Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў безь Міхася Раманюка


Міхась Раманюк
Міхась Раманюк

4 верасьня 1997 году ня стала Міхася Раманюка. Мінула 20 гадоў без найбуйнейшага знаўцы, дасьледчыка і захавальніка беларускай аўтэнтычнай культуры. Чалавека, які яшчэ пры жыцьці быў узорам, легендай для рупліўцаў беларускай справы. Да Міхаcя Фёдаравіча цягнулася нацыянальна арыентаваная моладзь. Яго, істотна маладзейшага, паважалі нашмат старэйшыя навукоўцы і людзі мастацтва.

Чым ён быў прыцягальны? Перадусім сваёй апантанасьцю ў любові і павазе да каранёў, да сапраўднасьці. Ягоная любоў да Бацькаўшчыны не была патаснай, гэта цяпер пра яе мы можам пісаць як пра подзьвіг. У Раманюка яна была натуральнай, я нават сказаў бы? звыклай, будзённай. Ён зь ёю жыў, працаваў. Ён выпраўляўся, часьцей за ўласныя грошы, у шматлікія экспэдыцыі па вёсках Беларусі, зьбіраў, фатаграфаваў, запісваў размовы зь людзьмі, а пасьля на гэтай падставе рэканструяваў народнае адзеньне. Стаў стваральнікам сцэнічных строяў для прафэсійных і самадзейных мастацкіх калектываў, кансультантам мастацкіх фільмаў. Папулярызаваў як толькі мог аўтэнтычную беларускую культуру.

З гэтым фантастычным чалавекам мяне, тэатразнаўцу і крытыка, лёс зьвёў некалькі разоў. Упершыню — калі ён заснаваў і стаў галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва Беларусі», а я быў сярод першых аўтараў. Ужо праз год выданьне стала вельмі аўтарытэтным і вельмі беларускім. У рэдакцыі, куды я часта заходзіў, была наладжаная сапраўдная беларуская і вельмі цёплая атмасфэра. Там гаварылі па-беларуску, там прыярытэтнымі былі артыкулы, якія ацэньвалі мастацкія творы перадусім з пазыцыяў іхнай каштоўнасьці для беларускай культуры. Наступным разам лёс зьвёў мяне зь Міхасём Фёдаравічам у Акадэміі мастацтваў, дзе я працаваў на катэдры гісторыі і тэорыі мастацтваў, якую ён ачольваў. І тут узьнікла тая самая атмасфэра беларушчыны, існавалі тыя ж самыя прыярытэты. Зрэшты, там, дзе быў, дзе працаваў Раманюк, іншага і не магло быць.

Менавіта зь ягонай згоды, пры ягонай падтрымцы я змог на пачатку 1990-х гадоў перарабіць праграму курсу «Гісторыя замежнага тэатру», якая паглынула раней самастойны курс «Гісторыі расейскага тэатру». Менавіта на гэтай катэдры мы разглядалі беларускае мастацтва ў кантэксьце разьвіцьця нацыянальнай культуры і як частку мастацтва ўсясьветнага.

Трэці раз нас лёс зьвёў ужо на побытавым узроўні, калі мы будавалі свае лецішчы ў Астрашыцкім гарадку. На пачатку будаўніцтва ў нас нават былі адны і тыя ж майстры. І ягоныя кансультацыі для мяне, зусім далёкага ад гэтай справы, былі надзвычай каштоўнымі. Ён і тут быў спэцыялістам.

Людзям беларускай культуры і мастацтва майго пакаленьня шмат што помніцца пра Міхася Фёдаравіча.

Сёньня ж я запытаўся ў некаторых маіх маладых калегаў, якія так ці інакш заангажаваныя ў беларускую журналістыку, культуру, ці ведаюць яны, хто такі Міхась Раманюк? Адказы былі шчырымі — не. Шкада, хоць я і разумею, што гэта ня іхная віна. Час няўмольна імклівы. Час заўсёды і паўсюль, як ураган, вынішчае традыцыйную культуру. У Беларусі апошніх дзесяцігодзьдзяў ён асабліва зьнішчальны для нацыянальных каштоўнасьцяў. Зьнішчае ён, натуральна, і памяць пра тых, хто прысьвяціў жыцьцё захаваньню і разьвіцьцю гэтай культуры.

Таму хочацца яшчэ раз нагадаць тое, што зрабіў адзін чалавек (ня цэлы інстытут) хоць бы скупымі энцыкляпэдычнымі радкамі: «Плёнам ягоных экспэдыцыяў сталі больш за 130 рэканструкцыяў традыцыйных строяў беларусаў. Збор і архіў Міхася Раманюка налічвае больш за 100 000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі; падарожныя дзёньнікі складаюць дзясяткі тамоў. Важная частка шматгадовай творчай дзейнасьці Міхася Раманюка — артыкулы і ілюстрацыі ў энцыкляпэдыях: «Беларуская савецкая энцыкляпэдыя», «Энцыкляпэдыя літаратуры і мастацтва Беларусі», «Этнаграфія Беларусі». Дадам таксама, што асабіста я лічу ягоныя кнігі-альбомы «Беларускія народныя строі» і «Беларускія народныя крыжы», а таксама паштовыя маркі зь ягонымі малюнкамі беларускіх строяў, сапраўднымі шэдэўрамі. Гэтым можа ганарыцца любая нацыя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG