Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэт-2017: абарона vs доўг, культура vs тэлевізар, дзіцячы садок vs БРСМ


Міністэрства фінансаў апублікавала праект бюджэту Беларусі на 2017 год.

Расходы — 16,7 мільярда рублёў, даходы — 18,2 мільярда. Бюджэт разьлічаны з прафіцытам 723,3 млн рублёў. У бюджэт закладзены рост ВУП на 0,2%, цана на нафту — 35 даляраў, курс расейскага рубля — 75 рублёў за даляр, стаўка рэфінансаваньня — 15–17%. Ад падаткаў мяркуецца атрымаць 13,98 млрд.

На абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу пойдзе 2,5 млрд рублёў. У рэзэрвовым фондзе Лукашэнкі засталося 126,36 млн.

Лукашэнка vs парлямэнт

На дзейнасьць дзяржаўных органаў у бюджэце ідзе 7,3 млрд беларускіх рублёў. Найбольш пойдзе на фінансавыя і падатковыя органы (246,6 млн), а таксама на амбасады і консульствы (166 млн). На ўласна міжнародную супрацу даецца 18 млн, на навукова-тэхнічную супрацу — 20 млн, на культурныя сувязі — 1,3 млн.

На органы кіраваньня і выканаўчую ўладу адведзена 101 млн, а на заканадаўчы і прадстаўнічы органы — толькі 14,7 млн. На органы, якія забясьпечваюць дзейнасьць Лукашэнкі, даецца больш: 19,48 млн.

Яшчэ 808 тысяч пойдзе на забесьпячэньне выбараў і рэфэрэндумаў (якіх у 2017 годзе пакуль не плянуецца).

У бюджэт Саюзнай дзяржавы зь беларускага бюджэту пойдзе 54,56 млн.

МУС vs Мінабароны

На нацыянальную абарону выдзяляецца 924,45 млн рублёў, на органы ўнутраных спраў — 673 млн, на органы дзяржбясьпекі — 130 млн. На крымінальна-выканаўчыя органы пойдзе 167,9 млн, на памежную службу — 160 млн, на мытню — 100,5 млн. Судам дастанецца 93,8 млн, а пракуратуры — 49,7 млн.

Сумарныя выдаткі на бясьпеку толькі крыху большыя за абслугоўваньне доўгу: 2,698 млрд супраць 2,496 млрд.

Сялянства vs пралетарыят

На сельскую гаспадарку выдзяляецца амаль 720 млн рублёў. Праўда, на сельскагаспадарчыя арганізацыі, што фінансуюцца зь бюджэту, ідзе толькі 34 млн, на разьвіцьцё сельскагаспадарчай вытворчасьці — 140,6 млн, на захаваньне і пашырэньне ўгодзьдзяў — 73,4 млн. А больш за палову, 471,8 млн, ідзе на «іншыя пытаньні» сельскай гаспадаркі.

Крыху болей, 766 млн, пойдзе на прамысловасьць, будаўніцтва і архітэктуру. Зь іх на будаўніцтва і архітэктуру — толькі 2 млн, на кампэнсацыю стратаў ад экспартных крэдытаў Банку разьвіцьця — 40 млн, а астатнія 99,7% грошай — на «іншыя пытаньні».

Яшчэ 334 млн пойдуць на галіну паліва і энэргетыкі, і яшчэ 168,4 млн — на лясную гаспадарку.

Дарогі vs лякарні

На рэспубліканскі дарожны фонд даецца 606 млн рублёў, яшчэ амаль 2,4 млн — на «іншыя пытаньні ў галіне дарожнай гаспадаркі». 37,7 млн выдзяляецца на розныя віды транспарту: найменш на паветраны (371 тыс.), найбольш на чыгунку (9,3 млн).

Але здароўе даражэйшае. На ахову здароўя агулам даецца 878,8 млн: 4,8 млн на санітарны нагляд, 14,4 млн на дастасоўныя дасьледаваньні, 424 млн на ўласна мэдычную дапамогу насельніцтву, астатнія 435 млн — на «іншыя пытаньні».

Яшчэ 186 млн дадуць на фізкультуру і спорт (на ўласна спорт — 68 млн).

Культура vs тэлевізар

Толькі палову ад фізкультуры і спорту дадуць на культуру: 90 млн. Зь іх большая частка, 76 млн, пойдзе на ўласна культуру і мастацтва, а на кіно — толькі 8,8 млн (недзе на 1,2 млн менш за бюджэт фільму «Мы, браты»).

На СМІ даецца больш: 97,6 млн. У асноўным грошы пойдуць на тэлевізію і радыё — 80,5 млн, яшчэ 7 млн — на газэты і выдавецтвы.

На пытаньні рэлігіі выдзелена 962 тыс. рублёў, але ў пункце пра рэлігію ёсьць дадатак: «і іншыя пытаньні ў галіне фізычнай культуры, спорту, культуры і СМІ».

Дзіцячыя садкі vs БРСМ

Амаль столькі ж, колькі на ахову здароўя і Мінабароны, выдзяляецца грошай на адукацыю: 808 млн. Зь іх найбольш на вышэйшую: 611,7 млн. На парадак-два меней пойдзе на іншыя галіны адукацыі. На сярэднюю — 46,5 млн, на сярэднюю спэцыяльную — 66 млн, на дадатковую для дарослых — 6 млн, на дадатковую для дзяцей — 6 млн, на дашкольную — 4,5 млн, на прафэсійна-тэхнічную — 3,4 млн.

Больш, чым на ПТВ, даецца на моладзевую палітыку: 6,3 млн. (БРСМ тут не названы, але відавочна ён маецца на ўвазе).

На фундамэнтальныя навуковыя дасьледаваньні пойдзе 95 млн, на дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне агульнадзяржаўнай дзейнасьці — 71,9 млн, у галіне нацыянальнай эканомікі — 41,6 млн, аховы здароўя — 14,4 млн, адукацыі — 4,1 млн, яшчэ па мільёне — на дасьледаваньні ў галіне культуры і ў галіне праваахоўнай дзейнасьці, 800 тысяч — у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя (на саму ахову — 75 млн). У рэспубліканскі цэнтралізаваны інавацыйны фонд аддаецца 93 млн, у фонд нацыянальнага разьвіцьця — 154 млн.

Дзеці vs пэнсіянэры

На пэнсійнае забесьпячэньне выдзяляецца 765,7 млн рублёў (звыш таго, што ў Фондзе сацыяльнай абароны), а на дапамогу семʼям, якія выхоўваюць дзяцей, — 457,8 млн.

Яшчэ 396,7 млн пойдзе на дапамогу ў забесьпячэньні жытлом. На сацыяльную абарону выдзяляецца 4,6 млн, а яшчэ 194 млн — на «іншыя пытаньні» сацыяльнай палітыкі.

2017 vs 2016

У параўнаньні зь бюджэтам-2016 у праекце бюджэту-2017:

  • на 20 910 170 рублёў зьніжаюцца выдаткі на адукацыю,
  • на 231 670 743 — зьніжаюцца выдаткі на сельскую гаспадарку,
  • на 185 305 — зьніжаюцца выдаткі на КДБ,
  • на 4 059 604 — вырасьлі выдаткі на МУС,
  • на 17 536 695 — вырасьлі выдаткі на Ўзброеныя сілы,
  • на 115 922 853 — вырасьлі выдаткі на ахову здароўя,
  • на 6 834 552 — вырасьлі выдаткі на культуру,
  • на 8 264 925 — вырасьлі выдаткі на дзяржаўныя органы агульнага прызначэньня,
  • на 6 360 000 рублёў вырас рэзэрвовы фонд прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG