Маёй першай кніжкай 2017 году стала апошняя кніга сёньняшняга імяніньніка Альгерда Бахарэвіча «Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры». Упершыню, чытаючы Бахарэвіча, я знайшоў балянс паміж тым, што мяне нэрвуе і што захапляе ў яго тэкстах.
Публіцыстыка і нон-фікшн ад Бахарэвіча кранаюць мяне больш, чым ягоныя мастацкія кнігі. Ёсьць, праўда, у яго адна рэч, якая два гэтыя гатункі яднае — мова. Мова ў Бахарэвіча якасная, як добрая музыка, якую хочацца паставіць на рэжым паўтору.
Карцела даведацца, якіх яшчэ паскудзтваў панапісваў скандальны аўтар пра беларускіх клясыкаў.
Але ня толькі мова стала для мяне імпульсам, каб прачытаць «Бэзавы і чорны». Ня буду хаваць, вельмі карцела даведацца, якіх яшчэ паскудзтваў панапісваў скандальны аўтар пра беларускіх клясыкаў. Хто той чарговы Каян Лупака, якому дасталося ад Бахарэвіча? Даведацца і перадаць на суд грамадзкасьці яго чарговыя бязьлітасныя разборкі зь беларускай літаратурай, каб яму спаўна за іх урэзалі.
«БіЧ» — гэта ў пэўным сэнсе працяг «Гамбурскага рахунку». У той кнізе мяне нэрвавалі катэгарычныя ацэнкі людзей, якім давялося жыць пад дулам пісталета. Я некалькі разоў адкладаў кнігу ўбок, і потым вяртаўся да яе ізноў. Некаторыя тэксты гэтай кнігі былі вельмі злымі. Несправядлівасьць аўтара ажно дражніла.
Паказаўшы Парыж праз акуляры беларускай літаратуры, Бахарэвіч паказаў чытачу найперш нашу літаратуру.
У апошняй кнізе было спакайней. Магчыма таму, што фільтрам і маркёрам стаў Парыж. А магчыма, што францускія сыр і віно супакоілі Бахарэвіча. Ён узяўся за вельмі няпростую справу — паказаць нашу літаратуру праз прызму багатага літаратурнага гораду, адной зь пісьменьніцкіх сталіц Эўропы. Паказаўшы Парыж праз акуляры беларускай літаратуры, Бахарэвіч паказаў чытачу найперш нашу літаратуру. Ня раз спаборніцтва нашых пісьменьнікаў з Парыжам сканчалася не на іх карысьць. Але часам клясыкі з краіны Нёману і Прыпяці выглядалі ў Парыжы так арганічна, нібыта ў маленстве яны купаліся менавіта ў Сене.
Эмоцыі — гэта толькі адзін бок мэдаля. Бахарэвіч распавядае чытачу малавядомыя літаратурныя факты, паказвае графаманію і крывадушнасьць сваіх «настаўнікаў», шкілеты ў шафе. А таксама раскрывае геніяльнасьць некаторых нашых пісьменьнікаў, асуджаную на правінцыю, а не на паліцы парыскіх кнігарняў. І хаця Бахарэвіч звычайна не баіцца бойкі, пра дэталі, насамрэч, ня хочацца спрачацца. Літаратура — справа густу. Але гэтым разам у мяне больш прычын прыняць яго запрашэньне паразважаць пра беларускую літаратуру, чым раней.
Гэты горад ён палюбіў амаль як свае Шабаны.
Няма чаго спрачацца і пра бахарэвічаўскі партрэт Парыжу. Гэты горад ён палюбіў амаль як свае Шабаны. Чытаеш і бачыш аўтара, якога горад сапраўды захапляе, які бегае па ім, і ў яго ад гэтага месца ходарам ходзяць вочы. Старанна апісаныя вуліцы, пляцы, маршруты, кнігарні.
«БіЧ» можна сьмела рэкамэндаваць як гід па Парыжу для літаратурна заклапочаных на любы густ. Тут вам і свой Дунін-Марцінкевіч, і Колас, і Маўр, і Быкаў з Глобусам. Калі раптам сумна са сваімі, то на дапамогу Бахарэвіч выклікае сваіх улюбёных Кафку, Джойса і Набокава. І вось цікавая рэч: у Парыжы добрая літаратура па-беларуску натуральна ацэньваецца побач з добрай літаратурай на іншых мовах.
Колькасьць пералічаных мясьцін у кнізе, імёнаў і твораў, кажа аб тым, што Бахарэвіч у Парыжы напрацаваўся на славу. Ну і набегаўся.
Перад намі па вушы закаханы пісьменьнік зь мятлікамі ў жываце.
Бегаў не адзін, а з жонкай Ю. У кнізе ён шмат пра яе піша. Ёй прысьвечана, магчыма, нават траціна кнігі. Сяргей Абламейка неяк сказаў, што пісаньне — гэта самараспрананьне. Дык тут Бахарэвіч скінуў зь сябе ўсё. На фотаздымках, відэа і ў сваіх тэкстах ён паўстае халаднаватым чалавекам, які рэдка ўсьміхаецца, глядзіць на цябе трошкі прыжмурыўшыся, маўляў, кажы-кажы што хочаш, а я і так сваё ведаю і зраблю. А ў кнізе ён так пяшчотна і цёпла піша пра каханага чалавека, што падаецца, быццам ягоны імідж «злога пісьменьніка» — штучны. Перад намі дарослы мужчына, які без каханай жанчыны чахне ў адным з самых прыгожых і цікавых гарадоў сьвету, калі яна пакідае яго на пару дзён. Перад намі па вушы закаханы пісьменьнік зь мятлікамі ў жываце, які з-за каханай вярнуўся ў родны горад Менск, куды абяцаў не вяртацца датуль, пакуль там «жыве пачвара».
У кнізе «Бэзавы і чорны», якую сам аўтар называе то раманам, то падарожным дзёньнікам, тры сюжэтныя лініі: беларуская літаратура, Парыж і каханая жанчына Ю. І ў кожнай з гэтых ліній аўтар шчыры. І менавіта таму цікавы.
У Бахарэвіча мне падабаецца сьмеласьць. Нэрвуе ў ім катэгарычнасьць. Захапляе мова. Трошкі ятрыць празьмерная зьедлівасьць. Але калі б усе гэтыя вуглы абрэзаць, то атрымаўся б аўтар, дзеля якога шкада было б губляць час, каб пісаць гэты тэкст.
У «БіЧы» Бахарэвіч ізноў паўтарае, што пісьменьнік не павінен быць добрым. Але як бы ён ні крытыкаваў такі падыход, «БіЧ» атрымалася добрай кнігай. Магчыма, самай добрай з напісаных Бахарэвічам.