнту Свабоды. Фармальнай падставай ён назваў тое, што за ім лічыцца немалая запазычанасьць па вучэбных адпрацоўках, якая ўзялася, на ягоную думку, неабгрунтавана.
Асноўная прычына прычэпак, паводле Мікалая, — ягоная грамадзкая актыўнасьць. У лютым сябра «Моладзі БНФ» браў удзел у першым мітынгу «недармаедаў», потым нёс вахту па абароне Курапатаў, у сакавіку агітаваў за Дзень Волі — раздаваў агітацыйныя матэрыялы на праспэкце Незалежнасьці, за што суд яго аштрафаваў.
«Мяне здала адміністрацыя каледжу. Бачыў паперу ў міліцыю, падпісаную дырэктарам, дзе сказана, каб зрабілі захады», — кажа Мікалай карэспандэнту Свабоды.
Яшчэ адзін канфлікт узьнік з прычыны неабыякавасьці навучэнца да парадкаў у самім каледжы. Сёлета Мікалай Логвінаў паскардзіўся ў Мінздраў на дрэнныя санітарныя ўмовы ў прыбіральнях.
«Прыехала праверка. Яны там асьвяжальнікамі ў паветра пырснулі, павесілі туалетную паперу. Але як праверка зьехала, дык прыбралі, і цяпер усё як раней. Адправіў яшчэ скаргу на мінулым тыдні, і тут даведаўся, што мяне не дапускаюць да сэсіі. Самі выкладчыкі сказалі, што мяне ўвогуле не дапусьцяць альбо заваляць на экзамэнах. І вось — не дапусьцілі. А сэсія ўжо хутка, на пачатку ліпеня», — кажа Мікалай Логвінаў.
Хлопец ня сам паведаміў у «Свабоду» пра свае праблемы — гэта зрабілі ягоныя сябры. Але на пытаньне карэспандэнта, ці ня супраць ён абнародаваньня ягонай гісторыі, адказаў: «Толькі за». Паводле Мікалая Логвінава, адміністрацыя нецярпіма ставіцца да тых навучэнцаў, якія бяруць удзел у апазыцыйным руху.
«Статут каледжу забараняе браць удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, дырэктар Генадзь Падгайскі пра гэта шмат казаў. Але чаму такія абмежаваньні? Гэта ж мае погляды, маю на іх права. Хутчэй за ўсё, калі я наведаю 22 чэрвеня чарговы мітынг, мне абвесьцяць вымову і адлічаць. Або, калі сэсія пачнецца, а мяне не дапускаюць, дык адлічаць нібыта за запазычанасьці», — мяркуе Мікалай пра блізкую будучыню.
Узяць камэнтар да сытуацыі з навучэнцам у дырэктара каледжу Генадзя Падгайскага не ўдалося — ён цяпер у адпачынку. Ягоны намесьнік Алесь Маслан абверг частку з таго, што казаў Мікалай Логвінаў.
«Па-першае, у нас няма такога паняцьця — „допуск да сэсіі“. Магчыма, што навучэнца не дапускаюць да пэўнага экзамэну, але гэта робіць не адміністрацыя, а выкладчык па дадзенай дысцыпліне. Пра ўдзел гэтага навучэнца ў нейкіх маршах ці іншых мерапрыемствах я ўвогуле ня ў курсе. Што да магчымага адлічэньня, дык калі ён атрымае тры і больш запазычанасьцяў паводле сэсіі, дык тады адлічэньне магчымае, а калі ня здасьць, скажам, толькі адзін прадмет, дык будзе прызначаны час на выпраўленьне. Але ведаю, што ён ужо зьвяртаўся, каб атрымаць даведку аб вучобе ў каледжы. Магчыма, каб потым вучыцца недзе ў іншым месцы. Мяркую, ён цяпер робіць усё магчымае дзеля гэтага».
Выкладчыца каледжу Валянціна Яцкевіч, куратарка групы, дзе вучыцца Логвінаў, пасьля размовы зь ім таксама зрабіла выснову, што далей вучыцца ў каледжы Мікалай ня хоча. Што да перасьледу за грамадзкую актыўнасьць, дык гэтага, паводле выкладчыцы, няма, хоць і без увагі такія факты не пакідаюць.
Тут у нас шмат вучыцца хлопцаў не гарадзкіх, зь вёсак прыехалі — што яны ведаюць? Навошта ім гэтыя паперкі раздаваць?
«Ведаеце, вось яго аштрафавалі за тое, што раздаваў нейкія паперкі. Гэта было. Але ня ведаю нават, каб ён атрымаў за гэта вымову. А вось што напрапускаў заняткаў і атрымаў вымову — гэта так. Пасьля таго штрафу яго ня тое што на ўлік паставілі, а проста сказалі мне, каб зь ім размаўляла, тлумачыла яму. Тут у нас шмат вучыцца хлопцаў не гарадзкіх, зь вёсак прыехалі — што яны ведаюць? Навошта ім гэтыя паперкі раздаваць? Гэта яму тлумачылі. Вось і сёньня тлумачыла яму наконт вучобы, каб працягваў, бо калі сыдзе, дык нават атэстату аб сярэдняй адукацыі ў яго ня будзе. Але ён ня слухае. Аказалася, што напрапускаў шмат, і калі не паздае экзамэнаў, дык сапраўды будзе пастаўленае пытаньне аб адлічэньні. А шкада, хлопец здольны, па маім прадмеце ў яго вельмі добра», — сказала куратарка Валянціна Яцкевіч.
Між тым Мікалай Логвінаў настойвае, што гэта не ягонае нежаданьне далей вучыцца стала прычынай праблемаў, якія прывялі на мяжу адлічэньня.
Пакуль была практыка, мне налічылі платных адпрацовак, цяпер іх назьбіралася ўжо больш як на 400 рублёў. Адкуль узяць такія грошы?
«Калі б была магчымасьць, я б усё паздаваў, але як? Ціск пачаўся зь лютага, пасьля таго маршу. Пакуль была практыка, мне налічылі платных адпрацовак, цяпер іх назьбіралася ўжо больш як на 400 рублёў. Адкуль узяць такія грошы? На гэтым тыдні яшчэ да аднаго экзамэну не дапусьцяць, дакладна ведаю».
Вось што сказаў пра стаўленьне адміністрацыі каледжу да актывістаў розных арганізацый навучэнец 4 курсу Мікіта Краснакуцкі:
«Тут у асноўным дзейнічае БРСМ, які праз стаўленьне адміністрацыі зьяўляецца гэткім манапалістам. Я быў першым, хто ўступіў у арганізацыю „Моладзь БНФ“, пасьля далучыўся Мікалай Логвінаў, потым яшчэ адзін хлопец, і цяпер пра нас таксама вядома. Нас ужо выклікалі да дырэктара, і той пытаўся, чаго гэта з-за вас каледж гучыць у мэдыях? Прапаноўваў зьдзелку: вы не чапаеце каледж, мы не чапаем вас. Але мы проста мусім расказваць пра тое, што тут адбываецца».
У 2017 годзе на Дзень Волі 25 сакавіка і падчас мітынгу салідарнасьці з затрыманымі, які адбыўся 26 сакавіка, быў затрыманы студэнт Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка Крысьціян Шынкевіч. Неўзабаве яго адлічылі нібыта за пропускі заняткаў. У 2016 годзе з БДУ адлічылі студэнта Пятра Маркелава, які таксама вызначыўся грамадзка-палітычнай актыўнасьцю.
9 чэрвеня 2017 года Пётар Маркелаў зьвярнуўся з пэтыцыяй да міністра адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі і рэктараў пяці ВНУ краіны, дзе адлічалі студэнтаў за палітычную дзейнасьць. У сваім звароце Пётар Маркелаў заклікаў спыніць адлічэньні студэнтаў за іх актыўнасьць у палітычных і грамадзкіх арганізацыях, гарантаваць студэнтам права на свабоду выказваньня меркаваньняў і права на мірныя сходы, неадкладна аднавіць усіх адлічаных раней актывістаў.
«Мой выпадак не адзіны. Акрамя мяне, за апошнія два гады з розных унівэрсытэтаў краіны адлічылі Дарʼю Якуш, Глеба Вайкуля, Юрася Лукашэвіча, Крысціяна Шынкевіча, Арцёма Кавалёва, Алену Кісель, Настасьсю Пілюгіну, Алену Дзянішчыц, Вячаслава Панасюка, Марыю Рабкову, Ігара Неліповіча і іншых. Шмат хто зь іх вучыўся ў БДУ — самым вялікім унівэрсытэце ў Беларусі», — напісаў у пэтыцыі былы студэнт БДУ Пётар Маркелаў.