«На кватэру да фігуранта справы „графіцістаў“ Вячаслава Касінерава спрабуюць трапіць прадстаўнікі сілавых структураў. 6 красавіка каля 20:00 дадому да Вячаслава Касінерава прыехаў чалавек у цывільнай вопратцы, які прадставіўся маці актывіста намесьнікам начальніка аддзелу Маскоўскага РУУСа Астаховічам Сяргеем Аляксандравічам. Ён цікавіўся месцазнаходжаньнем Вячаслава, а таксама пытаўся, дзе той быў у мінулы чацьвер. Зранку 7 красавіка ягоны візыт паўтарыўся, але ніякіх тлумачэньняў супрацоўнік міліцыі ня даў», — паведаміў сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».
Пэўны час карэспандэнту Свабоды не ўдавалася зьвязацца зь Вячаславам Касінеравым, каб атрымаць ад яго камэнтар да падзеяў, але бліжэй да вечара былы «графіціст» падняў слухаўку.
«Так, з учорашняга дня пачаліся да мяне візыты міліцыянтаў, я пра гэта ведаю. Мяне тады дома не было, пытаньні задавалі маёй маці, але ім маці не адчыніла. І сёньня гэта працягнулася, паўтарылася тройчы за дзень. Зранку, у абед і падвечар. Але я сам цяпер дома не прысутнічаю, мне паведамляюць сваякі. Ня толькі былі званкі ў дзьверы, але і на хатні тэлефон. Таксама да маіх знаёмых прыходзілі і пыталіся ў іх пра людзей, якія са мной ніколі не былі. Адносна мяне пыталіся пра чацьвер: дзе я быў, дзе былі мае сябры. Разумею, што гэта зьвязана зь нейкімі гучнымі справамі, мяркую, з акцыямі падтрымкі антыфашыстаў, якіх цяпер трымаюць за кратамі. Магчыма, я як сябра пэўных людзей непасрэдна апынуўся пад прыцэлам гэтых службоўцаў як патэнцыйны ўдзельнік нейкіх акцыяў. Пэўна, на мяне гэтак чыняць ціск, мажліва, нейкую інфармацыю жадаюць ад мяне даведацца».
Вячаслаў Касінераў не паведаміў карэспандэнту Свабоды, дзе ён быў у той дзень, якім цікавіліся міліцыянты. Вячаслаў спаслаўся на тое, што ягоны тэлефон могуць праслухоўваць.
У 2016 годзе Фрунзенскі раённы суд Менску прызнаў Вячаслава Касінерава, а таксама Максіма Пячэрскага і Вадзіма Жаромскага вінаватымі ў крымінальным злачынстве і аштрафаваў за нанясеньне на розныя абʼекты гораду графіці «Беларусь мусіць быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці. Яна ўжо ідзе», а таксама за запэцканьне фарбай сацыяльнай рэклямы з выявай міліцыянтаў. Скарга «графіцістаў» у Менскі гарадзкі суд не была задаволеная.