Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я не гатовая ўсё жыцьцё пражыць у такой Расеі — юрыст Фонду Навальнага Любоў Собаль


Любоў Собаль
Любоў Собаль

Часта здаецца, што Расея — гэта краіна матаролаў і залдастанавых, у ёй ужо нічога не паправіць і няма на каго спадзявацца.

27-гадовая Любоў Собаль, палітык і юрыст «Фонду барацьбы з карупцыяй» Аляксея Навальнага, адмовілася ад прадказальна пасьпяховай кар’еры ў міжнароднай карпарацыі. Цяпер яна выкрывае буйныя карупцыйныя афёры, арганізуе грамадзянскія форумы, уваходзіць у Каардынацыйную раду расейскай апазыцыі і партыю «Народны альянс».

За гучнымі расьсьледаваньнямі, якія Аляксей Навальны публікуе ў сваім блогу, стаіць карпатлівая праца некалькіх людзей, сярод якіх — Любоў Собаль.

Я сказала: «Аляксей, я вельмі рада, што пазнаёмілася з вамі, пакуль вас не пасадзілі і не забілі».

Калі я прыйшла на першую гутарку, галоўным пытаньнем Аляксея было: «Ці гатовая ты, што цябе могуць пасадзіць, што будзе ціск — ад „крамлёўскіх блогераў“, якія будуць цябе абражаць у інтэрнэце, публікаваць фатажабы з тваім удзелам, да таго, што супраць цябе адкрыюць крымінальную справу і будуць пагражаць фізычнай расправай?»

Калі я сыходзіла з гутаркі, я сказала: «Аляксей, я вельмі рада, што пазнаёмілася з вамі, пакуль вас не пасадзілі і не забілі». Ён тады пасьмяяўся.

А праз чатыры гады мы жывем у такой рэальнасьці, што ў Аляксея Навальнага дзьве судзімасьці, ягоны брат — у папраўчай калёніі, а Нямцоў забіты. Мы хутка пераадолелі адлегласьць ад этапу, калі гэта падавалася сьмешным і далёкім, да таго, як гэта стала нашай рэальнасьцю.

Быў момант, калі за тыдзень завялі чатыры крымінальныя справы ў дачыненьні да Аляксея, зьвязаныя зь яго выказваньнем стасоўна выбараў у Дзяржаўную Думу. Натуральна, калі яны так штампуюцца, ужо зьяўляецца імунітэт, і ты рэагуеш ня так востра, як нармальны чалавек зрабіў бы ў звычайным жыцьці.

Я працавала ў судзе, і там быў адзін сумленны судзьдзя. Калі я вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе Навальнага, я вучылася на пятым курсе юрыдычнага факультэту МДУ. Зь дзяцінства марыла стаць юрыстам і адвакатам, чытала працы дарэвалюцыйных юрыстаў і пракурораў... была проста юрыдычнай фанаткай!

Да ўнівэрсытэту я год працавала ў раённым судзе Масквы. Гэта адзін з самых карумпаваных судоў. Я туды трапіла, яшчэ не разумеючы, як працуе судовая сыстэма. І зразумела, што не хачу працаваць там ані зь якага боку: ні з боку суду, ні з боку адваката, ні з боку пракурора. Лепш з гэтай сыстэмай увогуле ніякім чынам не сутыкацца, таму што ўсе ў той ці іншай ступені павязаныя з карупцыяй, бяспраўем, зь немагчымасьцю для людзей задаволіць свае правы, абараніць свае інтарэсы. У суседніх з маім кабінэтах разглядаліся сотні спраў у дачыненьні да ўраду Расейскай Фэдэрацыі, і ніводнай справы грамадзянін ня выйграў.

Мне дагэтуль дапамагае той досьвед. У суд я вяртацца не хачу. На пятым курсе я ўжо пачала задумвацца, што буду рабіць пасьля, і акурат у мяне была здагадка, што я буду працаваць у карпаратыўнай сыстэме, можа ў філіяле міжнароднай юрыдычнай кампаніі.

Я была першым юрыстам праекту «РосПіл», першым чалавекам, якога Навальны набраў па, груба кажучы, адкрытым конкурсе ў інтэрнэце. Ён апублікаваў пост, што яму патрэбны юрыст, які будзе займацца кантролем расходу сродкаў праз тэндэрную сыстэму, каб выяўляць карупцыйны пакет схемаў.

Але я цікавілася грамадзка-палітычным становішчам, і сачыла за публікацыямі, якія выходзілі ў блогу Аляксея Навальнага. І калі ён абвясьціў, што хоча наняць сабе юрыста, які б зь ім змагаўся за народную справядлівасьць, мне гэта вельмі спадабалася. Я была гатовая нават бясплатна пайсьці папрацаваць у яго, каб набрацца досьведу.

Я падала рэзюмэ і выканала конкурсныя патрабаваньні: трэба было знайсьці карупцыйны тэндэр, напісаць скаргу і выйграць яе. У мяне атрымалася.

І вось з моманту майго прыходу да Аляксея ў якасьці супрацоўніка (гэта быў сакавік 2011 году) за некалькі гадоў была створана вялікая структура — Фонд барацьбы з карупцыяй. Цяпер у нас ёсьць розныя аддзелы, мы займаем даволі вялікі офіс у бізнэс-цэнтры. І праца кіпіць, усё разьвіваецца.

Сярэдняе ахвяраваньне — 500 рублёў. Фонд фінансуюць прыватныя асобы, якія дасылаюць невялікія ахвяраваньні. Думаю, што цяпер сярэдняе ахвяраваньне ад аднаго чалавека складае каля пяцісот-васьмісот рублёў. Пераважна ахвяруюць грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі

Звычайна юрыдычныя асобы баяцца «сьвяціцца» ў афіцыйных дакумэнтах, каб не было ўвагі з боку сілавых структураў. Ад замежных грамадзянаў мы самі не бяром грошай, бо ня хочам называцца «замежнымі агентамі». Калі нам паступаюць ад нерэзыдэнтаў грошы, то мы іх вяртаем. Інакш мы павінны падаваць заяву ў Мін’юст на прызнаньне нас «замежным агентам», падаваць дадатковую кучу справаздачаў. Гэта ня толькі непрыемны статус, але і дадатковы юрыдычны цяжар для арганізацыі, і мы проста вырашылі з гэтым ня зьвязвацца.

Знакамітую фразу Навальнага «Крым не бутэрброд, яго нельга туды-сюды вяртаць» я зразумела так: нельга вырашаць лёс народу так, што «сёньня вы тут, а заўтра вы там». Гэта павінна абмяркоўвацца і павінна нейкім дыпляматычным шляхам адбывацца рэгуляваньне канфлікту, які ўзьнік, у тым ліку трэба ўлічваць і меркаваньне людзей, якія там жывуць. Нельга валюнтарысцкім рашэньнем любога палітыка, ці гэта Пуцін, ці Навальны, вырашаць лёс народа. Для мяне гэтая фраза азначала менавіта гэтае. Нехта трактаваў яе па-свойму. Што канкрэтна меў на ўвазе Аляксей, ведае толькі ён сам.

Пракрамлёўскія СМІ часта зьвінавачвалі Навальнага ў нейкім важдзізьме, а-ля «ён заменіць Пуціна», але пры гэтым якасьці Пуціна прысвойвалі яму. Але гэта альбо хлусьня, альбо нейкае скажэньне. Насамрэч Аляксей вельмі дэмакратычны чалавек, і вельмі лёгка зь ім працаваць.

У нас вялікая арганізацыйная структура, але няма начальнікаў і кіраўнікоў, а ёсьць каардынатары праектаў. Нават на ўзроўні гэтых назваў паказваецца, што ў нас вітаецца свабода меркаваньняў, а кожны чалавек можа займацца тым праектам, які яму падабаецца.

Аляксей выступае хутчэй не начальнікам, а ідэйным натхняльнікам. Ён удзельнічае ў лятучках, выказвае свае меркаваньні. Пры гэтым у яго няма татальнага кантролю за датамі. У нас абсалютна вольны графік працы. Усе, хто працуе ў Фондзе, працуюць больш за сорак належных гадзін у тыдзень, але пры гэтым робяць гэта абсалютна добраахвотна. Выходзяць працаваць і ў суботу, і ў сьвяты, і застаюцца ўвечары да позьняга.

Гэта дае свой плён: Фонд барацьбы з карупцыяй цяпер самая вядомая некамэрцыйная арганізацыя ў Расеі і, напэўна, такая, якая працуе найбольш эфэктыўна.

Асноўны кірунак дзейнасьці «РосПіла» і «ФБК» — гэта кантроль за ажыцьцяўленьнем дзяржаўных закупаў, расходам бюджэтных сродкаў праз тэндэрную сыстэму, праз аўкцыённыя конкурсы.

Больш за 90 працэнтаў нашых расьсьледаваньняў грунтавалася на інфармацыі, якую мы атрымалі з адкрытых крыніцаў. Шляхам аналізу Агульнафэдэральнага сайта дзяржзакупаў, тэндэрнай дакумэнтацыі, дзяржаўнага кадастру, дэклярацыяў чыноўнікаў. Мы аналізавалі нерухомасьць, якой чыноўнікі валодаюць і якую яны не запісалі ў свае дэклярацыі. Бралі нейкую нітачку, пачыналі ўсё раскручваць.

Напрыклад, цяпер я расьсьледую, як разьмяркоўваюцца тэндэры на вываз сьмецьця з Масквы. Уся Масква падзеленая на некалькі адміністрацыйных акругаў. Кожная за дзесяць гадоў на вываз сьмецьця траціць дваццаць мільярдаў рублёў. Гэта вялізныя грошы. Яны несупастаўныя з рынкавымі коштамі.

А ўсе замовы выйгралі пяць кампаніяў. І належаць яны Абрамовічу (Раман Абрамовіч — мільярдэр, уваходзіць у дзясятку самых заможных людзей Расеі, экс-губэрнатар Чукоцкай вобласьці — РС), Цімчанку (Генадзь Цімчанка — расейскі бізнэсмэн, сябар Уладзімера Пуціна — РС) і іншым высокапастаўленым алігархам, якія аддаюць гэтыя працы на субпадрад дробным кампаніям, тым самым вырашаючы, хто з прадпрымальнікаў застанецца ў гэтым бізнэсе. А самі здымаюць маржу, як вяршкі, з гэтых тэндэраў.

Гэта нішчыць бізнэс, канкурэнцыю і не дазваляе прадпрымальнікам паўдзельнічаць у адкрытым гандлі.

Як павінен праходзіць тэндэр? Выстаўляецца адкрытая заяўка. Усе прадпрымальнікі на адкрытых умовах канкуруюць паміж сабой, і той, хто прапанаваў лепшыя ўмовы, заключае дзяржкантракт, выконвае патрэбную для горада працу і атрымлівае за гэта бюджэтныя грошы.

Карупцыі шмат, да яе звыкаюць. У 2010-м я чытала ў блогу Навальнага расьсьледаваньне пра «Транснафту» («Транснафта» — манапольны апэратар магістральных нафтаправодаў Расеі. — РС), якая незаконна растраціла сто сорак мільёнаў, у тым ліку бюджэтных сродкаў, на працы, якія фактычна не выконваліся.

Інфармацыя пра пастаянную карупцыю прыядаецца нават актывістам і СМІ

Сто сорак мільёнаў! Тады гэта ўзарвала інтэрнэт, пра гэта ўсе пісалі.

А нядаўна апублікавалі інфармацыю, што «Аэраэкспрэс» (расейская транспартная кампанія. — РС), афіліяваны з кіраўніцтвам Расейскай чыгункі, незаконна атрымліваў зь бюджэту больш за мільярд рублёў. І гэта практычна нікога не кранула! Сума нашмат большая, але інфармацыя пра пастаянную карупцыю прыядаецца нават актывістам і СМІ.

Калі проста напісаць сухі закон, то наўрад ці хто зьверне на гэта ўвагу. Напрыклад, у нас ёсьць праект «Дачы». Мы езьдзім разам з актывістамі і валянтэрамі на дачы чыноўнікаў, якія яны не задэкляравалі. З паветра робім фатаздымкі і распаўсюджваем іх у інтэрнэце.

Трэба прыдумляць новыя спосабы, каб вяртаць на парадак дня барацьбу з карупцыяй. Калі зрабіць якасную, яскравую кампанію, нават сярод сваіх актывістаў, то гэта дасьць штуршок пазытыву, інфармацыя разыдзецца, будзе цікавая і запатрабаваная.

Я не гатовая ўсё жыцьцё пражыць у такой Расеі. Мне хочацца пажыць у нармальнай краіне, з законамі, якія нармальна дзейнічаюць, дзе я буду адчуваць абароненасьць сваіх правоў і свабодаў, ведаць, што маё меркаваньне грамадзяніна можа на нешта паўплываць. Мне хочацца, каб гэта ўсё памянялася. Я ўпэўнена, што рана ці позна гэта адбудзецца. Будзе гэта праз год, ці празь дзесяць гадоў, ці праз дваццаць гадоў, ці заўтра — сказаць вельмі цяжка. Але мы робім усё, каб гэты дзень наблізіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG