Былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Тацяна Караткевіч выключаная са сьпісаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў першы намесьнік старшыні партыі Ігар Барысаў:
«Можна казаць, што абмеркаваньня гэтага пытаньня фактычна не было.
Паводле нашага статуту калі сябра партыі публічна заяўляе, што ён беспартыйны, у СМІ або ў дакумэнтах, то партыйная структура павінна прыняць гэтую інфармацыю да ведама і скрэсьліць са сваіх радоў дадзенага сябру. Мы так і зрабілі».
Тацяна Караткевіч на мінулым тыдні спыніла сваё сяброўства ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Пра гэта яна заявіла мэдыям. У дакумэнтах, якія спадарыня Караткевіч перадала ў выбарчую камісію, пазначана, што яна беспартыйная.
Ігар Барысаў паведаміў таксама, што партыя разьвіталася яшчэ з трыма былымі сябрамі. Усё гэта зьвязана з кампаніяй па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня:
«Гэта Алег Яхімовіч з Маладэчна, які быў сябрам нашай партыі, а вылучаны кандыдатам у дэпутаты чамусьці ад Партыі БНФ. І заканадаўства Рэспублікі Беларусь, і наш статут забараняюць адной і той жа асобе быць у дзьвюх партыях адначасова. Таму мы вымушаныя былі зь ім разьвітацца.
Падобная гісторыя адбылася і зь Мікалаем Мяцеліцам зь Бялынічаў. Ён лічыўся ў нашай партыі. Пасьля кантакты зь Бялынічамі фактычна страціліся. А цяпер мы заўважылі яго сярод вылучэнцаў БНФ.
У Рэчыцы ў нас была Іна Мінянкова. Але пры падачы дакумэнтаў у выбарчую камісію яна пазначыла сваю беспартыйнасьць. Спадарыня Мінянкова таксама ўдзельнічае ў выбарах, але ўжо як прадстаўніца грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“».