Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ў Лігу Чэмпіёнаў выйдзем, зьдзіўляцца ня варта». Інтэрвію з заснавальнікам «Крумкачоў»


Каманда, якая летась нават ня думала выходзіць далей за Другую лігу Чэмпіянату Беларусі па футболе, учора выйграла ў магілёўскага «Дняпра» й патрапіла ў Найвышэйшую лігу. «Крумкачы» — абсалютнае выключэньне ў беларускім футболе. Ня маючы грошай, яны прыцягваюць таленавітых футбалістаў, якія гуляюць «за ідэю».

Свабода пагутарыла зь Дзянісам Шунто — заснавальнікам і ідэйным лідэрам клюбу.

— Дзяніс, ці сапраўды гісторыя «Крумкачоў» пачалася на ямайскім пляжы? Ці гэта проста казка для СМІ?

— Зразумела, проста так нічога не бывае. Гэтая думка заўжды лунала. Мы ж раней самі гулялі 8 на 8 у гарадзкой лізе МЛФ (Менская ліга футболу — РС.), усё адно праскоквала такая думка. Нават у размовах пад піва пасьля матчу пра гэта гаварылі.

Дзяніс Шунто перад матчам у Смалявічах месяц таму. Тады ніхто нават не казаў пра шанцы на Найвышэйшую лігу ўслых
Дзяніс Шунто перад матчам у Смалявічах месяц таму. Тады ніхто нават не казаў пра шанцы на Найвышэйшую лігу ўслых

А потым я паляцеў на Ямайку. Мой брат Антон думаў, што ніколі ў жыцьці ня зробім каманды. Як звычайна: пагаварылі ды забыліся. А там забываеш пра праблемы, думаеш больш пра тое, што цябе насамрэч цікавіць і вабіць. Так і атрымалася. Калі ляцеў назад, ужо меў плян дзеяньняў.

— Калі зьявілася каманда, давялося зьмяніць рытм жыцьця?

— Раней я спаў да гадзіны дня, нічога не рабіў. І дагэтуль мне вельмі цяжка прыстасавацца да новага графіку. Стаў менш спаць, менш падарожнічаць. Раней я прынамсі чатыры разы на год езьдзіў кудысьці на адпачынак. Апошні раз быў на Мадэйры у Партугаліі на гульні «Дынама» больш за год таму. Але гэта нават не адпачынак — я езьдзіў на футбол.

Два галоўныя “крумкачы” – Дзяніс Шунто й трэнэр Алег Дулуб
Два галоўныя “крумкачы” – Дзяніс Шунто й трэнэр Алег Дулуб

Зараз я прыяжджаю на кожную трэніроўку. У нас няма паўнавартаснага дарадцы трэнэра, і я нешта магу падказаць яму. Я не сапраўдны дарадца, але вельмі добра ведаю сваіх футбалістаў, бо ўсіх асабіста запрашаў.

Мы трэнэруемся кожны дзень, акрамя панядзелка. Часам робім выходны ў пятніцу, асабліва ў канцы сэзону, тут вельмі важна — сьвежасьць людзей.

— Але як звычайны бізнэсовец стаў пасьпяховым футбольным мэнэджэрам?

— Так, я прафэсійна не займаўся футболам, толькі ў Смалявіцкай ДЮСШ дзіцём. Але заўжды сачыў за клюбамі, чытаў усё, што пісалі пра футбол.

Пасьля перамогі ў Смалявічах
Пасьля перамогі ў Смалявічах

Шмат дзе падарожнічаю й паўсюль хаджу на футбол: у Індыі, Эміратах, на Ямайцы. Паўсюль цікаўлюся раскладам мясцовых чэмпіянатаў. Так назапашваецца досьвед.

Калісьці быў заўзятарам «Дынама» на трыбуне. Потым стасаваўся з рознымі кіраўнікамі й топ-мэнэджэрамі: з Штанге, з Капскім. Гэта таксама важны досьвед. Ды й у «Крумкачах» я ўжо кім толькі ня быў: гульцом, трэнэрам, мэнэджэрам, дырэктарам.

Практычна ўсіх футбалістаў беларускага чэмпіянату ведаю таксама. Многіх — прыватна. У дзяцінстве, юнацтве шмат з кім стасаваўся. Я ведаю іх характары, сяброўствы, залёты.

Але адмыслова спартоваму мэнэджмэнту не навучаўся. Гэтак жа ў любой прафэсіі: спачатку нечым цікавісься, потым захапляесься, потым гэта займае ўсё большую частку жыцьця, потым становісься прафэсіяналам. Усе ж нараджаюцца аднолькавымі, але потым вырастаюць, нечага дабіваюцца.

— Мяркуючы па беларускім чэмпіянаце, ня ўсе дырэктары разьбіраюцца ў футболе.

— У нас жа часьцей за ўсё прызначаюць і людзей і каманды. Вось кажуць, што ў Найвышэйшай лізе мусяць быць апрыёры «Дняпро», «Гомель» і «Віцебск». Але чаму? Таму што гэта каманды абласных гарадоў? Кожнае месца ў любой лізе павінна быць заслужанае, вытрыванае. А ня так, што камандам раздалі месцы.

Ніхто ня мог прадказаць выхад “Крумкачоў” у Найвышэйшую лігу
Ніхто ня мог прадказаць выхад “Крумкачоў” у Найвышэйшую лігу

Гэтыя каманды ўжо часта бывалі ў Найвышэйшай лізе й выляталі назад у Першую. Вось у нас бюджэт у 10 разоў меншы за бюджэт «Дняпра». У іх — грошы, рэсурсы, традыцыі. Але спорт — гэта такая рэч, дзе трэба паказваць вынік тут і цяпер. У каго мацнейшы склад, матываваная каманда й добры мэнэджэр, той і гуляе.

— А вы самі верылі, што зможаце выйсьці ў Найвышэйшую лігу?

— Гэта ня мара, я казаў хлопцам яшчэ за месяц да канца сэзону, што Найвышэйшую лігу ўжо можна рукой памацаць. Яшчэ да матчу са «Смалявічамі» (гульня была 18 кастрычніка — Р.С.) я зьбіраў людзей, такі невялікі арганізацыйны сход рабіў. І хлопцы пыталіся пра Найвышэйшую лігу. Агульная зараджанасьць была на тое, каб усе матчы выйграваць. І кроў з носа, але трэба выходзіць.

Першы раз за шмат месяцаў каманда можа сапраўды расслабіцца. На сьвяткаваньні ў дзень перамогі
Першы раз за шмат месяцаў каманда можа сапраўды расслабіцца. На сьвяткаваньні ў дзень перамогі

І перад гульнёй адчувалася напружанасьць. Менш жартаў было, усе былі занадта напружаныя. Можа гэта й паўплывала. Людзі зразумелі, што Найвышэйшая ліга вось тут блізка. Зараз на іх вялікая адказнасьць. А таму гульня атрымалася не зусім у нашым стылі. Звычайна мы гуляем больш лёгка, больш крэатыўна. А так — выцягнулі «на зубах».

Гэта паказьнік таго, што мы на правільным шляху. Нават у матчах, каторыя зусім «ня нашы», дзе складваецца ўсё не па-нашаму, мы ўсё адно ўзялі тры ачкі. Гэта ўжо пэўная кляса. Гульня мала адрозьнівалася ад той, што мы дома гулялі зь імі. Тады мы прайгралі 0:3. А тут выйгралі 1:0.

— То бок, вас ужо ўспрымаюць усур’ёз?

— У фэдэрацыі зь мяне кпілі, сьмяяліся. А зараз усё сур’ёзна. Пры гэтым нас вельмі любяць. Усе прызвычаіліся да дзяржаўных клюбаў, а тут нешта нестандартнае. Гэта ж весела! Зараз у лізе ёсьць 15 камандаў і «Крумкачы».

На наступны год “Крумкачы” зьбіраюцца “пакляваць” каманды Найвышэйшай лігі
На наступны год “Крумкачы” зьбіраюцца “пакляваць” каманды Найвышэйшай лігі

Людзі пачалі разумець, што ад нас можна чакаць чаго заўгодна, і нічому не зьдзіўляюцца. Нават калі мы ў Лігу чэмпіёнаў выйдзем, зьдзіўляцца ня варта.

Я лічу, што мы не тыповы беларускі клюб. Увасабленьне «аgainst modern football». Да сучаснага футболу мы ніякім бокам не належым. Агент ад пераходу аднаго футбаліста атрымлівае за зьдзелку больш, чым гадавы бюджэт нашага клюбу. Мы на роўных гуляем з клюбамі, якія былі чэмпіёнамі краіны. А мы толькі паўтара году на прафэсійным узроўні.

Мы сабой прыцягваем увагу да ўсёй лігі. Летась пра Другую лігу шмат хто пісаў. Там былі «Партызан», «Тарпэда-Менск», яшчэ мы. Сёлета больш увагі да Першай лігі, у тым ліку й дзякуючы нам.

Было б няблага й «вышку» трошкі патузаць за вусы. Гэтых тлустых катоў пакляваць, каб ня спалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG