Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў усіх пераконвае, што рэформаў ня будзе. Варта яму нарэшце паверыць


Аляксандар Лукашэнка падчас выступу ў
Аляксандар Лукашэнка падчас выступу ў

Якія асноўныя матывы ў выступе Аляксандра Лукашэнкі перад новым і старым складам Нацыянальнага сходу?

Абмяркоўваюць Аляксандра Дынько, Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка сёньня выступіў у Палаце прадстаўнікоў перад дэпутатамі адразу двух скліканьняў: тымі, што ўжо адпрацавалі свой тэрмін, і тымі, каму працаваць у Авальнай зале бліжэйшыя чатыры гады. Лукашэнка выказаў некалькі асноўных тэзаў, урэшце, зусім ня новых. Першая пра парлямэнцкія выбары. На думку Лукашэнкі, улада правяла выбары ледзь не ідэальна, бо — цытую Лукашэнку — «імкнулася ўсім спадабацца».

«Улада ў Беларусі зрабіла ўсё, каб спадабацца ня толькі Захаду і амэрыканцам, але і каб не было сорамна за нас нашым сябрам у Расеі, Кітаі, Прыбалтыцы», — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Ужо ня першы раз кіраўнік Беларусі пераступае церазь сябе і адкрыта заяўляе, што «мы праводзім выбары дэмакратычна», толькі каб дагадзіць заходнім партнэрам. Лукашэнка шчыра прызнаецца, што яму самому няма ніякай радасьці праводзіць выбары дэмакратычна — і калі ён ідзе на нейкія дэмакратычныя паслабленьні, то толькі дзеля замежжа.

«Сёньня ёсьць ужо ў парлямэнце прадстаўнікі апазыцыі, але мала. Я хацеў бы, каб было болей, — казаў Лукашэнка. — Але вельмі ўжо далёкая апазыцыя ад інтарэсаў народу». Можна, вядома, іранічна адзначыць, што толькі ад самога Лукашэнкі залежыць, колькі прадстаўнікоў апазыцыі будзе ў парлямэнце. Захацеў бы ён прызначыць 5 ці 10 чалавек — было б столькі.

Лукашэнка шчыра прызнаецца, што яму самому няма ніякай радасьці праводзіць выбары дэмакратычна — і калі ён ідзе на нейкія дэмакратычныя паслабленьні, то толькі дзеля замежжа

Другі, магчыма, самы істотны аспэкт выступу Лукашэнкі — гэта пра рэформы. Ключавая тэза кіраўніка Беларусі — «навошта ламаць сёньня існы стан рэчаў, калі рэформы нічога не даюць, лепш не становіцца? Я лічу — ня трэба». Лукашэнка зноў выкарыстаў сваю фармулёўку — маўляў, я за рэформы, але гэта народ ня хоча.

«Прэзыдэнт гатовы да самых жорсткіх рэформаў, больш жорсткіх, чым МВФ сёньня патрабуе. Пытаньне ў іншым — ці гатовыя вы да іх? Я зьвяртаюся да вас, прадстаўнікоў народу. Спытайце ў кожнага, ці гатовы ён да рэформаў». Лукашэнка працягнуў гэтую тэму, заявіўшы, што апазыцыянэры «хочуць правесьці рэформы па сваіх шаблёнах, гэта значыць па-бандыцку. Гэта значыць прыватызацыя і дзяльба дзяржаўнай уласнасьці для сваіх сваякоў, паплечнікаў».

То бок — куды ні кінь, але ад рэформаў ніякай карысьці няма, паводле Лукашэнкі. За апошнія месяцы Лукашэнка ўжо ня першы раз усім кажа — «рэформаў ня будзе». Але нейкія людзі па-ранейшаму яму ня вераць.

Уладзімер Глод: Мне падаецца, што некаторыя людзі ў нашай краіне ўсё яшчэ спадзяюцца — вось сёньня яны нарэшце пачуюць з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі: трэба пачынаць рэформы. Гэтыя чаканьні маюць пад сабой глебу. Усе ведаюць, што адбываецца цяпер у беларускай эканоміцы: склады затавараныя, цэны на нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні істотна зьнізіліся, заробкі абваліліся. Таму ўсё больш людзей лічыць: трэба нешта кардынальна мяняць. А кардынальныя зьмены — гэта рынкавыя рэформы. Усё іншае — гэта як заганяць хваробу ўнутр.

Але Аляксандар Лукашэнка лічыць інакш. Ён упэўнены, пра што і казаў неаднаразова: усё гэта часовая зьява. Яе трэба проста перачакаць. А пасьля ўсё вернецца да таго, як было. І цэны на нафту стануць вышэйшыя, і на ўгнаеньне таксама, і заробкі падвысяцца. А калі кіраўнік дзяржавы так лічыць, значыць, і рэформаў няма чаго чакаць. Пра што сёньня Лукашэнка і заявіў на ўсю краіну і дэпутатам шостага скліканьня ў прыватнасьці. Каб тыя раптам не пачалі таксама заклікаць да пачатку рэформаў.

І яшчэ адзін істотны штрых з сёньняшняй прамовы, які пацьвярджае, што чакаць істотна новага не выпадае. Лукашэнка не сказаў, што рэформаў ня хоча ён асабіста. А сказаў, што іх ня хоча народ. Але я задаюся пытаньнем: калі і хто гэты народ пытаў, калі было гэтае вялікае апытаньне?

Улады вырашаюць усё не ад свайго імя, а нібыта ад імя ўсяго народу. Пра гэта сёньня казалася, калі Лукашэнка гаварыў пра рэфармаваньне эканомікі. І пра гэта гаварылася, калі закранулі тэму выбараў у парлямэнт. «Сёньня ёсьць ужо ў парлямэнце прадстаўнікі апазыцыі, але мала. Я хацеў бы, каб было болей, — казаў Лукашэнка. — Але вельмі ўжо далёкая апазыцыя ад інтарэсаў народу». Бачыце, я хацеў бы, аднак народ апазыцыі не давярае. І зноў усё зваліў на народ.

Падсумоўваючы сёньняшнюю прамову, трэба пагаджацца зь Віталём Цыганковым, які пачынаў з таго, што нічога прынцыпова новага ў словах кіраўніка дзяржавы сёньня не прагучала.

Ці ня хоча Аляксандар Лукашэнка, каб народ сам яго папрасіў пра гэтыя рэформы?

Аляксандра Дынько: Выступ Аляксандра Лукашэнкі перад новымі дэпутатамі ня быў зусім цікавы, не прагучала ніякіх новых ідэяў, але калі вярнуцца да дыскусіі наконт ягоных выказваньняў што да эканамічнай сытуацыі, мы ўжо ня раз зьвярталі ўвагу, як ён кажа: «Я гатовы, але народ не гатовы». У той жа час я думаю, што Аляксандар Лукашэнка лепш за ўсіх ведае, якая эканамічная сытуацыя, што ў нас расьце беспрацоўе, што ў нас фактычна не працуюць заводы, людзей адпраўляюць у адпачынкі за свае грошы. Ёсьць шэраг выключных трагедыяў, калі людзі сканчаюць жыцьцё самагубствам праз тое, што ў іх маленькія заробкі, ці ў іх крэдыты і яны ня могуць за іх заплаціць. Ёсьць вялікая праблема з тым, ці здолеюць людзі расплаціцца за камунальныя паслугі, бо нягледзячы на ўсе абяцаньні Лукашэнкі, што цэны за камунальныя паслугі не будуць падвышацца, яны падвышаюцца. Літаральна ўчора міністар ЖКГ проста зьбягаў ад журналістаў, ня мог адказаць на гэтае пытаньне.

Дык вось у мяне ў сувязі з гэтым адчуваньне, ці ня хоча Аляксандар Лукашэнка, каб народ сам яго папрасіў пра гэтыя рэформы? Ці ня хоча ён загнаць людзей у такі кут, калі ён стане адзіным выратаваньнем з гэтага эканамічнага крызісу і яму будзе дадзенае права праводзіць любыя рэформы, «выратоўваць» нас з галечы.

Цыганкоў: Цікавая вельмі вэрсія, але калі зьвяртаць увагу на гістарычныя прыклады, то ён меў такі поўны карт-блянш ад народу на рэформы, калі быў першы раз дэмакратычна абраны ў 1994 годзе, і яны былі на той момант мінімальныя, а не было і пасьля рэформаў. Гэтыя 20 гадоў кіраваньня Лукашэнкі прымушаюць казаць, што ня пойдзе ён на кардынальныя рэформы, няма для гэтага ў яго палітычных і асабістых падставаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG