Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі няма чым карміць дзяцей, выгналі з хаты ці проста крызісная псыхалягічная сытуацыя. Куды ісьці маме з малымі дзецьмі?


У звычайнай менскай школе на вуліцы Хмялеўскага, 12а маленькі пакойчык напалову завалены дзіцячымі рэчамі. Гэта гуманітарная дапамога. Яна пойдзе ў сем’і, якім не хапае з чаго адзець і накарміць дзяцей. У другой палове — строі для спэктакляў, карціны, намаляваныя мамамі падчас майстар-клясаў, і дзьве супрацоўніцы цэнтру «Шчасьлівы малыш»: яны рыхтуюцца да разьвівальных заняткаў зь дзецьмі.

Цэнтар «Шчасьлівы малыш» утвораны пры «SOS — дзіцячай вёсцы Бараўляны». Яго супрацоўніцы кажуць, што не адмовяць ніводнай маме, якая апынулася ў крызіснай сытуацыі. Але прызнаюцца, што ўсім дапамагчы няпроста. Іх тут усяго пяць чалавек, у месяц сюды зьвяртаецца 100–120 сямей, якім патрэбная дапамога. Мы пагутарылі з кіраўніцай цэнтру Ірынай Шмак пра цэнтар дапамогі мамам і пра жыцьцё, у якім з жанчынамі здараюцца розныя, часам прыкрыя сытуацыі.

Ірына Шмак, кіраўніца цэнтру «Шчасьлівы малыш» утвораны пры «SOS — Дзіцячай вёсцы Бараўляны».
Ірына Шмак, кіраўніца цэнтру «Шчасьлівы малыш» утвораны пры «SOS — Дзіцячай вёсцы Бараўляны».

— Куды пайсьці маме ў цяжкім жыцьцёвым становішчы? Што абавязкова трэба зрабіць найперш?

— Перш за ўсё пайсьці хоць куды-небудзь, ня трэба заставацца сам-насам з сабою. Зьвярнуцца да сяброўкі, да сваёй матулі, калі ў іх добрыя адносіны. Да сьвятара, калі яна сама веруючая. І калі ня веруючая, але давярае сьвятару. Да грамадзкіх аб’яднаньняў, да дзяржаўных устаноў. Напрыклад, яна можа пайсьці ў тэрытарыяльны цэнтар абслугоўваньня насельніцтва. Там яе выслухаюць і падкажуць, што рабіць. Абавязкова трэба шукаць, дзе ёсьць дапамога. І дапамога ёсьць.

Калі вы ў Менску, то заўсёды можна зьвярнуцца да нас, у наш сацыяльны цэнтар «Шчасьлівы малыш» на вуліцы Хмялеўскага, 12а. Мы ніколі нікога не пакінем без дапамогі, у якім бы стане ні была жанчына.

— Але ў некаторых жанчын ёсьць страх, я б нават сказала так — жывёльны страх, што дзяржава можа забраць дзіця, калі яна не ўпраўляецца.

— Ізноў-такі, галоўнае — не заставацца адной з гэтым страхам. Ён можа быць рэальны, а можа быць і проста мітычны. Трэба шукаць дапамогі. Абавязкова трэба. Калі яна баіцца зьвяртацца да ўрадавых нейкіх арганізацый, можна пайсьці да НДА. У гэтай сытуацыі болей шанцаў, што яна захавае дзіця, што яны акажуць дапамогу. І зьвяртаецца няхай да нас. Мы няўрадавая ўстанова, мы сацыяльны цэнтар «SOS — Дзіцячай вёскі». Гэта нашая задача, нашая мэта — каб дзіця засталося з бацькамі. Трэба зьвяртацца і размаўляць. З псыхолягамі, зь юрыстамі...

— Колькі да вас прыходзіць жанчын? Зь якімі праблемамі яны часьцей за ўсё зьвяртаюцца?

— Прыблізна каля 100–120 мамаў у месяц. Кожная гісторыя вельмі індывідуальная. Бывае, што няма чым накарміць дзіця, або няма вазочка, дзіцячага ложка. Бывае патрэбная маральная падтрымка — проста каб нехта выслухаў і дапамог прыняць жыцьцёва важнае рашэньне. Бывае, што няма дзе жыць. У нас ёсьць SOS-кватэра, куды яна можа пайсьці зь дзіцем.

За 4 гады праз нашую SOS-кватэру прайшло 56 жанчын і 64 дзіцяці. І не было такога выпадку, каб мы адмовілі ў дапамозе. Кожны выпадак разглядаецца: калі ня мы дапаможам, то мы знойдзем, хто зможа гэта зрабіць (урадавыя ці няўрадавыя арганізацыі, заўсёды можна знайсьці варыянты).

— 56 жанчын — гэта нямала. Ці падоўгу яны жывуць у гэтым, так скажам, шэлтары?

— Па-рознаму. Ёсьць сытуацыі, калі толькі тыдзень патрэбны. І гэтага хапае, каб выйсьці з сытуацыі, знайсьці магчымасьці. А ёсьць выпадкі, калі жывуць і год, а потым яшчэ вымушаны вяртацца да нас.

Але калі яны ня могуць ад нас сысьці ці падоўгу не знаходзяць іншых варыянтаў, то мы робім нешта ня так.

Бо жанчына зь дзіцем — яна ж не бездапаможная. Яна атрымлівае і дэкрэтныя грошы. І пакуль яна ў нас, мы вучым яе, як разьмеркаваць гэтыя грошы, каб хапіла на патрэбныя рэчы.

У нас яна можа меней траціць на ежу, бо асноўнымі прадуктамі мы забясьпечваем. Так што мы — гэта хутчэй прыступка. Магчымасьць у цяжкай сытуацыі сабраць крыху грошай, атрымаць дапамогу псыхалягічную, юрыдычную, вырашыць тыя пытаньні, якія прывялі да таго, што ёй няма дзе жыць.

— Але куды яна потым пойдзе? Калі жыльля няма, дапамагчы няма каму?

— У нас не было такога выпадку, каб жанчына сыходзіла ў нікуды. Заўсёды сыходзяць кудысьці. Або гэта будзе кватэра, якую яна будзе наймаць з такой жа самай жанчынай, як яна. Або яна са сваімі бацькамі наладзіць адносіны. Нашы жанчыны і замуж выходзяць, усякае бывае.

— Якія самыя датклівыя катэгорыі мам? Хто часьцей за ўсё зьвяртаецца да вас па дапамогу?

— Часьцей за ўсё гэта самотныя маці, якія самі выхоўваюць дзіця і ня маюць ніадкуль дапамогі. Ці бацькі адмовілі, ці ў яе няма бацькоў і яна сама выхоўвалася ў інтэрнаце. І падтрымаць няма каму. А мужчына, ад якога гэтае дзіця нарадзілася, сышоў і не бярэ на сябе адказнасьць за выхаваньне дзіцяці. Гэта найбольш частыя выпадкі з тымі, хто трапляе ў кватэру, не ў сацыяльны цэнтар. Бо ў сацыяльны цэнтар трапляюць розныя жанчыны, розныя сем’і.

— А калі гаворка пра сям’ю, то гэта якія праблемы?

— Калі сям’я, то гэта і ўжываньне наркотыкаў, алькаголю мужчынам. А яна сыходзіць, бо там небясьпека для дзіцяці. Гэта і хатні гвалт. Гэта і калі мужчына жанчыну выганяе. Бо гэта ягоная кватэра, а ён не афіцыйны сужонак, а толькі партнэр. І кажа: «Ну, усё, ты мне надакучыла, ідзі адгэтуль». І калі яны да нас трапляюць, то мама мае шанец на рэабілітацыю — псыхалягічную, сацыяльную.

— У вашай працы многа дзяцей, сьмеху, вясёлых мерапрыемстваў і, на першы погляд, многа радасьці. Але бываюць жа, напэўна, і правалы? Здараецца, што не атрымалася камусьці дапамагчы?

— Цяжка. Калі правал — гэта значыць, што дзіця не знайшло тут сваёй сям’і. Гэта значыць, што, на жаль, яно пойдзе ў дом дзіцяці, або ў лепшым выпадку ў новую сям’ю.

Такія выпадкі здараюцца. Адзін-два, але яны былі. Нягледзячы на тое, што шмат сілаў было пакладзена, каб яны ня здарыліся.

Ведаеце, я вучу сябе і сваіх супрацоўніц, што адказнасьць за сваё бацькоўства нясуць яны, а ня мы. Гэта іх асабісты выбар, і мы за іх ня можам яго рабіць.

Але былі і сотні добрых прыкладаў. Увогуле, мне падаецца, не было падобных сытуацый. Кожная сытуацыя ўнікальная.

— Але калі сытуацыі ўнікальныя, то няма і агульнай стратэгіі, як працаваць?

— Стратэгія ёсьць. Наша стратэгія ў тым, што мы працуем на бацькоўства, на захаваньне дзіцяці ў сям’і, і ў гэтым ёсьць сыстэма. А сытуацыю, у якой апынулася тая ці іншая жанчына, мы будзем разглядаць і вырашаць.

Пасярод размовы ў школьны пакойчык зайшла адна з валянтэрак цэнтру «Шчасьлівы малыш». Мама траіх дзяцей сама прыйшла сюды чатыры гады таму па дапамогу — і засталася ў камандзе. Цяпер Ганна прыносіць рэчы для іншых, дапамагае з распаўсюдам інфармацыі і мерапрыемствамі.

— А што б вы параілі тым, хто ў цяжкай сытуацыі апынуўся сёньня? Што рабіць?

— Трэба сюды ісьці. Вы ж зразумейце, жанчыне заўсёды цяжка прызнацца, што ёй патрэбная дапамога. Заўсёды думаеш, што камусьці яшчэ цяжэй. А тут можна проста на майстар-клясы пахадзіць, лялькі сваімі рукамі парабіць, проста зь іншымі паразмаўляць, даведацца, што не адна такая. А там ужо і псыхоляг недзе паразмаўляе. Я, напрыклад, вельмі ўдзячная за дапамогу лягапэда старэйшаму сыну. А матэрыяльная дапамога — гэта, вядома, важнае вельмі, але не адзінае, што патрэбна жанчыне.

Сацыяльны цэнтар «Шчасьлівы малыш» «SOS — Дзіцячая вёска Бараўляны» «нарадзіўся» у 2013 годзе ў Менску і з таго часу дапамагае сем’ям і самотным мамам зь дзеткамі да 3 гадоў. Тут праводзяць кансультацыі і заняткі для бацькоў, ладзяць гурткі для бацькоў і дзетак ад 1,5 гадоў, адзначаюць разам шматлікія сьвяты і дапамагаюць адно аднаму.

Адрас цэнтру — Менск, вул. Хмялеўскага, 12а (СШ 105). Побач — мэтро «Грушаўка», гарадзкое ДАІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG