Сустаршыня грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Тацяна Караткевіч падала дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты па Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 96.
Вось як яна пракамэнтавала гэтую падзею:
«За 16 ударных дзён — 1402 подпісы! Праўда, частку давялося выбракавать з-за розных дробных памылак. Наша каманда папрацавала як мае быць: абышлі ў Кастрычніцкім раёне сталіцы паўсотні шматпавярховікаў, дзясяткі прыватных дамоў, пагутарылі мінімум зь дзесяцьцю тысячамі чалавек».
Сярод тых, хто зьбіраў подпісы за Тацяну Караткевіч, 64-гадовы таксіст Васіль Кайданюк, мадэльер Саша Варламаў, эколяг Натальля Парэчына, афіцыянт Эміль Ярмохін, студэнты Віталь Мацукевіч, Серафім Кірыенка і Валерыя Нікіценка, падпалкоўнік запасу Павал Чарняцоў — людзі самых розных узростаў і прафэсіяў.
Самым «плённым» зьбіральнікам подпісаў аказалася маці Тацяны Натальля Нікіцічна. На другім месцы — начальнік выбарчага штабу Жанна Семянтовіч.
Адразу пасьля здачы подпісаў Тацяна Караткевіч і сябры яе ініцыятыўнай групы пайшлі дапамагаць тым кандыдатам ад «Гавары праўду», якія яшчэ працягваюць свае кампаніі ў Менску. А на выходныя яны едуць у Лагойск і Стоўбцы.
«Мы разьлічваем, што каля 25 чалавек з нашай каманды зьбяруць па 1000 і больш подпісаў і зарэгіструюцца кандыдатамі ў дэпутаты», — кажа Тацяна Караткевіч.
Астатнія прэтэндэнты ў дэпутаты ад «Гавары праўду» будуць падаваць дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатамі ў апошні дзень — 1 жніўня.