«Мы ня маем права прапускаць вас, таму што ведаем, хто вы такі», — так кажуць ахоўнікі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Крысьціяну Шынкевічу. Адлічаны студэнт ня можа трапіць ва ўнівэрсытэт, дзе вучыўся яшчэ месяц таму. Нават каб зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэставаньне.
24 сакавіка Крысьціяна Шынкевіча адлічылі зь Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Афіцыйна — за пропускі заняткаў. Аднак напярэдадні яго двойчы выклікалі ў дэканат ды патрабавалі закрыць свой профіль у твітэры. Там ён пісаў пра парушэньні правоў.
Цягам папярэдняга году Шынкевіч супрацоўнічаў з «Цэнтрам разьвіцьця студэнцкіх ініцыятываў». 25 сакавіка яго, назіральніка-валянтэра, затрымаў АМАП на офісе праваабарончага цэнтру «Вясна». 26 сакавіка яго зноў затрымалі, гэтым разам супрацоўнікі КДБ у пераходзе на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў на Акрэсьціна.
Неўзабаве пасьля адлічэньня Шынкевіч трапіў у сьпіс тых, каму забаронены ўваход ва ўнівэрсытэт. Калі 3 красавіка хлопец прыйшоў забраць атэстат, трапіць у будынак змог толькі зь міліцыяй.
«Ахова сказала, што ня пусьціць, і ўсё, — сказаў Крысьціян Свабодзе. — Калі прыехалі міліцыянты, хвілін праз 20 нас упусьцілі разам зь імі і аховай. Мы пайшлі ў аддзел кадраў, і мне аддалі атэстат».
На ахову, якая забараніла яму ўваходзіць ва ўнівэрсытэт, ён напісаў скаргу ў Міністэрства адукацыі і пракуратуру. Адтуль скаргу перанакіравалі ў сам унівэрсытэт. У адказе Крысьціяну Шынкевічу напісана, што ён не паказаў ахове сваіх дакумэнтаў, не патлумачыў, навошта ідзе ў будынак, і яшчэ несанкцыянавана фатаграфаваў і здымаў відэа.
Больш за тое, БДПУ сьцьвярджае, што міліцыя была выклікана не Шынкевічам, а на Шынкевіча.
«Насамрэч міліцыю я выклікаў», — кажа Шынкевіч.
Крысьціян хацеў пабачыць матэрыялы праверкі на ўласныя вочы і пайшоў у БДПУ 4 траўня. Але ахова зноў адмовілася яго прапускаць. Ён паказаў свой пашпарт, патлумачыў, куды ідзе, і папрасіў, каб яго запісалі ў журнал.
«Мы ня маем права прапускаць вас, таму што ведаем, хто вы ёсьць насамрэч», — адказалі ахоўнікі. Размову зь імі Шынкевіч запісваў на дыктафон.
Потым да пункту аховы прыйшоў кіраўнік аддзелу кадраў. Сказаў, што згодна з законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» Шынкевіч ня мае права азнаёміцца з матэрыяламі па сваёй скарзе.
«Я кажу — 7-ы артыкул закону акурат дае такое права», — кажа Крысьціян.
Сапраўды, артыкул 7-ы закону «Аб зваротах грамадзян» дазваляе знаёміцца з матэрыяламі, якія непасрэдна тычацца разгляду зваротаў, калі гэта не закранае правоў, свабодаў і (або) законных інтарэсаў іншых асобаў.
Але нават зь міліцыяй трапіць у ВНУ 4 траўня Шынкевічу не ўдалося. Таму ён зноў напісаў скаргу. Гэтым разам копію даслаў яшчэ і ў Адміністрацыю прэзыдэнта.
Акурат цяпер у пэдунівэрсытэце праходзіць запіс на цэнтралізаванае тэставаньне. Калі Шынкевіч прыйшоў запісацца, яго зноў не прапусьцілі.
Тым часам на паперы ўсё выглядае цудоўна:
«Прарэктар па навучальнай працы Зелянкевіч мне адказваў пісьмова, што любы чалавек можа прыйсьці ў ВНУ, калі патлумачыць мэту наведваньня, пакажа дакумэнт і зарэгіструецца ў журнале».
Такое стаўленьне да сябе былы студэнт тлумачыць магчымай помстай адміністрацыі ўнівэрсытэту за сваю грамадзкую актыўнасьць.
«На пасту аховы нават маё фота вісела, — кажа Шынкевіч. — Мне яго пераслаў хлопец з унівэрсытэту. Расказаў, што ахоўнікам загадалі не пускаць мяне».
Забарону на ўваход для Шынкевіча ў адміністрацыі ўнівэрсытэту называюць прыдумкай. Як патлумачыла Свабодзе прарэктарка па выхаваўчай працы Сьвятлана Копцева, ні загаду, ні даручэньня, каб не пускаць Шынкевіча, не было.
«Калі толькі ён нешта парушаў, — сказала Копцева. — У любога чалавека, які праходзіць, пытаюць: зь якой мэтай. Можа, ён нейкія відэа зьбіраўся здымаць, ці што? Я ня ведаю».