У чацьвер, 9 красавіка, Палата прадстаўнікоў на пленарным паседжаньні разгледзіць законапраект «Аб барацьбе з карупцыяй». Яго прадставіць Генэральны пракурор краіны Аляксандар Канюк.
Сярод значных навацыяў — увядзеньне мэханізму вяртаньня дзяржаве незаконнага абагачэньня дзяржаўнымі служачымі. Таксама прадугледжваецца забарона паўторнага прыёму на дзяржаўную службу людзей, якіх звольнілі зь яе па дыскрэдытацыйных матывах. А чыноўнікам хочуць забараніць займацца бізнэсам і мець рахункі ў замежных банках.
Акрамя таго, згодна з праектам закону, чыноўнікам будзе забаронена «выконваць зьвязаныя са службовай (працоўнай) дзейнасьцю ўказаньні і даручэньні палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб’яднаньня, сябрам якой ён ці яна зьяўляецца».
Як сказаў журналістам тыдзень таму ў Палаце прадстаўнікоў міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, менавіта ягонае ведамства выяўляе найбольшую колькасьць (80%) карупцыйных спраў. Найбольшая колькасьць злачынстваў прыпадае на чатыры галіны — ахова здароўя, дзяржаўнае кіраваньне, прамысловасьць і будаўніцтва. А найбольш спакусьлівым для чыноўнікаў стаў хабар пры дзяржаўных закупках.
Юрыст Гары Паганяйла прагназуе, што зьмены ў заканадаўства ня зробяць чыноўнікаў больш падкантрольнымі:
«Чынавенства цудоўна разумее, што яно адбудаванае паводле прынцыпу ляяльнасьці да гаспадара, пасаджанае на кармленьне. І корміцца. У Беларусі ствараецца толькі бачнасьць барацьбы з карупцыяй. Насамрэч ні ўрад, ні кіраўнік дзяржавы, ні дэпутаты, ні праваахоўныя органы не вырашаюць праблему барацьбы з карупцыяй».
Многія незалежныя экспэрты адзначаюць, зь якой высокай актыўнасьцю дзяржаўныя чыноўнікі прапагандуюць антыкарупцыйныя захады ўладаў. Яны мяркуюць, што кампанія барацьбы з карупцыяй спэцыяльна «падвязаная» да прэзыдэнцкіх выбараў.