Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не саджаць за незарэгістраваныя арганізацыі, караць за прапаганду самагубства: што хочуць зьмяніць у Крымінальным кодэксе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі прапанаваў праект закону, які зьмяняе, а месцамі лібэралізуе крымінальнае заканадаўства. На партале pravo.by апублікаваны (PDF) праект Закону аб зьменах у шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі. Законапраект накіраваны ў Палату прадстаўнікоў. Зьмены, калі будуць прынятыя, набудуць сілу праз паўгода пасьля апублікаваньня закону.

Агулам прапануецца сотня зьменаў у розныя артыкулы. Некаторыя зьмены хутчэй касмэтычныя, некаторыя — проста ўдакладненьні, але ёсьць і даволі значныя.

Больш штрафаў, менш канфіскацыяў

Так, у артыкул 46 аб рэалізацыі крымінальнай адказнасьці ў дадатак да выкананьня пакараньня, адкладаньня або скасаваньня пакараньня асобна ўносіцца пункт пра магчымасьць «спэцыяльнай канфіскацыі» (здабытага злачынным шляхам, а пры страце такога — адпаведнай грашовай сумы) нават пры вызваленьні ад крымінальнай адказнасьці. Асобны артыкул 61 аб канфіскацыі маёмасьці прапануюць выключыць, у шэрагу артыкулаў канфіскацыю маёмасьці прапануюць замяніць штрафам.

З Крымінальна-выканаўчага кодэксу прапануюць прыбраць шэраг артыкулаў пра парадак канфіскацыі маёмасьці, дадаць новы разьдзел пра парадак «спэцыяльнай канфіскацыі». Прысуды аб канфіскацыі, выкананыя да набыцьця законам сілы, ня будуць пераглядацца.

Штраф замест турмы за «незарэгістраваныя арганізацыі»

Артыкул 193-1 пра незаконную дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі прапануюць выключыць. Паводле гэтага артыкулу цяпер можна караць штрафам, арыштам або турмой на тэрмін да 2 гадоў за дзейнасьць у арганізацыі, якую ўлады адмаўляюцца рэгістраваць.

Так каралі, напрыклад, чальцоў «Маладога фронту», які не зарэгістравалі ў Беларусі, але пагадзіліся зарэгістраваць у Чэхіі (лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч за гэта правёў у калёніі больш за год). Беларускія і замежныя праваабарончыя арганізацыі даўно крытыкавалі гэты артыкул, называлі яго недэмакратычным і патрабавалі скасаваць.

«Апошні чыста палітычны артыкул»: Дашкевіч аб прапанове ўраду не саджаць за незарэгістраваныя арганізацыі

Пры гэтым у Адміністрацыйны кодэкс прапануюць дадаць артыкул 23.88 пра «незаконную арганізацыю дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі або фонду і ўдзел у іх» — за гэта прапануюць штрафаваць на суму да 50 базавых велічыняў (на момант публікацыі гэта 1225 рублёў). Штрафаваць ня будуць за дзеяньні, зьвязаныя з рэгістрацыяй такога аб’яднаньня.

Паклёп і абраза — крымінал, калі публічна

Крымінальная адказнасьць за абразу ці паклёп (артыкулы 188 і 189), паводле прапановаў, мае наступаць толькі ў выпадку, калі абраза ці паклёп былі ў непрыстойнай форме на публічным выступе, у друку або ў СМІ, у інтэрнэце, або калі ўтрымлівалі абвінавачваньне ў цяжкім злачынстве. За гэта прапануецца караць па-ранейшаму: штраф, арышт, папраўчыя работы на тэрмін да двух год або абмежаваньне волі на тэрмін да трох год.

Частку пра «непублічныя» абразу і паклёп прапануюць прыбраць з Крымінальнага кодэксу (крымінальная адказнасьць цяпер прадугледжваецца, калі дзеяньні былі паўторна ўчыненыя цягам году пасьля адміністрацыйнага пакараньня за паклёп або абразу), пакінуць толькі ў адміністрацыйным.

У Адміністрацыйным кодэксе артыкул 9.2 пра паклёп прапануюць крыху мадыфікаваць: словы «выдумак» і «якія ганьбяць» замяніць на «зьвесткі» і «якія ганяць». Артыкул 249 Крымінальнага кодэксу пра дыскрэдытацыю бізнэс-рэпутацыі канкурэнта прапануюць выключыць.

Крыху мешныя пакараньні за наркотыкі

«Наркатычны» артыкул 328, супраць якога адбываліся рэзанансныя пратэсты галадоўніц «Маці 328», прапануюць мадыфікаваць нязначна: зьнізіць мінімальныя пакараньні зь 5 да 3 гадоў турмы за выраб, набыцьцё, захоўваньне і перавозку з мэтай продажу; з 8 да 6 гадоў — за тое самае групай асобаў або ў буйным памеры.

«Наркатычны» артыкул ня будзе разглядацца асобна, а будзе разглядацца адначасова са зьменамі ў тры кодэксы

Артыкул 329 пра вырошчваньне «наркатычных» расьлінаў ці грыбоў прапануюць мадыфікаваць так, каб прыбраць удакладненьне «з мэтай продажу» — караць за вырошчваньне зь любой мэтай.

«Совершить Роскомнадзор»

Прапануецца ўвесьці крымінальную адказнасьць за «прапаганду самагубства» (новы артыкул 342-1) — наўмысны распаўсюд зьвестак любой формы ў мэтах узбуджэньня ў «няпэўнага кола асобаў» «рашучасьці ўчыніць самагубства». За гэта прапануюць караць штрафам, папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, арыштам або абмежаваньнем волі на тэрмін да 2 гадоў. Калі гэта пацягнула сьмерць або замах на самагубства — турмой на тэрмін да 5 гадоў, калі больш за адзін такі выпадак — ад 3 да 6 год.

Падобная норма зь нядаўняга часу дзейнічае ў Расеі, але празь яе маюць праблемы СМІ: ім нельга пісаць, як было ўчыненае самагубства, бо гэта могуць зьлічыць за прапаганду спосабу. Праз гэта ў Расеі зьявіўся крылаты выраз «совершить Роскомнадзор».

У той жа час у артыкул 145 аб давядзеньні да самагубства прапануюць дадаць апісаньне магчымых шляхоў гэтага дзеяньня: пагрозу гвалту асобе або блізкім, прыніжэньне, пашкоджаньне маёмасьці, распаўсюджаньне паклёпніцкіх зьвестак або прыватных тайнаў.

Карупцыя і халатнасьць

За прадпрымальніцкую дзейнасьць без спэцыяльнага дазволу паводле артыкулу 233 прапануюць зьменшыць максымальны тэрмін пазбаўленьня волі з 3 да 2 гадоў. За наўмыснае банкруцтва паводле артыкулу 240 — з 3 да 2. За раскрыцьцё камэрцыйнай тайны максымальнае пакараньне — з 5 да 3.

Артыкул 237 прапануюць перапісаць — «вымантачваньне крэдыту або субсыдыі» замяніць на «незаконнае атрыманьне крэдыту або субсыдыі». Артыкул 244 пра парушэньне антыманапольнага заканадаўства прапануюць выключыць (цяпер за гэта могуць садзіць на тэрмін да 2 гадоў).

Артыкул 428 пра службовую халатнасьць прапануюць дапоўніць разьдзелам пра халатнасьць, якая пацягнула сьмерць або цяжкія наступствы — за гэта прапануюць караць абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў або турмой на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.

У артыкул 433 аб незаконным узнагароджаньні прапануюць дадаць крымінальную адказнасьць ня толькі за прыняцьце, але і за даваньне такога ўзнагароджаньня. Пакараньне прапануюць не мяняць: ад штрафу да турмы на тэрмін да 3 год.

Відэакамэра замест панятых

Крымінальна-працэсуальны кодэкс прапануюць дапоўніць артыкулам 202-1 аб ужываньні аўдыё- і відэазапісаў пры сьледчых дзеяньнях без удзелу панятых. Раней для сьледчых дзеяньняў быў неабходны ўдзел мінімум дваіх панятых.

Запіс мае адлюстроўваць увесь ход дзеяньня. Фільмаваць працэс толькі часткова нельга, рабіць дзеяньні «на біс» пад запіс пасьля таго, як яны ўжо былі ўчыненыя, таксама нельга. Што будзе, калі гэтыя нормы парушаюцца, не апісваецца.

Мова, парнаграфія і злачынствы супраць дзяржавы

У артыкул 57 Крымінальнага кодэксу прапануецца дадаць, што зьняволеньнем на тэрмін да 25 гадоў можна караць ня толькі за наўмысны замах на жыцьцё і за незаконнае абарачэньне наркотыкаў, але і за асабліва цяжкія «злачынствы супраць дзяржавы».

За выраб або распаўсюд парнаграфіі прапануюць караць ня толькі зьняволеньнем, але і абмежаваньнем волі (тэрмін ранейшы — ад 2 да 4 гадоў).

Таксама зьмены прапануюцца ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс.

Так, у артыкуле аб мове справаў прапануюць дазволіць весьці працэс ня толькі на беларускай або расейскай, а і адначасова на беларускай і расейскай мовах.

Шэраг артыкулаў прапануюць дапоўніць удакладненьнем — у справах прыватнага абвінавачаньня пацярпелага могуць прадстаўляць блізкія родзічы пры недзеяздольнасьці з прычыны ўзросту, стану здароўя або сьмерці пацярпелага.

P.S. Што ня будуць канфіскоўваць

У сьпісе маёмасьці, на якую ня можа быць накладзены арышт дзеля кампэнсацыі шкоды, прапануюць унесьці:

  • жылы дом або кватэру, дзе пастаянна пражываюць асоба і сям’я асобы;
  • зямельныя ўчасткі з дамамі і ўчасткі, неабходныя для сельскай і падсобнай гаспадаркі;
  • гаспадарчыя пабудовы і свойскіх жывёлаў, неабходных для «задавальненьня патрэб сям’і», і корм для неабходных жывёлаў;
  • насеньне для пасеву;
  • дзіцячыя рэчы;
  • мінімальную неабходную мэблю, ужываныя адзеньне, абутак, бялізну, кухонныя і сталовыя рэчы (можна футра і каштоўную вопратку, а таксама прадметы з каштоўных мэталаў і мастацкія каштоўнасьці);
  • прадукты харчаваньня ў неабходнай для асобы ці сям’і колькасьці да новага ўраджаю (калі асноўны занятак асобы — сельская гаспадарка) або прадукты і грошы на суму ў 10 базавых велічыняў на чалавека (245 рублёў на момант публікацыі);
  • паліва для ацяпленьня і гатаваньня ежы; інвэнтар для прафэсійных заняткаў (калі ён толькі не выкарыстоўваўся для злачынства);
  • транспарт для інвалідаў;
  • міжнародныя і дзяржаўныя ўзнагароды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG