На сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і сябрамі Савету Рэспублікі пятага і шостага скліканьняў Аляксандар Лукашэнка нечакана загаварыў пра люстрацыю — працэдуру праверкі асобаў на прадмет прыналежнасьці ў мінулым да злачынных рэжымаў, перадае БелаПАН.
«Люстрацыя — гэта пагібель, гэта дурасьць, якой будзе зьверху дадолу працятая ўся дзяржаўная машына, — заявіў Лукашэнка. — Люстрацыя, альбо выгнаньне ўсіх цяперашніх дзяржаўных службоўцаў і займаньне ўладных крэслаў дзеячамі апазыцыі на прыкладзе Ўкраіны, калі яны возьмуць уладу... яны не пратрымаюцца нават паўгода».
Лукашэнка дадаў, што для люстрацыі патрэбны, на яго думку, «вялізны кадравы рэсурс за плячыма».
«Я гэта перажыў у сярэдзіне 90-х, калі пацаном стаў прэзыдэнтам, — казаў Лукашэнка. — Але мне тады хапіла розуму не павыганяць добрых спэцыялістаў, якія гатовыя былі працаваць на краіну. Але я ўсю апазыцыю ведаю, таму кажу, што безь люстрацыі яны не абыдуцца, а люстрацыя — гэта пагібель».
Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што не дапусьціць люстрацыі ў Беларусі, у тым ліку праз тое, што «занадта далёка зайшлі ў адзінстве ўладных структураў і грамадзтва». Ён дадаў, што люстрацыя яму непатрэбная, але прапанаваў абмеркаваць тэму люстрацыі тым парлямэнтарыям, каму яна патрэбная.
У 2014 годзе ва Ўкраіне быў прыняты закон «Пра ачышчэньне ўлады», які забараніў на 10 гадоў займаць пэўныя дзяржаўныя пасады каля тысячы асобам з адмыслова складзенага рэестру. Пры гэтым у Вярхоўнай радзе Ўкраіны і абласных радах захоўваюць свае месцы (каля 10%) сябры партыі «Апазыцыйны блёк», да якой далучыліся колішнія лідэры «Партыі рэгіёнаў».
У Беларусі апошнім часам актыўных заклікаў да люстрацыі не гучала. Тэма люстрацыі абмяркоўваўся ў Менску ў 2014 годзе за круглым сталом з удзелам Вінцука Вячоркі, Мечыслава Грыба ды іншых.