Па меры таго як будаўніцтва атамнай станцыі пераходзіць ў стадыю ўсталяваньня рэактару, колькасьць праблемаў, якія паўстаюць перад краінай, будзе толькі нарастаць. І самая галоўная зь іх: навошта?
У выказваньнях Аляксандра Лукашэнкі пра АЭС на сустрэчы з генэральным дырэктарам расейскай карпарацыі «Росатом» Аляксеем Ліхачовым 24 ліпеня відаць спроба адказаць на гэтае пытаньне. Увогуле ў грандыёзным і вельмі сумнеўным праекце адлюстраваліся ўсе заганы беларускай сацыяльнай мадэлі і асаблівасьці сьветапогляду яе архітэктара.
Вось Лукашэнка кажа: «Нам няпроста далося рашэньне будаваць атамную электрастанцыю пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Фобіі былі вельмі моцныя, але нам удалося пераканаць насельніцтва, што за гэтым будучыня».
Насамрэч гэта ня так. Ніхто нікога не зьбіраўся пераконваць. Аўтарытарны лідэр мае такую раскошу, як неабмежаваную свабоду рук. Ня трэба нікому нічога тлумачыць, ні з кім спрачацца, ні перад кім ладзіць справаздачу. Ніякай сурʼёзнай размовы з грамадзтвам на гэтую тэму не было. Не лічыць жа за сапраўдны аргумэнт такое тлумачэньне, што, маўляў, пабудаваўшы АЭС, мы зьменшым залежнасьць ад Расеі. Бо насамрэч, у дадатак да газавай, нафтавай залежнасьці ад РФ, зьявіцца яшчэ фінансавая, атамная залежнасьць. І, дарэчы, сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што беларускае грамадзтва ў гэтым пытаньні падзялілася прыкладна папалам.
Лукашэнка хоча ўвайсьці ў гісторыю як лідэр, пры якім Беларусь стала ядзернай, касьмічнай дзяржавай, краінай ІТ-тэхналёгіяў
З самага пачатку было зразумела, што будаўніцтва АЭС — гэта не эканамічны, а палітычны праект, пытаньне прэстыжу, іміджу. Лукашэнка хоча ўвайсьці ў гісторыю як лідэр, пры якім Беларусь стала ядзернай, касьмічнай дзяржавай, краінай ІТ-тэхналёгіяў.
Вось падчас сустрэчы з кіраўніком расейскай карпарацыі ён чарговы раз тлумачыць, чаму прыняў рашэньне будаваць АЭС: «Гэта найвышэйшыя тэхналёгіі. У шэраг з касьмічнымі, IT-тэхналёгіямі, лічбавай эканомікай — за імі будучыня — я стаўлю і будаўніцтва атамнай станцыі».
Уся праблема ў тым, што ніхто з блізкага атачэньня Аляксандра Рыгоравіча ня змог ці не адважыўся растлумачыць яму простую рэч: АЭС — гэта тэхналёгія 1950-х гадоў, індустрыяльнай эпохі. Акурат у пэрыяд сацыялізацыі ягонай асобы, у час яго дзяцінства і маладосьці на інфармацыйным экране дамінавалі аповеды пра мірны атам. Лукашэнка гэта добра засвоіў. Але ён прапусьціў, што з таго часу ў сьвеце адбылося ўжо некалькі тэхналягічных рэвалюцыяў. І сёньня АЭС — гэта ніякая не высокая тэхналёгія, а зусім наадварот. І не за ёю будучыня.
Але атамнаму лёбі лёгка ўдалося пераканаць кіраўніка дзяржавы. Бо яго прадстаўнікі мелі доступ да першай асобы. І цяпер краіна становіцца закладніцай гэтага рашэньня.
У пэрсаналісцкай палітычнай сыстэме, у рэжыме асабістай улады праблема доступу да цела набывае вялізнае значэньне. Доўгі час уяўленьне Лукашэнкі аб лічбавай эканоміцы зводзілася да простай як аглобля формулы: інтэрнэт — гэта «помойка». Але вось Валерыю Цапкалу, які «меў доступ», удалося яго пераканаць, што Парк высокіх тэхналёгіяў можа стаць драйвэрам беларускай эканомікі. І мы маем даволі рэдкую для Беларусі гісторыю посьпеху.
Гэта і ёсьць эканоміка па-беларуску. Спачатку рэалізуецца вялізны праект, а потым у рэжыме надзвычайнасьці вырашаецца пытаньне, што рабіць з вырабленай прадукцыяй
Што да АЭС, то ўжо цяпер, задоўга да завяршэньня будаўніцтва станцыі, узьнікла вялікая праблема: што рабіць зь лішкамі электраэнэргіі, якія непазьбежна зьявяцца. Паводле ацэнак Яраслава Раманчука, сёньня энэргасыстэма Беларусі выпрацоўвае звыш 9 тысяч мэгаватаў (МВт) электраэнэргіі пры сярэдняй патрэбнасьці эканомікі ў 5200 МВт. АЭС дадасьць яшчэ 2400 МВт. І што зь ёю рабіць? Паміраючы, прамысловасьць будзе патрабаваць усё менш электраэнэргіі. Літва і Польшча ўжо заявілі, што ня будуць яе імпартаваць.
Таму Лукашэнка ўжо некалькі разоў ставіў перад урадам задачу: маўляў, шукайце рашэньне, што рабіць зь лішняй электраэнэргіяй. Гэта і ёсьць эканоміка па-беларуску. Спачатку рэалізуецца вялізны праект, а потым у рэжыме надзвычайнасьці вырашаецца пытаньне, што рабіць з вырабленай прадукцыяй. Так было з цэмэнтнымі заводамі, з дрэваапрацоўчымі прадпрыемствамі. Вось цяпер рыхтуюцца запусьціць пабудаваны кітайцамі Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы. Але каму зьбіраюцца прадаваць паперу ў эпоху, калі сьвет пераходзіць да лічбавых тэхналёгіяў? Дарэчы, аналягічныя заводы Беларусі працуюць з загрузкай 15–20%.
Вось так і з АЭС. Каб яе будаўніцтва мела хоць нейкі эканамічны сэнс, трэба ствараць вялізную інфраструктуру, перабудоўваць цэлыя галіны эканомікі, напрыклад, пераходзіць на электрамабілі. Хіба зноў за расейскія крэдыты.
Але галоўная праблема Беларусі не ў недахопе грошай, а ў абсалютна неэфэктыўным іх выкарыстаньні. Як казаў з гэтай нагоды эканаміст Вадзім Іосуб, урад Беларусі паводзіць сябе як гулец у казыно. Чым больш грошай ён атрымлівае, тым бяднейшы робіцца.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.