Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнік Нямцова прапанаваў зрабіць Крым агульным для Ўкраіны і Расеі


Расейскі апазыцыянэр, адзін зь лідэраў партыі «РПР-Парнас» Ільля Яшын лічыць, што крымскае пытаньне можна вырашыць шляхам адначасовага распаўсюджаньня сувэрэнітэту Ўкраіны і Расеі на паўвостраў.

Як перадае карэспандэнт УНІАН, пра гэта Яшын сказаў у Кіеве падчас прэзэнтацыі дакладу аб ваенным канфлікце на ўсходзе Украіны «Пуцін. Вайна».

На думку Яшына, каб вырашыць праблему Крыму ў міждзяржаўных адносінах, неабходна, каб у Расеі зьмяніўся палітычны рэжым.

«Мы выдатна разумеем, што пакуль Пуцін знаходзіцца ва ўладзе, Крым будзе прычынай канфлікту ў расейска-ўкраінскіх адносінах. Гэта факт. Пакуль Пуцін знаходзіцца ў Крамлі, пакуль Пуцін знаходзіцца ва ўладзе, мы вырашыць гэтую праблему ня зможам. Гэтую праблему давядзецца вырашаць новым расейскім уладам, якія так ці інакш прыйдуць на зьмену Пуціну. Крым быў далучаны да Расеі крымінальным шляхам. Фактычна гаворка ішла аб акупацыі», — сказаў Яшын.

Разам з тым ён зьвярнуў увагу, што ў Крыме было шмат людзей, якія падтрымлівалі дзеяньні Пуціна.

«Цалкам ігнараваць пазыцыю гэтых людзей вельмі небясьпечна, гэта можа прывесьці да праліцьця крыві», — лічыць апазыцыянэр.

На яго думку, галоўнае ў будучых перамовах паміж украінскімі і расейскімі ўладамі палягае ў тым, каб, з аднаго боку, — не дапусьціць праліцьця крыві, а з другога — каб сапраўды дасягнуць кампрамісу.

«Я цалкам дапускаю, што адным з варыянтаў выхаду з гэтага крызісу можа быць стварэньне такой тэрыторыі ў Крыме, на якую б распаўсюджваўся сувэрэнітэт Расеі і сувэрэнітэт Украіны, калі гэта задаволіць нашых украінскіх сяброў і калі гэта гарантуе, што кроў ня будзе пралівацца», — адзначыў Яшын.

Ён выказаў упэўненасьць, што калі гэты варыянт будзе станоўча ўспрыняты ўкраінскім грамадзтвам, тады магчыма будзе пераканаць расейскае грамадзтва ў прымальнасьці такога кампрамісу.

Пры гэтым Яшын лічыць вельмі важнымі ўмовы, на якіх будзе вырашацца крымскае пытаньне, але яны на сёньняшні дзень ня створаныя.

Заходнія краіны не прызнаюць правы РФ на Крым і ў сувязі з гэтым увялі санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, бізнэсоўцаў і фірмаў.

Варта адзначыць, што сярод расейскай апазыцыі няма адзінства ў пытаньні будучага лёсу Крыму. У кастрычніку летась адзін з самых вядомых лідэраў расейскай апазыцыі Аляксей Навальны заявіў: «Давайце ня будзем падманваць сябе. І ўкраінцам я моцна раю таксама не падманваць сябе. Крым застанецца часткай Расеі і больш ніколі ў агляднай будучыні ня стане часткай Украіны».

Неўзабаве былы палітвязень Міхаіл Хадаркоўскі пракамэнтаваў у Twitter выказваньні Навальнага: «У галоўным мы саюзьнікі. Праблема Крыму цяпер на дзесяцігодзьдзі. Гістэрыка скончыцца — усе зразумеюць».

На прамое пытаньне аднаго з карыстальнікаў Twitter, ці аддасьць ён Крым у выпадку свайго гіпатэтычнага прэзыдэнцтва, Хадаркоўскі адказаў гэтак жа прама: «Я — не».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG