Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адклаў на 4 гады пабудову заводу каробак перадачаў пад Гатава. Вінаватых у зрыве тэрмінаў не назваў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэалізацыя інвэстыцыйнага праекту «Пабудова заводу каробак перадачаў» перанесеная з 2014–2017 на 2014–2021 гады ўказам Аляксандра Лукашэнкі (PDF).

Таксама пашыраная спэцыялізацыя заводу: калі раней гаворка вялася пра завод гідрамэханічных каробак перадачаў, то цяпер — мэханічных і гідрамэханічных, а таксама элемэнтаў электрамэханічных каробак перадачаў.

Менгарвыканкаму цяпер даручана цягам трох месяцаў бясплатна перадаць ва ўласнасьць Рэспублікі Беларусь 490 акцыяў ААТ «Завод гідрамэханічных перадачаў» (але фінансуецца праект па-ранейшаму з інавацыйнага фонду Менгарвыканкаму). Указ дапоўнены пагрозай крымінальнай адказнасьці для тых, хто быў бы вінаваты ў яго несвоечасовым або неналежным выкананьні.

Хто адказны за зрыў тэрмінаў будаўніцтва, не паведамлялася, абвінавачаньні не выстаўляліся. Кантроль за выкананьнем ранейшага ўказу ўскладаўся на Камітэт дзяржкантролю.

Будаваць яшчэ і не пачыналі. Два месяцы таму віцэ-прэмʼер Уладзімер Сямашка абяцаў, што будоўля пачнецца цягам 2017 году.

Пад завод яшчэ ў 2014 годзе выдзелілі ўчастак у раёне пасёлку Гатава пад Менскам — 12,6 га зь земляў аграфірмы «Расьсвет».

Тым часам у Беларусі перасталі публікаваць статыстыку па стратах працаўнікоў «прамысловымі гігантамі». Але на момант апошняй публікацыі такой статыстыкі ў кастрычніку 2016 году было вядома, што за 5 год МАЗ страціў 40% працаўнікоў, МТЗ — 31%, «Белшына» — 20%, ММЗ — 33%, а Менскі падшыпнікавы завод — 60%.

За 5 гадоў Беларусь страціла 300 тысяч працоўных (у тым ліку праз дэмаграфічную сытуацыю). За 2016 год звольнілі на 108 тысяч працаўнікоў больш, чым прынялі на працу, а за першую палову 2016-га — на 37 205 працаўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG