Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадоксы 2016 году


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Байкот Аляксандрам Лукашэнкам саміту ЭАЭС і АДКБ у Санкт-Пяцербургу стаў сымбалічным завяршэньнем 2016 году. Гэта зь ягонага боку была крайняя форма дэмаршу стасоўна Расеі. Наступнага лягічнага кроку — выхаду з гэтых інтэграцыйных утварэньняў — кіраўнік Беларусі ня ў стане зрабіць, бо гэта «чырвоная лінія», пераступіўшы якую, Беларусь атрымае ўкраінскі сцэнар.

Ніколі раней канфлікт з Расеяй не цягнуўся так доўга — цэлы год. Ягоная прычына банальная і ўсім добра вядомая. Усе беларуска-расейскія супрацьстаяньні і «войны» з 2000 году, агулам кажучы, зводзяцца да аднаго. Гэта канфлікты за абʼём расейскага эканамічнага гранту Беларусі.

Цяпер з прычны падзеньня ўсясьветных цэнаў на нафту памер расейскіх субсыдыяў абʼектыўна скараціўся. А добра вядома, што калі пірог зьмяншаецца, то суперніцтва за яго дзяльбу абвастраецца.

Тут цікавы вось які сюжэт. Ужо тры гады як у замежнай палітыцы Беларусі адбываюцца заўважныя зьмены. Афіцыйны Менск спрабуе балянсаваць паміж рознымі ўсясьветнымі цэнтрамі сілы, насамрэч рэалізаваць даўно абвешчаную палітыку шматвэктарнасьці. І многае атрымліваецца. Пра посьпехі Беларусі ў замежнай палітыцы кажуць ня толькі дзяржаўныя мэдыя, але і незалежныя экспэрты. Расьце колькасьць візытаў, дыпляматычных кантактаў. Можна канстатаваць, што Беларусь павольна выходзіць зь міжнароднай ізаляцыі. Афіцыйны Менск здолеў захаваць нэўтралітэт у канфліктах Расеі з Украінай, Захадам, Турэччынай. Досыць інтэнсіўна адбываўся працэс нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Захадам. Пасьпяхова разьвіваецца супраца з Кітаем, Турэччынай, іншымі краінамі Азіі.

Але назіраюцца дзіўныя парадоксы. Па-першае, чым больш посьпехаў у замежнай палітыцы Беларусі, тым горшая сытуацыя ў эканоміцы краіны. Дыпляматычныя дасягненьні ніяк не трансфармуюцца ў эканамічныя дывідэнды. Хутчэй наадварот. Чым больш замежных візытаў ладзіць Лукашэнка, тым больш падае ўзаемны гандаль з тымі краінамі, у якія ён езьдзіць.

Чым больш замежных візытаў ладзіць Лукашэнка, тым больш падае ўзаемны гандаль з тымі краінамі, у якія ён езьдзіць

Возьмем толькі адзін, апошні прыклад — нядаўні афіцыйны візыт кіраўніка Беларусі ў Азэрбайджан. Газэта «Советская Белоруссия» з захапленьнем інфармавала аб гэтай падзеі: «Пра ўзровень дачыненьняў, якія злучаюць Менск і Баку, можна меркаваць паводле частаты сустрэчаў кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў. Аляксандар Лукашэнка тройчы бываў у Азэрбайджане з афіцыйнымі візытамі і адзін раз з працоўным. Ільхам Аліеў афіцыйна наведваў нашу краіну чатыры разы. Прычым у апошнія гады абмены візытамі сталі часьцейшымі, і ўсе яны праходзяць у выключна цёплай атмасфэры».

Цёплая атмасфэра — гэта добра. А што ў сухой астачы? Як гэта ўсё ўплывае на эканамічную супрацу? Зьвернемся да статыстыкі. У 2011 годзе таваразварот паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам складаў звыш $1 млрд. У 2015 годзе ён скараціўся да $290 млн. А за студзень-верасень сёлета абʼём узаемнага гандлю паміж краінамі склаў толькі $91 млн. То бок упаў у параўнаньні з правальным мінулым годам яшчэ ў 2,5 раза.

Другі парадокс. Ужо трэці год ідзе працэс нармалізацыі стасункаў Беларусі з Эўропай. У Менск адна за адной прыяжджаюць дэлегацыі з краін ЭЗ усё вышэйшага ўзроўню. Аднак які практычны вынік гэтай інтэнсіўнай дыпляматычнай працы? Яна ніяк не канвэртавалася ў эканамічныя вынікі. Экспарт Беларусі ў краіны ЭЗ у студзені-верасьні скараціўся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2015 году на 32,9%. Доля Эўразьвязу ў таварным экспарце Беларусі зьменшылася з 32,2% у 2015 г. да 25,3% за студзень-кастрычнік сёлета.

Адзін за адным праводзяцца інвэстыцыйныя форумы то ў Менску, то ў розных эўрапейскіх сталіцах, а заходні інвэстар упарта ня хоча ісьці ў Беларусь. Не зьявіліся новыя крыніцы атрыманьня крэдытаў. Перамовы з МВФ загамаваліся, нягледзячы на аптымістычныя прагнозы беларускіх афіцыйных асобаў.

Калі эканоміка неканкурэнтаздольная, то ніякая шматвэктарная замежная палітыка не ратуе

Трэці парадокс. Ня так даўно міністар замежных справаў Уладзімер Макей адзначаў, што вялікая залежнасьць Беларусі ад адной краіны, ад Расеі — гэта дрэнна, трэба шукаць новыя пункты апоры. І МЗС спрабуе гэта рабіць. У афіцыйных дакумэнтах зафіксавана, што дывэрсыфікацыя замежнапалітычных і замежнаэканамічных дачыненьняў Беларусі — гэта стратэгічная задача. Да ўраду даведзена заданьне забясьпечыць, каб замежны гандаль краіны быў у такіх прапорцыях: траціна — на Расею і ЭАЭС, траціна — на ЭЗ, траціна — на краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі.

Але, нягледзячы на пагрозьлівыя ўказаньні, заклікі і патрабаваньні Лукашэнкі, стараньні ўраду, сёлета разьвівалася супрацьлеглая тэндэнцыя. Доля Расеі, зь якою працягваецца востры канфлікт, у таварным экспарце Беларусі павялічылася за студзень-кастрычнік сёлета да 45,6%, хоць летась гэты лік складаў 39%. Як падлічыў Яраслаў Раманчук, такой высокай таварнай залежнасьці ад Расеі не было за апошнія 20 гадоў.

Усе гэтыя парадоксы тлумачацца вельмі проста. Як кажуць, хацеў бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Уся праблема ўпіраецца ў неэфэктыўнасьць эканомікі. Беларуская сацыяльная мадэль стварае жорсткія абмежаваньні на любыя «хацелкі» ўладаў.

І гэта — галоўны вынік 2016 году. Калі эканоміка неканкурэнтаздольная, то ніякая шматвэктарная замежная палітыка не ратуе. Надзея на нейкую «халяву», якая раптам нечакана аднекуль зваліцца (з Расеі, Кітаю, Вэнэсуэлы, Ірану, Азэрбайджану), не апраўдваецца. І пакуль ня будзе дэмантажу, рэформы неэфэктыўнай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі, «замежжа» не дапаможа. Толькі і застаецца, што біцца за рэшткі расейскага эканамічнага гранту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG