Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калядная казка для Лукашэнкі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Адмыслоўцы ў энэргетычных пытаньнях абмяркоўваюць магчымыя наступствы для Беларусі падатковага манэўру ў Расеі і разважаюць пра «чорны» сцэнар для беларускай нафтавай галіны. Эканамісты дыскутуюць аб праблеме магчымага дэфолту, бо ў бюджэце ёсьць толькі чвэрць грошай для вяртаньня даўгоў. Палітолягі спрачаюцца аб тым, чым закончыцца нафтагазавая вайна з Расеяй.

А ў гэты час у краіне адбываецца галоўная падзея году. Хто не зразумеў, глядзіце БТ. Там растлумачаць, што ўвага ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва прыкаваная да Каляднага хакейнага турніру на прыз Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта, маўляў, неафіцыйны чэмпіянат сьвету сярод хакеістаў-аматараў. Сёлета ён адбываецца 13-ты раз. «Цяперашні турнір зьяўляецца самым маштабным па колькасьці краін-удзельніц. Мы рады вітаць гульцоў з 15 дзяржаў», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка ў прывітальным выступе перад пачаткам спаборніцтваў. З паведамленьняў дзяржаўных мэдыяў вынікае, што беларусы проста не маглі дачакацца гэтага турніру, і цяпер запаўняюць трыбуны «Чыжоўка-Арэны» да адказу.

Усе высілкі дзяржаўных інстытутаў робяцца толькі і выключна дзеля забавы і задавальненьня аднаго чалавека.

Ва ўмовах скарачэньня расходных артыкулаў бюджэту арганізатарам давялося шукаць грошы для правядзеньня гэтага відовішча. Дырэктары і настаўнікі школ пра сябе клянуць тых, хто прымусіў на канікулы у такі холад займацца татальнай мабілізацыяй школьнікаў. А журналісты дзяржаўных мэдыяў вымушаны дэманстраваць сваё паказное захапленьне і імпэт ад гэтага мерапрыемства.

Навошта і дзеля чаго гэта робіцца? Тут мы маем рэдкі нават для беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця экспэрымэнт. Рэдкі па чысьціні. У тым сэнсе, што тут няма ніякіх іншых палітычных, ідэалягічных ці піяраўскіх прымесяў. Усе высілкі дзяржаўных інстытутаў робяцца толькі і выключна дзеля забавы і задавальненьня аднаго чалавека.

Каб парадаваць дзяцей на Новы год, людзі прыдумалі казку пра Дзеда Мароза. А тут мы бачым дарослую гульню ў гэтую навагоднюю ці калядную казку. У такія моманты здаровы сэнс і вострая палітычная інтуіцыя, якую дэманструе Галоўны Хакеіст у палітычным жыцьці, спрэс зьнікае. Адбываецца ўпадзеньне ў дзяцінства.

Выглядае так, што ён проста не разумее ўсю фарсавасьць гэтай сытуацыі. Вось на поўным сурʼёзе Лукашэнка ў выступе перад пачаткам спаборніцтва кажа: «Нас чакаюць займальныя і яркія баталіі на лядовых арэнах. Ізноў твар у твар сыдуцца каманды, гатовыя ўпарта змагацца за галоўны прыз, паказаць гледачам высокі клас гульні».

Толькі ў 2015 годзе здарылася неспадзяванка. Тады запрошаная на турнір каманда «Газпрому» зрабіла выгляд, што не зразумела правілаў беларускага хакею, узяла і абгуляла «каманду прэзыдэнта»

Між тым вынік турніру (як і вынік прэзыдэнцкіх выбараў) добра вядомы кожнаму беларусу. Толькі ў 2015 годзе здарылася неспадзяванка. Тады запрошаная на турнір каманда «Газпрому» зрабіла выгляд, што не зразумела правілаў беларускага хакею, узяла і абгуляла «каманду прэзыдэнта». Дык больш яе не запрашаюць. Цяпер Расею прадстаўляе нейкая каманда з Уфы. Пра яе сілу сьведчыць такі факт: у першым матчы яна прайграла камандзе Славаччыны зь лікам 0:12. Думаю, «каманда прэзыдэнта» адпомсьціць Расеі за ўсе крыўды ў нафтагазавай вайне.

Увогуле, каб забясьпечыць патрэбны вынік, склад удзельнікаў турніру падабраўся адпаведны. Няма камандаў з галоўных хакейных дзяржаў: Канады, ЗША, Чэхіі, Швэцыі. Затое прыехала экзатычная каманда з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў і зборная Балканаў! Менавіта апошнюю перамагла ў чацьвер «каманда прэзыдэнта» з лікам 14:7, а Лукашэнка выйшаў у найлепшыя бамбардзіры, набраўшы 8 ачкоў па сыстэме «гол плюс пас (5+3)». Нагадаю, што за беларускую каманду гуляюць пяць дзейных гульцоў прафэсійных камандаў.

Бачыце, якія высілкі робяцца, каб задаволіць чыёсьці самалюбства. Тут задзейнічаны і дыпляматыя, і стратэгія, і тактыка, і дзяржаўныя мэдыі. Усё для фронту, усё для перамогі. Рабіце стаўкі, спадары. Як казаў клясік, з усіх мастацтваў для нас найважнейшым зьяўляецца хакей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG