У часе дакладу ўраду пра эканоміку за мінулы пэрыяд 2016 году і бюджэту на 2017 год Аляксандар Лукашэнка зьвярнуў увагу на «асобныя моманты, якія яго насьцярожваюць».
«Урад дакладвае, што ў цэлым стабільнасьць захаваная, у поўным аб’ёме і ў тэрмін разьлічваемся па ўсіх дзяржаўных абавязаньнях, валютных даўгах, ствараюцца ўмовы для якаснага паляпшэньня макраэканамічных парамэтраў, — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба. — Тым ня менш сытуацыя на шматлікіх прамысловых прадпрыемствах застаецца складанай.
Няма галоўнага — росту эканомікі, нават таго, які мы заплянавалі. Складаецца ўражаньне, што насуперак прынятай праграме на пяцігодку ўрад рэалізуе інэрцыйны сцэнар разьвіцьця. Гэта значыць, пасіўна плыве па цячэньні, спасылаючыся на неспрыяльныя зьнешнія фактары і не імкнучыся мабілізаваць усе сілы і рэсурсы для эканамічнага ўздыму. А часам некаторыя і супраць цячэньня заплываюць».
Пра адсутнасьць эканамічнага росту было вядома і раней. Валавы ўнутраны прадукт за студзень-жнівень 2016 году склаў толькі 97% у суадносных цэнах да такога ж пэрыяду 2015 году, тэмпы падзеньня ВУП паскорыліся. МВФ чакае, што і па выніках году ВУП упадзе на 3%.
Урад заплянаваў на наступны, 2017 год рост ВУП на ўзроўні 1,5%, а інфляцыю не вышэй за 9% (МВФ прагназуе рост ВУП на 0,5%).
7 краінаў, у эканоміку якіх цяжка паверыць беларусу
Яшчэ ў траўні Лукашэнка забараняў даваць эканоміцы «занадта пэсымістычныя ацэнкі». Сярод абяцаньняў на «пятую пяцігодку» быў рост ВУП на 12–15% да канца 2020 году. Але ніводнае абяцаньне мінулай «пяцігодкі» не было выкананае, у тым ліку не ўдалося «вырасьціць» ВУП на 62–68% — толькі на 5,9% за 2011–2015 гады.
Лукашэнка ж запатрабаваў выканаць абяцаныя народу паказьнікі на наступную «пяцігодку», а таксама запатрабаваў ад ураду далажыць пра тое, як завяршаецца бягучы фінансавы год, што атрымалася і не, якія захады робяцца, каб пераадолець адставаньне. Але падкрэсьліў: «Трэба зарабляць уласнай працай, робячы стаўку на ўнутраныя рэзэрвы».