Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Кіеў робіцца горадам для дзяцей


Гэта гісторыя пра тое, як украінскія мамы выходзяць з кухняў і пачынаюць мяняць сьвет навокал для сваіх дзяцей і сябе.

Пасьля 11-й горад пачынае абкладаць паўднёвая сьпёка. Я заходжу ў парослы блюшчом і засыпаны нясьпелым вінаградам двор, такі, быццам тут спыніўся час, і адзіным наведнікам даўно стукнула сто гадоў. Але не, скрозь ліяны расьліннасьці заўважныя дзіцячыя вазкі, бачна нават, што гэта арганізаваны паркінг.

Дзясятак немаўлятаў лазяць па музэйным пакоі, грымяць падабранымі з падлогі цацкамі, паглынаюць са слоікаў штосьці наварыста-белае. Пэрымэтрам, ад карціны да карціны, крочыць экскурсавод, распавядаючы, чым мадэрновы белы розьніцца ад імпрэсіянісцкага. Ягоныя словы прагна паглынаюць мамы і таты ў дэкрэце, людзі без культурнага жыцьця і выхадаў «у людзі». Праект, які дазволіў ім прыходзіць у музэй, гэтак і завецца — «Культурны дэкрэт». Адукацыйная сустрэча, на якую можна прыносіць груднічкоў і прыводзіць шпаркіх «тодлераў», праходзіць чацьверты раз у музэі Ханенкаў, мае папулярнасьць у мамаў і замілоўвае тутэйшых «музэйных» бабуляў. Арганізавала «дэкрэт» Сьвятлана — ейны ўласны сын акурат перабягае з адной музэйнай залі ў іншую. Пра гэта з Кіеву піша журналістка Адэля Дубавец.

Гісторыя № 1. Оля

Дзейнасьць:

— суполка для кіеўскіх бацькоў
— кіно для бацькоў зь дзецьмі 0+
— патрабаваньне спавівальных столікаў у дзяржаўных установах
— мапа месцаў, прыязных для бацькоў зь немаўлятамі

Усьмешлівая і рухавая бляндынка, Оля Мырцала на першы погляд здаецца іншаземкаю, якая прыехала ў Кіеў на некалькі дзён. Яна пералівае мятную гарбату з каўнага кубка ў дзіцячы кубачак, падае свайму двухгадоваму Ляўку і крыху злуецца, калі іншыя наведнікі прапаноўваюць абдаць кіпнем тое, што малы падымае з зямлі і цягне ў рот.

Оля Мырцала
Оля Мырцала

— Я пачала дзейнічаць пасьля таго, як у мяне нарадзіўся сын. Ты ж не зразумееш праблемаў чалавека ў інвалідным вазочку, пакуль сам прынамсі дзень не правядзеш на такіх колах. Гэтак і зь дзіцём: пакуль яго няма, можаш і не падазраваць, што з горадам нешта ня так. А як зьяўляецца, бачыш — няма ніякай інфраструктуры. За два гады маёй дзейнасьці горад асабліва не памяняўся, але прастора навокал мяне — так.

Да нараджэньня дзіцяці я вяла вельмі актыўны лад жыцьця. Вучылася ў ЗША. Калі дзіця нарадзілася, я не гатовая была пагадзіцца, каб горад звузіў усё кола маіх заняткаў да кварталу вакол майго дому. Не магу выпасьці з усіх сваіх сацыяльных групаў. Калі я стварыла рух, да мяне далучыліся людзі з падобным досьведам — тыя, хто вучыўся ці жыў за мяжою, бачыў, як там арганізаванае жыцьцё, да таго ж гэта людзі актыўныя.

Ініцыятыву з кінасэансамі падтрымалі шмат бацькоў. Бо кіно — гэта для ўсіх. Калі да нараджэньня дзіцяці хтосьці мог і не хадзіць у рэстарацыі, то ў кіно хадзілі ўсе. І, відаць, кіраўніцтва кінатэатру, дзяржаўнай установы, гэта адчула з запытаў, лістоў. Ад часу, калі мы прыйшлі да іх з прапановай, да першага сэансу прайшоў месяц. Гэта вельмі кароткі тэрмін, нам давялося хутка працаваць, бо гэта ж новы прадукт з маркетынгавага гледзішча. Мы падалі дырэкцыі ўсе пазытыўныя наступствы, якія яны атрымаюць. У першую чаргу — карпаратыўны імідж установы інакшай, установы, якая зьвяртае ўвагу на сацыяльныя групы, якія ў меншасьці. Што да фінансаў — ня думаю, што яны дужа на гэтым зарабляюць, але возьмем пад увагу, што сэансы для бацькоў ідуць а 10-й аўторкамі. Гэта самы нярэйтынгавы час для кінатэатру, калі прадаецца па два квіткі (каб паказ адбыўся, патрэбна чатыры). У нас жа ад пачатку бацькоўскіх сэансаў былі найменш 17 асобаў, а найбольш — 180. Гэта посьпех. Тая сытуацыя, калі выйграюць усе.

Нашая канцэпцыя — кіно для бацькоў, а не для дзяцей. Дзецям да трох гадоў яно наагул не патрэбнае, ім патрэбныя шчасьлівыя бацькі. Таму фільмы для паказу — пераважна дарослыя — мы абіраем разам у нашай групе на фэйсбуку.

Адзін з нашых праектаў — стварэньне мапы месцаў, прыхільных для бацькоў з дзецьмі. Крытэраў прыхільнасьці тры: пандус, спавівальны столік і магчымасьць пакарміць дзіця. Дзіцячы пакойчык, аніматары — гэта можа разглядацца толькі як бонус. У рэстарацыю, напрыклад, бацькі прыходзяць есьці, і дзеці прыходзяць зь імі таксама найперш дзеля гэтага. Удзельнікі нашае суполкі ацэньваюць месцы паводле гэтых крытэраў, і мы іх наносім на мапу.

Гісторыя № 2. Ала

Кіруе хатнім украінскамоўным дзіцячым садком

Працоўнае месца, куды штодня ходзіць выхавальніца Ала Зінькевіч, зусім не падобнае да дзіцячага садка. Трохпакаёўка, якую здымаюць пад садочак, на першым паверсе жылога будынку. Тут і клясычны нясьвежы пад’езд, і аматары злоўжываць на лаўках у двары. У самой кватэры не застаецца ні шэрасьці, ні пэсімізму — дзеці рагочуць; пахне выпечкай: на кухні кагадзе падышлі булкі.

Ала Зінькевіч
Ала Зінькевіч

— Калі ў Кіеве едзеш на тралейбусе ці маршрутцы і нехта размаўляе зь дзіцём па-ўкраінску, людзі паварочваюцца, каб паглядзець на гэта, — кажа Ала. — І я сама заўважыла, што таксама гляджу: хто там такі цікавы. У пясочніцы ўкраінскамоўныя мамы таксама пачуваюцца ненашмат больш упэўнена, чым у вас — беларускамоўныя.

Ва Ўкраіне пакуль што спрасьцілі ўсе нормы, цяпер добры час, каб распачынаць такую дзейнасьць, як наша. Садочак хатняга тыпу не патрабуе ліцэнзіі, таксама няма вызначаных санітарных нормаў. Гэта як бы я запрасіла да сябе дадому дзяцей і зь імі гуляю. Хаця і ў нас хапала праблемаў, у першую чаргу з суседзямі, якія на нас даносілі, пасьля чаго прыходзіла паліцыя, санэпідэмстанцыя з праверкамі. Людзей, якія не разумеюць, як можна ў хаце рабіць дзіцячы цэнтар, усё яшчэ не бракуе.

Мой сын вучыцца дома. У нас быў досьвед школы, але там ён ня мог сябе раскрыць. Ён інтравэрт, праз групу экстравэртаў яму было складана прабіцца. Ён пачаў камплексаваць, закрывацца ў сабе. Пасьля таго як мы перанесьлі вучобу дадому, а сын стаў наведваць заняткі ў альтэрнатыўным цэнтры, ён стаў зусім іншым. Мы ўбачылі ў ім ўсё тое, што раней бачылі толькі дома.

У маіх марах — празь некалькі гадоў прадоўжыць наш хатні садочак яшчэ і ў маленькай хатняй школе. Ня хочацца гэтак адразу дзяцей сваіх адпускаць. Бачу, што ў нас дзеці шчасьлівыя. Здаралася, што хтосьці сыходзіў у дзяржаўны садок, але потым вяртаўся.

Гісторыя № 3. Тацяна

Унівэрсытэцкая выкладчыца сацыялёгіі дзяцінства кіруе рэсурсавым цэнтрам альтэрнатыўнай адукацыі

У рэсурсавым цэнтры няма школьнага «інглішу» з практыкаваньнямі і малюнкамі ў падручніку. Тут ангельская — працоўная мова на занятках журналістыкай. Падлеткі самі рыхтуюць навіны, адкідаюць фэйк, выкрываюць прапаганду. А потым запісваюць ўсё на камэру, вучацца прамаўляць публічна. І ўсё па-ангельску. Апавядаючы пра сваю працу, кіраўніца цэнтру Тацяна водзіць мяне па двары за старою камяніцай. Тут на невялічкіх градах у наведнікаў цэнтру падрастаюць кветкі ды агародніна.

Тацяна
Тацяна

— Тая школа, якая ёсьць у краіне, стваралася ў індустрыяльны пэрыяд, калі дзецям трэба было масава даваць элемэнтарныя веды, каб яны вырасталі ў грамадзянаў, што маюць неабходныя, але досыць абмежаваныя кампэтэнцыі. Каб дзяржава магла іх працаўладкаваць сабе на карысьць. Мне падабаецца, як гэта акрэсьлівае брытанскі адмысловец у справах адукацыі Кен Робінсан: школа падобная да заводу з рознымі цэхамі. Дзяцей тут аб’ядноўваюць паводле ўзросту. Не паводле інтарэсаў, не паводле ўзроўню разьвіцьця, не паводле жаданьняў, а па ўзросьце. Гэта як дата выпуску.

Мой сын вучыцца ў альтэрнатыўнай школе. Там кожнае дзіця мае ўласны профіль, створаны на падставе тэставаньня — насамрэч гэта проста размова. Напачатку кожнага дня дзеці распавядаюць, як сябе адчуваюць, што хочуць пасьпець за гэты дзень. Такі падыход разьвівае эмацыйны інтэлект, камунікацыйныя ўменьні. Калі гэтая база стабільная, мы можам казаць пра разьвіцьцё тэхнічных уменьняў — гэткіх, як чытаньне, пісьмо, матэматыка. Пакуль базавыя патрэбы бясьпекі і павагі ў дзіцяці не задаволеныя, яно ня можа разьвівацца інтэлектуальна. У школах часта гэтага ня ўлічваюць.

Альтэрнатыўнае навучаньне дзяцей у Кіеве
Альтэрнатыўнае навучаньне дзяцей у Кіеве

Сваю дачку я забрала зь дзяржаўнай школы пасьля пятае клясы. Прычына — не было часу на творчасьць. Школа забірала зашмат часу і энэргіі. Пасьля школы хацелася наведваць нейкія гурткі, пасьля гурткоў трэ было рабіць хатнюю працу. Чытаць, пісаць, маляваць часу ўжо не заставалася. Мы вырашылі, што школьны складнік можна скараціць, асабліва прадметы, ёй ня вельмі цікавыя.

Немагчыма падвесьці нейкі вынік, рэйтынг навучаньня хоўмскулераў. Дзеці вучацца дома зь вельмі розных прычынаў. У кагосьці стан здароўя, нехта застаецца, бо ня любіць рана ўставаць, а лепш працуе ўвечары. Можа быць ускладненая сацыялізацыя, інтэлектуальнае адставаньне ці, наадварот, адоранасьць, калі дзіця ўсіх абганяе і ў школе яму не цікава. Заўважна затое, што большасьці хоўмскулераў уласьцівыя пэўныя рысы. Гэтыя дзеці думаюць (ёсьць добрая ангельская фраза) «out of the box», ня ў рамках. Гэтыя дзеці могуць ня ведаць, як слушна аформіць працу, колькі клетак адступіць, але яны ўмеюць шукаць іншае рашэньне, паглядзець на сваю працу з розных бакоў. Яны ня любяць, калі зь імі катэгарычныя, маюць сілы сказаць: я лічу інакш.

Хоўмскулеры не бессыстэмныя, каб штомесяц здаваць кантрольныя з прадметаў: дзеці самі пільнуюць свае дэдлайны. Калі мая дачка чагосьці не давучыць — яна ня сьпіша, яна здае прадмет непасрэдна настаўніку.

У нашым цэнтры дзеці кампэнсуюць патрэбу ў камунікацыі, у працы камандаю. Група робіць праект — максымум 10 чалавек. Мы займаемся па тры гадзіны на тыдзень, а чацьвертая гадзіна адведзеная на камунікацыю, можна і ў пляншэтах разам пасядзець, пагуляць у гульні. Летась, напрыклад, быў праект, калі група дзяцей 11–14 год стварала краіну. Пачынаючы зь ейных геаграфічных асаблівасьцяў, дзеці мусілі ўсё разьлічыць самі — якія будуць тэхналёгіі, мова, міністэрствы, асноўныя законы. Праект залучаў веды з усіх прадметаў. І гэта было складана. Бо яно толькі гучыць весела — напісаць канстытуцыю. Гэты праект, дарэчы, стваралі хоўмскулеры разам з тымі, хто ходзіць у школу.

*За час рыхтаваньня гэтага матэрыялу дзяржаўны музэй Ханенкаў вырашыў зрабіць экскурсіі для бацькоў немаўлятаў цыклічнымі і ўнёс іх у свой каляндарны плян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG