Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адказаць на падаткарабаваньне?


Да размовы на балючую для беларускага грамадзтва тэму — пра падаткі, дармаедаў, карупцыю — далучыўся і Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы. Яго мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін паставіў камэдыю францускіх аўтараў Люі Вэрнэя і Жоржа Бэра «Школа падаткаплатнікаў». Напісаная ў 1934 годзе, у часы, калі француская эканоміка была ў глыбокім крызісе, сваімі адкрытымі думкамі, дакладнымі назіраньнямі і тонкімі падтэкстамі яна як найдакладней цаляе ў сучасную беларускую сытуацыю.

Казна пустая, эканоміка канае. Выйсьце з сытуацыі дзяржава бачыць ва ўсё большым і большым падаткаабкладаньні, якое даходзіць да абсурду, параўнальнага і з тым, што робіцца ў сучаснай Беларусі. Але ж на любы ідыятызм можна знайсьці яшчэ большы. І тады герой пʼесы адкрывае сваю школу падаткаплатнікаў, у якой вучыць, як плаціць падаткаў меней ці ўвогуле іх пазьбягаць. Дзяржава ашуквае людзей, людзі ашукваюць дзяржаву. Вынікам бязглуздай дзяржаўнай падатковай палітыкі становіцца падзеньне ўраду. І міністры — якія займаліся падаткарабаваньнем, а самі хавалі ад падаткаў свае капіталы — страціўшы цяпер пасады, вымушаныя зьвярнуцца да ўжо разбагацелых авантурыстаў са Школы падаткаплатнікаў, якая заваявала ўсю Францыю і рушыла за акіян.

Выдатная пʼеска. Для Беларусі нашых дзён найактуальнейшая. І, што важна, яна зь ліку тых, якія яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі сталі называць «добра зробленай пʼесай». Гэта значыць — прадумана, дыхтоўна расказваецца гісторыя з выразнай інтрыгай, дзеяньне разьвіваецца пасьлядоўна, сюжэтныя павароты матываваныя, у сыстэме пэрсанажаў кожны мае дакладна вызначанае месца і сваю задачу ў разьвязаньні інтрыгі, выразна акрэсьлены характар. Фінал без пытальнікаў, кропка ставіцца тлуста. Жанр вызначаецца адназначна. У дадзеным выпадку — гэта авантурная камэдыя, у якую можна акуратна дадаваць і гратэскавыя, і фарсавыя, і бурлескныя фарбы.

Такім чынам, тэатар робіць падвойны стрэл. Спэктакль паводле такой пʼесы можа падабацца ці не (мне, прыкладам, больш даспадобы тэатар мэтафарычны, філязофскі, трагічны), але судзіць яго трэба толькі паводле таго, ці дасягнута мэта, якую ставіў перад сабою тэатар.

Сёньня, адрозна ад другой паловы ХХ стагодзьдзя, тэатар ужо не рэжысэрскі, а дырэктарскі

Мы жывём у жорсткай і прыкрай рэальнасьці, зь якой сутыкнулася і сучасная беларуская сцэна — трэба зарабляць грошы. Трэба рабіць касу, перадусім забаўляючы гледача. Сёньня, адрозна ад другой паловы ХХ стагодзьдзя, тэатар ужо не рэжысэрскі, а дырэктарскі. Дырэктары патрабуюць, просяць, угаворваюць мастацкіх кіраўнікоў, каб ставілі камэдыі. Прычым танныя, старыя, бо заплаціць выбітным заходнім аўтарам за перадачу аўтарскіх правоў — няма сродкаў.

Не абмінула гэтая рэальнасьць і сцэны, якія маюць статус нацыянальных. І калі на адной зь іх са спэктакля ў спэктакль сьпяваюць, танцуюць, пошла жартуюць, ператвараючы колісь сурʼёзны, зь філязофскай рэпэртуарнай скіраванасьцю тэатар у балаган, цыркавую арэну, сцэну правінцыйнага дома культуры, дык купалаўцы дамагліся, як з майго гледзішча, выдатнага балянсу — у іх і драматычны, нацыянальны рэпэртуар, і густоўны камэдыйны. Раз на адзін-два сэзоны дазваляюць сабе пастаноўкі адкрыта камэрцыйныя, скажам так, і для шырокай публікі, і для дырэктара, каб той спаў без галаўнога болю. Зрэшты, а хто сказаў, што камэдыя — дрэнны і несучасны жанр?!

Такім чынам, «Школай падаткаплатнікаў» купалаўцы забіваюць адразу двух зайцоў: гавораць пра тое, чым могуць скончыцца падатковыя авантуры і жыцьцё чыноўнікаў не па сродках (скажам мякка), як і кім разбураецца дзяржава, — адначасна ствараючы выдатны і радасны настрой для гледача. А гэта значыць, што спэктаклю, безумоўна, наканаванае працяглае жыцьцё, а касе тэатру — прыбытак.

Ёсьць і яшчэ адзін станоўчы і пэрспэктыўны момант у зьвязку з гэтым спэктаклем. А менавіта: ён важны для прафэсійнага росту актораў. Справа ў тым, што такая драматургія не патрабуе пастановачнай рэжысуры. І Мікалай Пінігін тут не выкарыстоўвае ніводнага пастановачнага фокусу. У спэктаклі няма ніводнага і сьветлавога эфэкту, сьвядома адмаўляецца рэжысэр і ад складанай музычнай ці гукавой партытуры. Фонам ідзе цыганская джазавая музыка 1930-х гадоў Джанга Рэйнхарта, якая зьлёгку акцэнтуецца ў важным павароце сюжэту.

У гэтым спэктаклі актор цалкам адкрыты, яму няма за што схавацца, трэба граць, працаваць.

У гэтым спэктаклі актор цалкам адкрыты, яму няма за што схавацца, трэба граць, працаваць. Яму трэба адчуваць жанр, партнэра, не губляць рытму, умець акцэнтаваць раскіданыя па тэксьце афарызмы, імгненна рэагаваць на зьмену сытуацыяў. Рабіць тое, што пры сучаснай пастановачнай рэжысуры шмат хто зь іх страціў, а маладзейшыя артысты, можа, нават такім майстэрствам і не валодалі. Думаю, для іх гэтая пастаноўка будзе важнай у сэнсе вяртаньня да асноваў прафэсіі ці пошуку іх. Што я і ўбачыў на прэмʼеры.

Цалкам адпаведнымі жанру былі найперш вопытныя майстры Віктар Манаеў і Алег Гарбуз. А каб дасягнуць такога майстэрства, якім валодаюць гэтыя артысты, патрэбныя менавіта такія спэктаклі. Мне было цікава глядзець, як выплываюць у такой драматургіі, такой рэжысуры, цалкам разьлічанай на акторскае майстэрства, іх маладыя калегі. І хоць не хапае ім досьведу ў камэдыйнай, на мяжы з фарсам, віртуознасьці, Сяргей Чуб, Андрэй Дробыш, Кацярына Алейнікава выплывалі дзякуючы эмацыйнаму і фізычнаму драйву, велічэзнай стараннасьці. Перакананы, што і выплывуць. А калі далучыцца да спэктакля Павал Харланчук, дык і ўсё мае шанцы стаць на месцы. Адзіная засьцярога — не разбурыць жанравую тканку жаданьнем «паддаць жару», каб не было перабору ў адказ на авацыі публікі, што ў адной-дзьвюх сцэнах ужо назіраецца.

Натуральна, сучаснаму тэатральнаму гурману, ці тэатральнаму снобу, ці зацятаму прафэсіяналу спэктакль можа зусім слушна падацца старамодным. Мне таксама часам, калі публіка аж заходзілася ад рогату, было сумнавата, бо я такіх пʼесаў за сваё жыцьцё начытаўся і нагледзеўся як на сталічных, гэтак і правінцыйных сцэнах, У першым выпадку, калі ёсьць рэжысэрскі і акторскі густ, я такія спэктаклі апраўдваў, у іншым — нават пакідаў залю.

Але ёсьць пры ацэнцы спэктакляў такога кшталту найважнейшы крытэр: ці ты страціў да ўбачанага на сцэне цікавасьць, як толькі адгрымелі аплядысмэнты, ці ты, пакінуўшы залю, працягваеш думаць пра яго, асэнсоўваеш яго ідэю. Вось і я напісаў гэтую рэцэнзію амаль праз тыдзень пасьля спэктакля, калі зразумеў, што думкі, закладзеныя ў ім, застаюцца ў маёй памяці аж да сёньня, як і шэраг акторскіх працаў. Вясёлая і разумная камэдыя, годная нацыянальнай акадэмічнай сцэны. Зрэшты, спэктаклі такога кшталту ёсьць на галоўных нацыянальных сцэнах любой краіны.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG