Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мова — мова лідэраў»: складзены новы рэйтынг беларускамоўнасьці ў спорце


Беларуская баскетбольная каманда "Цмокі"
Беларуская баскетбольная каманда "Цмокі"

У новым рэйтынгу 120 беларускіх камандаў розных відаў спорту, зь іх толькі 32 карыстаюцца беларускай мовай. Пераможцы — «Цмокі».

Ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак склаў рэйтынг «Самы беларускамоўны спартовы клюб Беларусі-2015» і апублікаваў поўны сьпіс у сваім блогу на Tribuna.com.

У рэйтынгу ёсьць каманды па розных відах спорту: футбол, баскетбол, хакей, міні-футбол. Яны ацэньваліся па тым, як выкарыстоўваюць беларускую мову на трыбунах, у тым ліку, ці маюць надпісы па-беларуску на форме, беларускамоўнае табло альбо беларускамоўнага камэнтатара, а таксама па выкарыстаньні мовы ў мэдыях, у тым ліку ў сацсетках.

Топ-10 беларускамоўных клюбаў атрымаўся такі:

1. БК «Цмокі» (Менск)
2. ФК «Тарпэда» (Менск)
3. ФК «Дынама» (Менск)
4. ФК «Гомель»
5. ФК «Белшына» (Бабруйск)
6. ФК «Тарпэда-БелАЗ» (Жодзіна)
7. ФК «Нёман» (Горадня)
8. ФК «Крумкачы» (Менск)
9. МФК «Сталіца» (Менск)
10. ФК «Славія-Мазыр»

Аўтар рэйтынгу Ігар Случак распавёў Свабодзе, што беларускамоўных клюбаў паболела за год, хаця іх колькасьць застаецца невялікай:

Ігар Случак
Ігар Случак

«Я вельмі ўдзячны клюбам, што выкарыстоўваюць беларускую мову, і спадзяюся, што з кожным годам на беларускіх стадыёнах і арэнах яе будзе ўсё болей. У сёлетнім рэйтынгу было 120 камандаў — на 20 болей, чым у 2014 годзе. Нейкія балы набралі 32 каманды, у той час як у 2014-м — 24. Таму нельга казаць, што колькасьць клюбаў, што выкарыстоўваюць беларускую мову, значна вырасла за гэты год.

У той жа час трэба адзначыць, што першая дзясятка рэйтынгу-2014 і рэйтынгу-2015 амаль цалкам супадае — у гэтым годзе яе пакінула пінская «Хваля» і хакейнае «Дынама-Менск», а ім на зьмену прыйшоў гарадзенскі футбольны клюб «Нёман» і мініфутбольны клюб «Сталіца». Таксама заўважна тое, што тыя клюбы, што ў мінулым годзе шырока выкарыстоўвалі беларускую мову, у гэтым годзе сталі яе выкарыстоўваць яшчэ болей, таму большай стала і канкурэнцыя ў першай дзясятцы рэйтынгу.

Можна ўмоўна вызначыць тры групы клюбаў, якія шмат выкарыстоўваюць беларускую мову. Першая — гэта «Цмокі» і менскае «Тарпэда», дзе беларуская мова ёсьць асноўнай. Другая — «Дынама-Менск», «Гомель», «Белшына», «Тарпэда-БелАЗ», «Нёман» і «Крумкачы» — гэтыя клюбы надаюць значную ўвагу беларускай мове. Трэцяя — гэта клубы, што пакуль толькі сталі на шлях беларусізацыі. Ёсьць яшчэ адна група — група ганьбы, што зусім не выкарыстоўвае беларускай мовы. На жаль, іх большасьць.

Наогул, значны прарыў у выкарыстаньні беларускай мовы адбыўся ў 2015 годзе менавіта ў беларускім футболе. У баскетболе гонарам і годнасьцю зьяўляюцца «Цмокі», іншыя ж клюбы беларускую не выкарыстоўваюць. У хакеі разьвіцьця беларускай мовы няма, а рэглямэнтам КХЛ і беларускага чэмпіянату наогул забаронена пісаць прозьвішчы гульцоў па-беларуску.

Трэба заўважыць, што беларуская мова — мова лідэраў. Першае месца рэйтынгу-2015, «Цмокі», годна прадстаўляюць Беларусь у міжнародных лігах, менскае «Тарпэда», другое месца, выйграла сёлета Другую лігу і будзе ў наступным годзе гуляць у Першай, менскае футбольнае «Дынама», трэцяе месца, заняла другое месца ў Вышэйшай лізе і гуляла ў групавой стадыі Лігі Эўропы, а «Крумкачы», восьмае месца, выйшлі ў Вышэйшую лігу зь Першай".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG