Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прычыны і наступствы новай кампаніі барацьбы з карупцыяй?


Беларускія ўлады рыхтуюць новыя заканадаўчыя акты па барацьбе з карупцыяй. Чаму гэтая тэма раптам актуалізавалася? Якія задачы імкнецца вырашыць Аляксандар Лукашэнка кампаніяй барацьбы з карупцыяй? Якія яна будзе мець наступствы для намэнклятуры?

Удзельнікі: старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Чаму актуалізавалася кампанія барацьбы з карупцыяй?

Валер Карбалевіч: «Апошнім часам тэма барацьбы з карупцыяй з вуснаў Лукашэнкі гучыць увесь час. У выступе з пасланьнем у Нацыянальным сходзе тэме карупцыі быў прысьвечаны цэлы разьдзел. Ён нават даручыў падрыхтаваць адмысловы даклад па гэтым пытаньні.

Падаецца, што і ўзровень асобаў, адносна якіх чыняцца рэпрэсіі, павысіўся. Арыштавалі кіраўнікоў канцэрнаў — Беллегпраму, Белнафтахіму, а таксама старшыню Белспажыўсаюзу. Гэта амаль міністры. Трапілі пад раздачу намесьнік генэральнага пракурора, намесьнік старшыні гомельскага аблвыканкаму. Вось мінулым тыднем Лукашэнка правёў адмысловую нараду па ўдасканаленьні заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.

Што ўсё гэта значыць? Або чыноўнікі больш сталі красьці? Ці праваахоўныя органы сталі больш прынцыповымі? Ці нейкая палітычная мэтазгоднасьць узьнікла, каб актуалізаваць гэтую тэму?»

Аляксандар Ярашук: «Гэта ня толькі піяр-кампанія, скіраваная на прэзыдэнцкія выбары, але і палітычная неабходнасьць. Паводле ацэнак Transparency International, Беларусь займае 128-е месца ў сьвеце па ўзроўні карупцыі. Дзесьці побач там месьцяцца Расея і Ўкраіна. Лепшага паказчыка мы дасягнуць ня можам. Бо ў той беларускай эканамічнай сыстэме, у якой дзяржава дамінуе ў эканоміцы, па-іншаму і ня можа быць. Бо такая сыстэма спрыяе карупцыі. І Лукашэнка ня будзе ў барацьбе з карупцыяй пераможцам. Ды ён асабліва і не імкнецца да гэтага. Бо ў выпадку перамогі гэта выкліча незадавальненьне намэнклятуры. Толькі рынкавыя рэформы, сыход дзяржавы з эканомікі могуць зьменшыць карупцыю».

Аляксандар Класкоўскі: «Сапраўды, сама сыстэма спараджае карупцыю. Калі ад чыноўніка залежыць дазвол на цыркуляваньне вялікіх плыняў грошай, то ў яго заўсёды будзе спакуса. Таму перамогі над карупцыяй ня можа быць.

Я, можа, скажу непапулярную рэч, але я скептычна стаўлюся да таго месца Беларусі ў індэксе карупцыі, які дае Transparency International. Дакладна гэта называецца „Індэкс успрыманьня карупцыі“, і ён грунтуецца на ацэнцы экспэртаў, у тым ліку замежных. І, я думаю, пры ўкладаньні гэтага індэксу ёсьць момант дэманізацыі рэжыму Лукашэнкі. Бо ўсё ж такі ставіць Беларусь паводле карупцыі на адзін узровень з Расеяй і Ўкраінай ня варта. Бо, напрыклад, такога маштабу страсаньня хабару сярод мытнікаў, даішнікаў, як там, у нас няма.

Якія прычыны новага этапу барацьбы з карупцыяй? Найперш, эканамічны чыньнік. Лукашэнка паабяцаў давесьці сярэдні заробак у краіне ў 2015 годзе да 1000 даляраў, але выканаць ня зможа. І калі пачне валіцца расейская эканоміка ад заходніх санкцыяў, то могуць зьменшыцца рэсурсы падсілкоўваньня беларускай эканомікі з боку Масквы. І як утрымаць эканамічную сытуацыю ў краіне? І замясьціць гэтую праблему Лукашэнка хоча тэмай барацьбы з карупцыяй.

Другі чыньнік — украінскі. Лукашэнка, у адрозьненьне ад расейскай прапаганды, лічыць, што прычынай Майдану і наступных падзеяў ва Ўкраіне былі распад эканомікі і карупцыя. І робіць адпаведныя высновы адносна Беларусі, і даводзіць гэта чыноўнікам.

Трэці чыньнік. Лукашэнка баіцца, што калі намэнклятурныя кланы набяруць моцы, то гэта створыць небясьпеку для ягонай улады. Таму ён рэгулярна падстрыгае галовы гэтай гідры».

Якія будзе мець наступствы для намэнклятуры кампанія барацьбы з карупцыяй?

Карбалевіч: «Ці не падаецца вам, што барацьба з карупцыяй пачынае ператварацца ў барацьбу з чынавенствам, з намэнклятурай? Вось з заяваў прэм’ера Мясьніковіча вынікае, што ўзгоднены прэзыдэнцкі ўказ, які ставіць у жорсткія рамкі чыноўнікаў. Мусіць, гаворка ідзе пра той заканадаўчы акт, які ня так даўно Лукашэнка назваў увядзеньнем

прыгоннага права. Чыноўнікам будзе забаронена пяць гадоў займаць кіроўныя пасады, калі хто дрэнна працаваў на папярэдняй пасадзе. З словаў Лукашэнкі на нядаўняй нарадзе вынікае, што плянуецца замацаваць магчымасьць канфіскацыі маёмасьці службовай асобы, якая відавочна перавышае даходы, атрыманыя з законных крыніц.

Вельмі паказальная гісторыя з старшынём канцэрну „Белнафтахім“ Жыліным. Топ-мэнэджэра кампаніі, якая прыносіць бюджэту асноўныя даходы, 70-гадовага чыноўніка арыштавалі за тое, што ён па службовым тэлефоне вёў прыватныя размовы. Гэта як скрыня цьвікоў у Шушкевіча. Што гэта значыць і якія могуць быць наступствы? Ці можна такім чынам прымусіць чыноўнікаў лепш працаваць? Ці можа гэтая кампанія выклікаць незадавальненьне намэнклятуры?»

Ярашук: «Ня думаю, што гэтая кампанія зойдзе далёка. Можа і будзе прыняты нейкі жорсткі ўказ, але ня трэба да ўсяго гэтага ставіцца сур’ёзна. Бо існуе рэальная праблема з кадрамі.

Вось вы ўзгадалі гісторыю з Жыліным. Я трохі больш пра яго ведаю, бо ён узначальваў прадпрыемства „Азот“ і канцэрн „Белнафтахім“. А на гэтым прадпрыемстве і ў канцэрне якраз існуюць нашы прафсаюзныя арганізацыі. Ён пачаў наводзіць элемэнтарны парадак, рабіць рынкавыя крокі, у прыватнасьці ладзіць аўтсорсінг (то бок — выдаленьне з асноўнай вытворчасьці дапаможных службаў). У выніку ў яго ўзьнікла шмат ворагаў. Я лічыў, што адхіленьне яго ад пасады — справа часу. Напэўна, не знайшлі нічога большага, як гэтая камічная гісторыя з тэлефонамі. І далей чыноўнікі будуць „стукаць“ адзін на аднаго.

У сэнсе зьмяншэньня карупцыі ніякага плёну гэтая кампанія ня дасьць. Досьвед Кітая, дзе чыноўнікаў нават караюць сьмерцю, пацьвярджае гэта».

Класкоўскі: «Рэпрэсіі супраць высокіх чыноў — гэта дэманстрацыя. Трапляюць «у распрацоўку» праваахоўных органаў найперш ня тыя, хто найбольш накраў, а тыя, хто трапіўся пад руку.

Напрыклад, калі Лукашэнка ўзяўся за мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай галіны, пачаў езьдзіць па прадпрыемствах, яму трапіўся пад руку небарака дырэктар. Незразумела, наколькі ён вінаваты, бо яго зьверху прымусілі набываць абсталяваньне, якое не запрацавала ў час. Незразумела, ці будзе мець збыт прадукцыя — яму проста загадалі рабіць гэтую мадэрнізацыю. Але дырэктар апынуўся ў ролі стрэлачніка, ахвярнага казла. І на яго прыкладзе Лукашэнка хоча паказаць іншым дырэктарам: калі ня будзеце вылузвацца са скуры ў сваёй працы, то апыняцеся за кратамі.

Ці вось было паведамленьне, як завялі крымінальную справу ў дачыненьні да дырэктара, які пастаўляў прадукцыю ў Расею без аплаты. Я думаю, што ён імкнуўся выканаць плян па экспарце, разгрузцы складоў. Бо за гэта начальства таксама лупіць скуру. Гэта ўсё заганы адміністрацыйнай сыстэмы кіраваньня.

Але Лукашэнка, акрамя пугі, ня ведае іншых інструмэнтаў кіраваньня. Адсюль і ідэя ўвядзеньня «прыгоннага права». Але Лукашэнка даказаў, што нават у ХХІ стагодзьдзі пэўны рэсурс у такіх мэтадаў ёсьць. Таму, насуперак прагнозам лібэральных эканамістаў, беларуская эканамічная сыстэма ня ляснулася. Але, падаецца, сыстэма дасягнула максымуму сваіх магчымасьцяў. І наўрад ці Лукашэнка далей нешта зь яе выцісьне.

Яшчэ адзін момант. Лукашэнка адчуў беспакаранасьць. У першыя гады свайго кіраваньня ён паўтараў рэфрэнам, выступаючы перад чыноўнікамі: я вас не баюся. І тут трэба разумець з дакладнасьцю да наадварот. Ён баяўся, што гэтая старая намэнклятура яго зжарэ. Але хутка ўбачыў, што яна бесхрыбетная, зь яе можна віць вяроўкі. Што ён і робіць.

А перад выбарамі кампаніяй барацьбы з карупцыяй ён забівае адразу некалькі зайцоў. Гэта і піяр для электарату. І падсьцёбваньне чыноўнікаў і дырэктарату, каб не далі эканоміцы ляснуцца. І прадухіленьне стварэньня мафіёзных кланаў, якія могуць паспрабаваць зьмяніць прэзыдэнта".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG