Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апошні чыста палітычны артыкул»: Дашкевіч аб прапанове ўраду не саджаць за незарэгістраваныя арганізацыі


«Малады Фронт» праводзіць акцыю #СьвятаНезалежнасьці, 2016 год
«Малады Фронт» праводзіць акцыю #СьвятаНезалежнасьці, 2016 год

Урад Беларусі прапанаваў праект закону, які зьмяняе, а месцамі лібэралізуе крымінальнае заканадаўства. Агулам прапануецца сотня зьменаў (пра найважнейшыя чытайце тут). Адна з самых заўважных тычыцца «незарэгістраваных арганізацыяў».

Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу пра незаконную дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі прапануюць выключыць. Паводле гэтага артыкулу цяпер можна караць штрафам, арыштам або турмой на тэрмін да 2 гадоў за дзейнасьць у арганізацыі, якую ўлады адмаўляюцца рэгістраваць.

Пры гэтым у Адміністрацыйны кодэкс прапануюць дадаць артыкул 23.88 пра «незаконную арганізацыю дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі або фонду і ўдзел у іх» — за гэта прапануюць штрафаваць на суму да 50 базавых велічыняў (на момант публікацыі гэта 1225 рублёў). Штрафаваць ня будуць за дзеяньні, зьвязаныя з рэгістрацыяй такога аб’яднаньня.

Беларускія і замежныя праваабарончыя арганізацыі даўно крытыкавалі гэты артыкул, называлі яго недэмакратычным і патрабавалі скасаваць.

«Улічваючы сацыяльную небясьпеку злачынцы»

Зьміцер Дашкевіч, архіўнае фота
Зьміцер Дашкевіч, архіўнае фота

Паводле артыкулу 193-1 КК РБ каралі ў тым ліку чальцоў «Маладога фронту», які не зарэгістравалі ў Беларусі, але пагадзіліся зарэгістраваць у Чэхіі. Лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч за гэта правёў у калёніі больш за год — у лістападзе 2006 годзе яго асудзілі на паўтара года калёніі агульнага рэжыму, але вызвалілі датэрмінова ў студзені 2008-га.

Дашкевіч абураецца сваім прысудам 2006 году: яго садзілі, як ён згадвае ў камэнтары Свабодзе, «улічваючы сацыяльную небясьпеку злачынцы, якая выяўлялася тым, што кіраваў „Маладым фронтам“, мэта якога — выхаваньне духоўна і фізычна моцнага пакаленьня беларусаў на падмурку нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў».

Дашкевіч кажа, што артыкул быў апошнім у Крымінальным кодэксе, які быў несумнеўна «палітычным»: калі ў іншых можна было сказаць, што чалавека садзяць не з палітычных матываў, то з 193-1 сумневаў быць не магло. Гэта было «пераборам нават для Лукашэнкі», мяркуе ён.

Фактычна быў мараторый цягам дзесяці год

«Пасьля таго, як не атрымалася ў іх разграміць „Малады фронт“ па сродках гэтага артыкулу, фактычна быў мараторый цягам дзесяці год, — разважае Дашкевіч. — Усе прыходзілі на суд і казалі: „быў у Маладым фронце і буду“. І паўстала такая сытуацыя, нават для беларускага рэжыму ня вельмі прыемная, калі трэба было „пакаваць“ 15-17-гадовых дзяцей.

Гэта першая і галоўная прычына, я думаю. Цяпер без рэгістрацыі дзейнічаюць многія арганізацыі ў Беларусі — і праваабарончыя, і грамадзкія, і палітычныя. Артыкул не ўжываўся даўно. А другая прычына — што гэта быў фактычна адзіны выразна палітычны артыкул. Цяжка было распавядаць замежнікам, што „ўсе крымінальнікі“».

Ці сапраўды будуць штрафаваць?

Ці будуць зараз больш штрафаваць сябраў незарэгістраваных арганізацыяў, Дашкевіч не бярэцца прадказваць, бо «што можна казаць, калі садзяць на суткі за допісы ў сацыяльных сетках».

Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота
Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

Юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч мяркуе, што і адміністрацыйны (хай сабе не крымінальны) артыкул за «незарэгістраваныя арганізацыі» гэта «недапушчальнае абмежаваньне свабоды асацыяцыяў». Ён згадвае і стаўленьне АБСЭ пра патрабаваньне абавязковай рэгістрацыі: такая рэгістрацыя мусіць быць хіба што факультатыўнай, а адказнасьць за «незарэгістраванасьць» недапушчальная.

«Як зараз практыка будзе, ніхто ня ведае, — разважае Стэфановіч. — Можна штрафаваць кожны дзень, ніхто ж не замінае. Потым могуць назапасіцца такія запазычанасьці, што абмяжуюць выезд, канфіскуюць маёмасьць... Калі творча падыйсьці, можна „ўпрыгожыць“ жыцьцё і без крымінальнай адказнасьці».

***

Акрамя 193-1, у Беларусі існуе яшчэ прынамсі адзін артыкул Крымінальнага кодэксу, які часта называюць палітычным. Артыкул 368 КК РБ карае за «абразу прэзыдэнта», але абраза чалавека сама па сабе — таксама незаконнае дзеяньне, якое караецца па артыкуле 189 КК РБ. Цяпер крымінальны артыкул ужываецца, калі абраза ўжо другая цягам году пасьля першай, за якую каралі па адміністрацыйным, але гэтае ўдакладненьне прапануюць прыбраць. Адказнасьць амаль аднолькавая: ад штрафу да трох год абмежаваньня волі, але ў выпадку 368-га артыкулу дапускаецца ня толькі абмежаваньне, але і пазбаўленьне волі.

За «абразу прэзыдэнта» цяпер зьбіраюцца судзіць папулярнага відэаблогера NEXTA, які рабіў відэа на тэму пераважна палітычных навінаў. Незразумелы лёс справы полацкага прадпрымальніка Генадзя Берданева, якога абвінавачвалі ў актыўнасьці ў суполцы «Надоел нам этот Лукашенко» ў «Аднаклясьніках» — справу не спынілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG