Пабачыўшы абвестку выставы ў рамках праекту Lipa.group «Старыя героі, новы сьвет», што ладзілася ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музэі, я адразу вырашыла яе наведаць. Цешыла душу надзея на абяцаную сустрэчу з улюбёнымі Ёўнікам, Бадзюляю, Вадзяніком, Апіўнем ды іншымі героямі беларускіх мітаў, казак і паданьняў. Пабачыць дзівосных страшыдлаў, трохі знаёмых па ілюстрацыях Валерыя Славука ў кнізе «Чароўны сьвет», ахвотна пагадзілася і мая дзесяцігадовая дачка. Усюдыісны чалавек-павук і мульцікі з рахітычнымі вузкавокімі лялькамі, мусіць, і ёй абрыдлі.
Шкадаваць аб страчаным часе не давялося. Яно было вартае таго! Культурніцкі паход не абмежаваўся звыклым разглядам экспазыцыі. Назва праекту і выставы цалкам апраўдвала заяўлены зьмест. Сьпярша ўвазе наведвальнікаў быў прапанаваны дасьціпны і разам з тым зьмястоўны мультыплікацыйны фільм, што знаёміць з героямі старажытных легендаў і мітаў на тле сучасных краявідаў. Вось цягнуцца па дарозе і паляць тытунь нехлямяжыя Шатаны. «Гультаі і дармаеды!» — сьцьвярджае голас за кадрам, а мур на заднім пляне, абвіты калючым дротам, прарочыць магчымы канцавы пункт Шатановых вандровак.
Разбурыўся ток, збуцьвелі сьвірны, серп у застрэшшы рэдка дзе ўбачыш, а пільны Жыцень з трэцім вокам на патыліцы нікуды ня зьнік, а па-ранейшаму ўзнагароджвае працавітых і карае нядбайных гаспадароў. Скача на экране тэлевізара побач з чырвоным камбайнам і абдрыпанай шыльдай «Хлеб — наша багацьце».
Разглядаючы пасьля фільму скульптуры Антона Шыпіцы і карціны Валерыя Славука, мы доўга шпацыравалі па залі. Па ацалелым возеры плыў у чоўне Лазавік, пасьміхаліся вуснамі і вачыма дружныя Дамавік з Дамавухаю, узіраўся ў навакольле зьбянтэжаны мурзаты Ёўнік, так і ня здолеўшы ўцяміць — што ж гэта за сьвіран такі ўбраны і куды тыя снапы падзеліся. Здарожаны рудабароды Дзедка, захавальнік усіх скарбаў, стаяў, абапёршыся на кій, ля ягоных ног хаваліся грыбы-рыжыкі. Чародка дзяцей акружыла Злыдняў. Тыя Злыдні ростам недзе зь вялікага ката, як заўжды, чынілі шкоду, покуль гаспадароў дома не было, нешта выварочвалі з гаршчка. Дужа патрэбныя ў штодзённым дзяціным побыце героі! На іх можна зьвярнуць ссунуты дыванок, раскіданыя цацкі, незнарок пабіты кубачак. І ўпэўнена адказаць на суворы бацькоўскі запыт: «Што за ройла зноўку ў хаце?» — «Гэта ня я, а злыдні!» Усьміхаючыся, сфатаграфаваліся з Шатанамі-страшыдламі. Стрэўшы такіх на закінутай лясной дарозе, пэўна, не рагаталі б! Дачка пазнала амаль усіх герояў.
Наперадзе чакала яшчэ адна прыемная неспадзяванка — прапанова паглядзець на іх у аб’ёмным фармаце. Кампутар, акуляры і вось ужо з кута вялізнага закінутага сьвірна, ці з-пад лаўжоў на палявой дарозе выскокваюць, пужаюць і пасьміхаюцца, канчаткова пераконваючы ў сваім праўдзівым існаваньні старыя героі.
«Гэта найлепшая выстава з усіх, дзе я была!» — дзялілася ўражаньнем дачушка.
«Дети в восторге!» — паведамляў нечы допіс на дошцы водгукаў. І сапраўды, пасьля такой яскравай насычанай праграмы вывучыць герояў старажытных беларускіх мітаў здатны нават той, хто, пабачыўшы ў падручніку чатырохрадкоўе, заўжды бурчыць: «Я ня вывучу, я не запомню...»
Бадзюлі і Апівеня — істотаў, якія пасяліўшыся ў хаце, прымушаюць гаспадароў валацужнічаць і піць гарэлку, на выставе я не сустрэла, але ня дужа зажурылася. Бо бачыла іх у ваколіцах Магілёва. Сучасныя Бадзюля і Апівень выглядалі прыкладна гэтак жа, як на старонках кнігі «Чароўны сьвет», але ў адрозьненьне ад сваіх продкаў мелі ўласную хату, дзе кожны ахвочы жыў разам зь імі, хаваючыся ад прынцыповых сваякоў, покуль дашчэнту не прапіваў пэнсію.
Хацелася шчыра падзякаваць творцам і арганізатарам праекту, а таксама прапанаваць уключыць у яго праграму герояў сучасных мітаў, бо сьвет хоць і перайначыўся, а жыцьцё ўсё тое ж.
Думаю, самае пачэснае месца ў гэтым шэрагу мог бы заняць пасьпяховы гулец у лятарэі, уладальнік выйгранай машыны ці кватэры. Пра такога героя кожны ад некага чуў, па тэлевізары бачыў, але ў сваім атачэньні і рэальным жыцьці не сустракаў, што дазваляе лічыць яго хутчэй міталягічнай істотай, чым жывым грамадзянінам РБ. Пераможца лятарэяў найчасьцей паўстае ў абліччы малапісьменнага грамадзяніна з тэлеэкрану, нічым не знакамітага жыхара райцэнтру перадпэнсійнага веку з залатым зубам альбо ў вобразе стрыечнага брата суседчынай цёткі, што за далёкім сьветам жыве і не прыяжджаў ніколі.
Героем шматлікіх тыповых паданьняў канца мінулага стагодзьдзя зьяўляецца таксама ўвішны вясковец, які разьбіраючы чужую хату на продаж, злавіў гаршчок золата на гарышчы схаваны, ці з-пад трэцяга бервяна залатую пяцёрку выцягнуў. Дык пасьля «і машыну сабе купіў, і дзеці ягоныя ў Менск перабраліся». Мае выгляд абачлівага, пажылога суседа за стырном «Жыгуля». Хітраватага і калісьці заможнага.
Ну, і канешне не губляе актуальнасьці звычайны дзік. Жыве і квітнее тая дзікая сьвіньня як у старых казках, так і ў іх пазьнейшых варыянтах: «Пайшлі бацькі па кукурузу, а дзяцей на дарозе ў машыне пакінулі. Чакалі бацькоў дзеткі, чакалі і не дачакаліся — дзікі іх парвалі», — гэткія паданьні гучалі, колькі сябе памятаю, ад розных асобаў, у розных мясьцінах, звычайна пад восень. Прычым кожны апавядальнік бажыўся, нібы гэта зь яго знаёмымі, ледзьве не сваякамі адбылося, але імёнаў пацярпелых ня ведаў. Ахвяры дзіка-людажэра пры такім раскладзе павінны былі пераваліць ужо за сотню.
А ўрэшце — куды ж без Бадзюляў! Іх існаваньне сумневу не падлягае. Тым больш, што везьці здалёку іх ня трэба — у кожным мястэчку для выставы знойдзецца некалькі вартых экспанатаў.