Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: «Немагчыма быць эфэктыўным у палітыцы без сацыяльных сетак»


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Сёньня ў Расеі праходзяць масавыя акцыі пратэсту. Ці варта беларускай апазыцыі карыстацца расейскім досьведам — відэаблогінг, актыўнае задзейнічаньне Youtube і сацыяльных сетак, барацьба з карупцыяй? Чаму беларускія палітыкі недастаткова актыўна і крэатыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

— Сёньня ў Расеі праходзяць масавыя акцыі пратэсту, арганізаваныя праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Што з расейскага досьведу варта ўзяць на ўзбраеньне беларускай апазыцыі?

— Любы досьвед, асабліва пасьпяховы, патрэбна выкарыстоўваць. Не прыдумляй ровар, а зь яго дапамогай пераадольвай дыстанцыю. Імкнёмся трымаць руку на пульсе. Напрыклад, падрыхтоўка і каардынацыя «маршаў недармаедаў» у асноўным праводзілася праз сацыяльныя сеткі. Гэта наш досьвед са знакам «плюс». Па 15 тысяч толькі лайкаў пад банэрамі з абвесткай пра маршы.

У Навальнага моцная праца па тэме карупцыі. Тут ёсьць што пераймаць. Разам з тым 11 палітычных арганізацый Беларусі выпрацавалі Антыкарупцыйную плятформу. І цяпер актуальна данесьці дакумэнт да як мага большай колькасьці людзей.

Наконт Youtube. Не скажу, што мы на вялікай адлегласьці, у прыватнасьці, маем пляцоўку АГП TV. Але прызнаю тут моцны нявычарпаны рэсурс.

— На вашу думку, ці павіны лідэры партый станавіцца палітычнымі відэаблогерамі? Можа, беларускія палітыкі не абапіраюцца так моцна на сацыяльныя сеткі таму, што ім даступная магчымасьць выказвацца празь незалежныя СМІ?

— Сёньня немагчыма быць эфэктыўным у палітыцы без сацыяльных сетак, якія сталі самай хуткаснай і дасягальнай камунікацыяй з выбаршчыкам. Прыклад з свайго досьведу — у галасаваньні ў «Одноклассниках» па дэкрэту № 3 узялі ўдзел 65 тысяч чалавек! Гэта ўражвае і дэманструе патэнцыял.

— Ці мяркуеце вы самі, усьлед за Міколам Статкевічам, выступаць зь непасрэднымі відэапасланьнямі праз Youtube да свайго электарату?

— Старт быў зроблены некалькі гадоў таму. Ёсьць такая пляцоўка — «Епрамова». Зь яе дапамогай многія палітыкі атрымалі станоўчы досьвед дзьвюххвілінных пасланьняў па актуальных пытаньнях. Пасьля гэтага шмат хто, у тым ліку і я, працуе ў аўтаномным рэжыме. Некаторыя стрымы даюць па некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG