Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лютаўская паводка на Гомельшчыне: вада ў рэках падымаецца на 5–17 сантымэтраў за суткі


Паводка ў Лельчыцах
Паводка ў Лельчыцах

Дажджы і плюсавыя тэмпэратуры, якія вызначаюць апошнім часам надвор’е на Палесьсі, паскорылі расставаньне сьнегу. На рэках Гомельшчыны, паводле назіраньняў абласнога цэнтру гідрамэтэаралёгіі і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя, пачаўся рост узроўняў вады. Мэтэаролягі называюць гэта зімовай паводкай.

На Сажы, Дняпры, Бярэзіне вада за суткі прыбывае на 5–17 сантымэтраў, хоць лядовае покрыва яшчэ не сышло. Максымальная тоўшча лёду на Бярэзіне дасягае 25 сантымэтраў, на Дняпры — 22, на Сажы — 20–21 сантымэтар. Зьявіліся вялізныя палонкі. Выходзіць на лёд стала надзвычай небясьпечна.

Зямля, па сутнасьці, ачысьцілася ад сьнегу. Ён калі і выпадае, то хутка растае.

У райцэнтры Лельчыцы талаю вадою падтапіла некалькі прыватных падворкаў. Адмыслоўцы тутэйшай аварыйна-выратавальнай часткі МНС падключылі і сваю тэхніку, і тэхніку мясцовай камунальнай гаспадаркі, каб спыніць гэты лякальны патоп. Ваду ўдалося адпампаваць.

Бліжэйшымі днямі сыноптыкі прагназуюць на Палесьсі таксама плюсавыя тэмпэратуры, і толькі ноччу маюць быць невялікія маразы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG