1. Гісторыя адной нявыкруткі
«...На ложы маім начамі шукала я ўлюбёнага душы маёй, шукала і не знайшла яго. Устану я і абыду горад, па пляцах і вуліцах пашукаю ўлюбёнага душы маёй». (Песьня Песьняў 3:1,2, пераклад Сяргея Шупы)
Што прыстойная дзяўчына робіць у завугольлях начной сталіцы? Усё, вядома, можна сьпісаць на паэтычную вобразнасьць, але ж.... Давайце пакуль што пойдзем за гэтай экзальтаванай паненкай. Як паказвае досьвед, мілосныя гімны ў Бібліі часам выходзяць з паэтычнае плашчыні ў плашчыню празаічную, палітычную. Пагатоў аб’ект каханьня — цар Салямон.
«Сустрэлі мяне вартаўнікі, што абыходзілі горад; ці бачылі вы ўлюбёнага душы маёй?»
Так размаўляць пасярод ночы з нарадам міліцыі! Цікава, што адказала ім дзяўчына, калі вартаўнікі перапыталі пра асобу каханка. А дакладней, як зрэагавалі, калі пачулі на сваё пытаньне дзявочы адказ «кіраўнік краіны».
Хай там што, але начны патруль не палічыў дзяўчыну абкуранай ладанам і пайшоў сабе далей:
«Ледзь я прамінула іх, як знайшла я ўлюбёнага душы маёй; схапіла яго я і не адпушчу».
Высьвятляецца, кіраўнік краіны — таксама вялікі аматар пабадзяцца па начных вулках!
«Вось ложа яго, Салямонава, шэсьцьдзесят ваяроў вакол яго з ваяроў Ізраілевых. Усе яны зь мячамі, умелыя ў баі; у кожнага меч на сьцягне дзеля страху начнога».
Нарэшце закаханыя прашыліся ў палац, у прыватныя пакоі.
«Паланкін зрабіў сабе цар Салямон з дрэваў лібанскіх. Апоры яго зрабіў з срэбра, абіўка яго з золата, седзішча яго з пурпуру; сярэдзіна ўсланая каханьнем дачок ерусалімскіх.»
Дзяўчына разгубілася і на аўтамаце працягвае апісваць дробязі. Убачыўшы ў спальні ўвесь гэты бабілёнскі натоўп, складзены з узброенага падразьдзяленьня спэцназу і тысячы жонак, наваленых на ложак, скеміла, што рамантычна адасобіцца ў іх з каханым гэтай ноччу не атрымаецца.
«Хадзіце й паглядзіце, дочкі Сіёну, на цара Салямона ў вянцы, якім увянчала яго маці ў дзень вясельля ягонага і ў дзень радасьці сэрца ягонага».
О! Тут жа наша дзяўчына бярэ сябе ў рукі. Зьбянтэжанасьць доўжылася роўна адзін верш. У прысутнасьці фараонавай дачкі, маавіцянак, аманіцянак, ідумэянак ды іншых жонак і наложніц у яе хапіла мужнасьці ня ладзіць сцэн. Больш за тое — яна адцягвае ўвагу ад сваёй засмучанасьці байкай пра Салямонаву маму і яе ролю ў перадачы кароны ад Давіда да Салямона. Бо вясельле для манарха — гэта найперш дзень каранацыі, калі ён сымбалічна бярэ шлюб з краінай. І вясельны вянец — гэта карона.
Дык што хаваецца за гісторыяй з каранаваньнем? Праўда палягае ў тым, што зоркі-супэрстары і запісныя мачо Давід і Салямон почасту паводзіліся нерашуча, боязка. У той раз палітычны крызіс не ўпершыню ў Бібліі ўзяла на сябе разьвязваць любячая жанчына, у дадзеным выпадку — мама Вірсавія.
На Божай пасьцелі Давід выбіраў сабе спадкаемцу пасада. Ён меў шэсьць жонак і безьліч дзяцей. Ватага сыноў на чале з амбітным сынам Адоніям фактычна накінулася на бацьку з крыкам: «Бацька, карону давай!» І вось, Давід, віртуозны майстар палітычнай інтрыгі, які прывык свае славесныя заявы не атаясамліваць з рэальнымі намерамі, тады проста разгубіўся.
Умелец «казаць і не сказаць» мусіць прымаць адназначнае рашэньне. Рашэньне, якое чыйсьці сыновы клан абавязкова скрыўдзіць. Са свайго боку крон-прынц Салямон забіўся ў кут і не выказвае палітычнай ініцыятывы.
Вось тады ў бой і ўступіла Вірсавія, Давідава жонка і Салямонава матка. Выправілася ў палац пагаварыць з мужам па-свойску: «Ты прысягаў рабе тваёй Госпадам Богам тваім: сын твой Салямон будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на пасадзе маім...». Адным словам, «май сумленьне, майстар палітычнай інтрыгі!»
Закаханая дзяўчына ўплятае ў свае словы кепікі ня толькі з Салямона, але таксама з самое сябе. Так, яна мела дурноту палюбіць чалавека, чый ложак кішма кішыць іншымі жанчынамі. Яе собіла стаць тысяча другой жонкай (бо тысяча першая гэта, відавочна, каралева-маці).
2. Як зацяжараць у 89 гадоў?
Біблія — ня самая вясёлая кніга. Жарты ў ёй — нячастыя, а іронію можна вылічыць адно са здагадак і намёкаў. Словы «сьмех» і «сьмяяцца» сустракаюцца ў Старым Запавеце толькі ў адным месцы — у гісторыі пра Абрагама і Сару. Тады Ўсёмагутны паабяцаў немаладой пары сыночка. На гэтую абвестку пані трошкі ў гадах (Сары на той момант 89) ціхенька засьмяялася. Не засаромеўшыся прысутнасьці Ўсявышняга, яна выпальвае: «Ці мне, калі я пастарэла, мець гэтую ўцеху?» Аднак Госпад, пусьціўшы Сарына нахабства між вушэй, настойвае. Гэта будзе менавіта сын, і яго варта назваць менавіта Ісаакам (іўр. «Іцхак» — «Той, які будзе сьмяяцца»).
У гэтай гісторыі чытач з палёгкай высьвятляе, што нягледзячы на біблійную сур’ёзнасьць, пачуцьцё гумару ёсьць ва ўсіх.
Мае яго прамаці. Бязьдзетная кабета, даўно засмучаная з гэтай нагоды, усё ж знайшла ў нечаканай прапанове і сваім гаротным стане камічныя бакі.
Гумар ёсьць у аўтара(ў) Бібліі. Аповед захаваў стрыманасьць, калі некалькімі старонкамі раней цары Садомскі і Гаморскі ўваліліся ў яміну са смалой. Не абсмоктваў выпадку, калі Ной напіўся і ляжаў голы. Аповед абыякава абмінуў увагай гэтыя ў чымсьці камічныя моманты і ўрэшце засяродзіўся на сапраўднай драме (калі такое можна сказаць пра камэдыю).
Пачуцьцём гумару не абдзяліў сябе і сам Госпад Бог. Ён ацаніў саркастычны выпад Сары. І адразу ж вырашыў увекавечыць яго ў імені. Каб чалавецтву празь дзевяць месяцаў стала ясна, хто тут сьмяецца апошнім.
Дарэчы, пасьля выпадку з Салямонавай каханкай і Сарынай цяжарнасьцю ў Бібліі ўсё выразьней выкрышталізоўваюцца тры складнікі ўдалага жарту. Самаіронія, прысутнасьць удзячнай публікі і наяўнасьць (часам, завочная) чыёйсьці мамы.
3. Біблійныя мамы
У Бібліі мамы ў імя дабра сваіх дзяцей нярэдка змагаюцца з дабром абсалютным, з дабром Боскім.
Бо хто падбухторыў Якава пераапрануцца ў свайго брата Ісава і падманам адабраць у бацькі асьвечанае Госпадам блаславеньне першынца? Праз шмат гадоў махляру (а значыць і яго клапатлівай маме Рэвэцы) адплаціцца напоўніцу. Закаханаму ў Рахіль Якаву давядзецца цэлых чатырнаццаць гадоў задарма гнуць сьпіну на будучага цесьця, каб у выніку атрымаць ня любую жанчыну, а ейную сястру Лію.
Мама ханаанскага военачальніка Сісары, чакаючы свайго сына з ваеннай выправы, у прастадушнай крыважэрнасьці мроіць, як яе сынок рабуе і гвалціць:
«Чаму доўга ня йдзе яго коньніца, чаго замарудзілі колы яго калясьніц? ...знайшлі яны, мабыць, і дзеляць здабычу, па дзяўчыне, па дзьве дзяўчыны на кожнага воіна, лупам дасталася каляровая вопратка Сісару» (Судзьдзі 5:28-30)
Так, мамаў можна вінаваціць у чым заўгодна. У вераломстве, адступніцтве, блюзьнерстве, немаральнасьці. У гадаваньні аўтарытарных лідэраў. Але толькі ня ў тым, што яны ня любяць сваіх дзяцей. А любоў, як вядома — справа Боскага ўзроўню. Дзякуючы гэтай цноце, мамы адваёўваюць сабе пачэснае месца ў Кнізе Кніг. Самай магутнай сваёй маральнай устаноўкай, адным з дзесяці запаветаў, Біблія абавязвае чалавецтва шанаваць маці (якая б яна ні была). А парушальнікам Біблія ўсёй правамоцнасьцю абяцае заўчасную сьмерць.
Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры
P.S. Вось як выглядае ўзорна-паказальны альгарытм сямейнага жыцьця дарослага мужчыны паводле Бібліі:
«Увёў яе (Рэвэку) Ісаак у намёт Сары, сваёй маці, узяў Рэвэку, яна стала яму жонкай, ён палюбіў яе; суцешыўся Ісаак па сваёй маці». (Быцьцё 24:67)
Менавіта ў такім парадку:
а. прадстаўленьне нарачонай маме з атрыманьнем матчынага блаславеньня.
б. пераезд у матчын дом.
в. жаніцьба.
Пасьля жаніцьбы (і толькі пасьля яе!), можа быць, можа быць, прыйдзе
г. любоў да жонкі.
І адно ў саменькім канцы як вялікая ласка мужчыне дазволіцца
д. выхад з-пад эмацыйнага ўплыву мамы.
Ілюстрацыі да «Песьні Песьняў» Арлена Кашкурэвіча