Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падманваў жонку, што працу шукаю, а сам хадзіў на стадыён». Як «Іслач» з дваровай каманды дарасла да Найвышэйшай лігі


Футбольную каманду «Іслач» заснавалі ў 2007 годзе два сябры зь вёскі Тарасава, што пад Менскам. Аматарамі яны занялі трэцяе месца ў Рэгіянальным кубку УЕФА у Італіі, прайшлі ў Другую й Першую лігі, а сёлета трапілі ў Найвышэйшую. Свабода запісала гісторыю посьпеху каманды, якая засталася ў цені «Крумкачоў».

Хацелі пакінуць сьлед пасьля сябе ў вёсцы

За ўвесь cэзон 2015 году «Іслач» прайграла толькі адзін матч у чэмпіянаце Першай лігі й стала першай камандай, якая датэрмінова забясьпечыла сабе месца ў Найвышэйшай лізе яшчэ за тры туры да канца чэмпіянату.

Уладзімер Пінчук у 2007—2008 годзе яшчэ сам гуляў за каманду
Уладзімер Пінчук у 2007—2008 годзе яшчэ сам гуляў за каманду

А пачыналася ўсё на вясковым стадыёне ў вёсцы Тарасава, што за кальцавой дарагой на гарадзенскім накірунку. Два сябры, Уладзімер Пінчук і Віталь Курыла, марылі, каб у роднай вёсцы была свая каманда й добры стадыён.

«Мы вырасьлі на стадыёне й хацелі пакінуць нейкі сьлед пасьля сябе ў Тарасава, — кажа Пінчук. — Была такая ідэя, каб прыходзіць сюды ў старасьці ды глядзець, як дзеці ў футбол гуляюць».

У 2007 годзе яны сабралі каманду й зарэгістравалі яе ў Гаранскім сельсавеце, каб пачаць выступаць у чэмпіянаце Менскага раёну. Недалёка ад вёскі працякала рака Іслач, у чый гонар і назвалі каманду.

«Напачатку я сам гуляў, быў трэнэрам, касіў траву на полі й афішы расклейваў».

«Пасьля траўмы яшчэ тры гады сьніў футбол»

Таксама ў 2007 годзе пачынаў сваю кар’еру ў чэмпіянаце Менскага раёну Віталь Жукоўскі. Таленавіты футбаліст прайшоў дзіцяча-юнацкія школы, выступаў за «Тарпэда-МАЗ», быў капітанам дубліруючага складу БАТЭ й нарэшце трапіў у асноўны склад барысаўскай каманды. Але праз траўму калена яму давялося забыць пра вялікі футбол.

«Іслач» пачынала як дваровая каманда
«Іслач» пачынала як дваровая каманда

«Пайшоў на рынак. Мне падказалі, што можна грошы там зарабіць. Прыходжу ўладкоўвацца, а мне дырэктар кажа: „Як цябе грузчыкам узяць, калі я цябе на полі бачыў?“ Стаў гандляваць на будаўнічым рынку, меў пару сваіх кропак».

Стаяў на рынку і думаў, як вярнуцца ў футбол. Нават сьніў сваю гульню на полі яшчэ некалькі гадоў.

«Мне яшчэ гады тры сьнілася, як ідзе матч, і я ўжо мушу выходзіць на замену, а мяне не пускаюць. Заставалася ў мяне недавыказанасьць у футболе».

Сваю футбольную аддушыну Жукоўскі знайшоў у тым, што трэніраваў мясцовую каманду. «Міханавічы» сталі выйграваць і чэмпіянат, і кубак раёну. У гэты час яго заўважылі кіраўнікі каманды-суперніка — «Іслачы». Жукоўскага запрасілі на «Adidas Cup 2010».

Віталь Жукоўскі адзін з самых «гучных» трэнэраў у беларускім футболе
Віталь Жукоўскі адзін з самых «гучных» трэнэраў у беларускім футболе

«Іслач» выйграла гэты турнір і ў Жукоўскага спыталі, ці зможа ён вывесьці каманду ў сярэдзіну чэмпіянату Менскай вобласьці.

«Кажу, што ўвойдзем у тройку, калі вось гэтых хлопцаў возьмем. Усе пасьмяяліся, а мы скончылі сэзон на трэцім месцы».

Усе мяне адгаворвалі ад трэнэрства, а я ўпотай хадзіў на стадыён

Так Жукоўскі стаў галоўным трэнэрам «Іслачы». За тры гады ён вывеў аматарскую каманду ў Другую лігу. Трэнэра-самавука нават заўважылі ў клюбе «Менск», куды запрашалі працаваць за добры ганарар. Але Жукоўскі адмовіўся.

«Я ўжо рабіў памылкі ў жыцьці праз грошы. У 15 гадоў я ўжо папёрся ў „Тарпэда“ за грашыма. Дзесьці трэба патрываць, ня кідацца адразу. Я ня мог кінуць каманду, дзе да мяне ставіліся як да старэйшага

На Кубку рэгіёнаў УЕФА ў Італіі «Іслач» (у жоўтай форме) заняла трэцяе месца
На Кубку рэгіёнаў УЕФА ў Італіі «Іслач» (у жоўтай форме) заняла трэцяе месца

Ключавым для каманды й для самога Жукоўскага стаў 2013 год. Спачатку каманда заваявала трэцяе месца ў Кубку рэгіёнаў УЕФА — агульнаэўрапейскім футбольным турніры паміж аматарскімі камандамі. У той жа год яны выходзілі ў Першую лігу Чэмпіянату Беларусі.

Каб падрыхтавацца да сэзону, Жукоўскі стаў употай хадзіць на трэніроўкі камандаў Першай і Найвышэйшай ліг.

«На той час у мяне не было трэнэрскай катэгорыі, не было інстытуту, а вучыцца недзе трэба было. Таму я хадзіў на стадыён з канспэктам, запісваў трэніровачны працэс».

Толькі аднойчы ён вырашыў параіцца зь вядомым трэнэрам. Той патлумачыў Жукоўскаму некаторыя рэчы пра падрыхтоўку, але пра гэтым параіў увогуле не займацца трэнэрскай працай, бо яна не прыносіць грошай.

«Прыходзіш, а на цябе, як на дурачка, глядзяць. Больш я ні да каго не зьвяртаўся. Але гэта стала такой моцнай матывацыяй!»

Калісьці Жукоўскі ўпотай хадзіў на трэніроўкі камандаў Вышэйшай лігі
Калісьці Жукоўскі ўпотай хадзіў на трэніроўкі камандаў Вышэйшай лігі

Каб кінуў трэнэрскую справу, настойвала й жонка Жукоўскага. Бізнэсам ён тады ўжо не займаўся, але й футбол кінуць ня мог. Таму ён казаў жонцы, што ходзіць шукаць працу, а сам у гэты час сядзеў на стадыёне да назіраў за трэніроўкамі топавых камандаў.

«Я вырашыў, што аддам усё, каб даказаць, што нешта зь сябе ўяўляю. У наступным годзе з гэтым трэнэрам мы ўжо будзем гуляць у адной лізе».

Было б добра пабудаваць стадыён у Заслаўі

У той год у Першай лізе «Іслач» заняла дзявятае месца. У 2014-м яны былі на сёмым месцы, а сёлета — першыя. Жукоўскі прызнаецца, што ўжо да пачатку сэзону думаў пра найвышэйшы дывізіён.

Пасьля выхаду ў Вышэйшую лігу
Пасьля выхаду ў Вышэйшую лігу

«Я быў за стырном, калі праходзіла нарада ў фэдэрацыі футбола. І калі даведаўся, што ў Найвышэйшую лігу выходзяць тры каманды, у мяне пульс так падскочыў, што я прыпыніўся. Калі ня зараз, то калі? Я разумеў, што трэба выходзіць у Найвышэйшую лігу».

Па словах Пінчука, да гульні ў Найвышэйшай лізе каманда амаль гатовая. «Іслач» даўно мае аматарскую каманду, якая выступае ў Менскай лізе футболу, шэсьць дзіцячых камандаў. Не стае толькі дублю й свайго стадыёну.

Як у каманды Менскага раёну, у іх няма ўласнай пляцоўкі. На выдзеленай зямлі ў вёсцы Дубаўляны яны абсталявалі трэніровачнае поле. Але для турнірных гульняў там няма ўмоваў. Ідэальным месцам для хатняга стадыёну яны бачаць Заслаўе.

«Гэта самы знакавы горад у Менскім раёне, куды зручна дабірацца зь Менску, — кажа Пінчук. — Мясцовыя ўлады таксама хацелі б атрымаць стадыён. Але на гэта трэба грошы. На невялікі ўтульны стадыён трэба прынамсі 2-3 мільёны даляраў».

У «Іслачы» сёньня 6 дзіцячых камандаў
У «Іслачы» сёньня 6 дзіцячых камандаў

У такой глябальнай будоўлі варта было б разьлічваць на дапамогу ўладаў, але Пінчук ня думае, што сёньня такія інвэстыцыі зь бюджэту магчымыя.

«Улады разумеюць, што футбол — гэта найперш здароўе дзяцей. Але пакуль мы ня можам сказаць, ці што будзе ў Заслаўі бліжэйшым часам».

Рыхтуем беларускамоўную кампанію для заўзятараў

Клюб зь цікавай гісторыяй, «Іслач», аднак, застаўся па-за ўвагай мэдыяў, якія часьцей пісалі пра «Крумкачоў».

«Мы ж — „ваўкі“ (на эмблеме „Іслачы“ малюнак ваўкоў — Р.С.), такая каманда мужыкоў, якія не прызвычаіліся выхваляцца, — кажа Ўладзімер Пінчук. — Пра піяр мы ніколі не клапаціліся, але будзем за яго брацца».

З канца сэзону «Іслач» стала актыўней весьці сацыяльныя сеткі, наняла піяр-мэнэджэра, а цяпер шукае піяр-дырэктара. Таксама ў новай публічнай актыўнасьці «Іслачы» ўсё больш беларускай мовы. Для навагодняга віншаваньня яны запісалі песьню з гуртом «Амарока» па-беларуску, перакладаюць на беларускую мову сайт. Таксама ў клюбе абяцаюць «беларускамоўную кампанію па працы з заўзятарамі».

Але самае галоўнае, што абяцаюць «ваўкі», гэта відовішчны футбол, які ў Беларусі можна сустрэць толькі ў ніжэйшых лігах. Жукоўскі й Пінчук памятаюць гульні чэмпіянату Менскага раёну, калі заўзець за каманду прыходзіла ўся вёска, а пасьля «добрай» гульні біліся й фанаты, і футбалісты.

«Ваўкі» абяцаюць відовішчны футбол у Вышэйшай лізе
«Ваўкі» абяцаюць відовішчны футбол у Вышэйшай лізе

«У ніжэйшых лігах такія зарубы зьбіраюцца! І футбалісты там б’юцца да апошняга, як у ангельскім чэмпіянаце, — кажа Пінчук. — Будзем зараз і Найвышэйшую лігу па відовішчнасьці набліжаць хаця б да ўзроўню абласнога чэмпіянату».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG