Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары бяз выбаршчыкаў, дзяржаўныя СМІ без чытачоў і гледачоў — ідэальная мадэль беларускага аўтарытарызму


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ

Задача вярнуць давер грамадзтва да ўлады стала галоўнай тэмай сустрэчы 10 красавіка Аляксандра Лукашэнкі з 130 рэдактарамі і журналістамі дзяржаўных мэдыяў.

Кіраўнік Беларусі, у параўнаньні зь лідэрамі іншых краін, даволі рэдка сустракаецца з шырокім колам прадстаўнікоў СМІ. Добра, калі адзін раз на год. Адрозна ад таго ж Уладзімера Пуціна, ён не праводзіць прамыя лініі з грамадзянамі. Мінулым разам вялікая прэсавая канфэрэнцыя адбылася 3 лютага 2017 году. Незалежныя мэдыі туды запрасілі, але слова ім не далі. Толькі галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч змог задаць пытаньне.

Гэтым разам журналістаў незалежных СМІ на сустрэчу зусім не паклікалі. Вось такі «дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю», пра які абвясьціў міністар замежных спраў Уладзімер Макей у сваім апошнім інтэрвію тэлеканалу Euronews. Толькі пасьля заканчэньня сустрэчы стала зразумела, чаму гэтым разам вырашылі не запрашаць незалежныя мэдыі. Бо галоўнай тэмай было пытаньне, як вярнуць давер грамадзтва да ўлады з дапамогай дзяржаўных СМІ. Інакш кажучы, як узяць верх над незалежнымі і расейскімі мэдыямі. Паколькі незалежныя мэдыйныя рэсурсы лічацца праціўнікамі, то абмяркоўваць у іх прысутнасьці гэтае пытаньне было б нелягічна.

Ад самага пачатку Лукашэнка абазначыў галоўную задачу дзяржаўных СМІ: «Падставай для сёньняшняга мерапрыемства стаў пачатак новага этапу ў вашай дзейнасьці. Далей працаваць па-старому нельга». І потым дадаў: «Абудзіць цікавасьць, утрымаць чытачоў, гледачоў — гэта ваша задача».

Сэнс новых паправак у закон аб СМІ — у тым, каб узмацніць кантроль дзяржавы над інтэрнэтам, яшчэ больш заціснуць гайкі

Але, як высьвятляецца, у арсэнале ўладаў ня надта шмат прыёмаў, каб дасягнуць гэтых мэтаў. Таму пайшлі па звыклым шляху, лічачы, што лепшы спосаб узмацніць уплыў дзяржаўных мэдыяў — гэта заткнуць рот апанэнту, пашырыць рэпрэсіі, запалохаць незадаволеных. Сэнс новых паправак у закон аб СМІ — у тым, каб узмацніць кантроль дзяржавы над інтэрнэтам, яшчэ больш заціснуць гайкі. У прыватнасьці, мяркуецца ўвесьці ідэнтыфікацыю камэнтатараў на сайтах, пазбавіць іх ананімнасьці. Паколькі большасьць камэнтароў крытычныя ў адносінах да ўлады, то задума зразумелая. Людзі, спалохаўшыся агалошваньня іх імёнаў, замоўкнуць. І сапраўды, досьвед паказвае, што адмова ад ананімнасьці зьмяншае колькасьць камэнтароў у некалькі разоў. Лукашэнка рашуча падтрымаў гэтыя папраўкі.

Але насамрэч мэтады і інструмэнты, з дапамогай якіх улады імкнуцца вырашыць задачу ўзмацненьня кантролю над грамадзтвам, хутчэй за ўсё, прынясуць процілеглы вынік. У гэтым сэнсе цікава было глядзець апошнюю тэлеперадачу «Клюб рэдактараў» на канале «Беларусь 1». Галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» Андрэй Ляўкоўскі спрабаваў растлумачыць, што ўвядзеньне нормы ідэнтыфікацыі камэнтатараў на сайтах зьменшыць аўдыторыю СМІ ў краіне — чытачы, карыстальнікі сыдуць на расейскія інтэрнэт-рэсурсы або ў сацыяльныя сеткі, якія ня кантралююцца беларускай дзяржавай. Рэакцыя астатніх удзельнікаў перадачы (міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч, галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Дзьмітры Жук, старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька) была вельмі адметная. Яе сэнс быў такі: ну і што? Генадзь Давыдзька так і сказаў: «Няхай сыходзяць». Сытуацыя фантастычная. Ва ўсім сьвеце мэдыі змагаюцца за павялічэньне колькасьці спажыўцоў, і толькі ў Беларусі ўсё наадварот.

Ва ўсім сьвеце мэдыі змагаюцца за павялічэньне колькасьці спажыўцоў, і толькі ў Беларусі ўсё наадварот

Апошнія мясцовыя выбары паказалі, што ўладам ужо не патрэбныя выбаршчыкі. Выбарчую кампанію цяпер цалкам можна праводзіць і бязь іх. І вось высьвятляецца, што дзяржаўным СМІ ўжо не патрэбныя чытачы, гледачы, слухачы. Хай сыходзяць! Бязь іх нават спакайней. Колькасьць крытыкаў зьменшыцца. А то ходзяць тут розныя, працаваць перашкаджаюць. Выбары бяз выбаршчыкаў, дзяржаўныя СМІ без чытачоў і гледачоў — ідэальная мадэль беларускага аўтарытарызму.

Што тычыцца іншых тэмаў, якія былі ўзьнятыя на гэтай сустрэчы. Заставалася спадзяваньне, што праясьніцца пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыі і рэфэрэндум, пра што апошнім часам шмат гаворыцца. Але Лукашэнка, адзначыўшы, што гатовы перадаць некаторыя функцыі прэзыдэнта іншым галінам улады, дадаў: «Ведаю дакладна, што гэты момант яшчэ не наступіў». То бок усё адкладваецца на няпэўную будучыню. І, хутчэй за ўсё, гэта можа здарыцца, калі Лукашэнка па стане здароўя ці старасьці ўжо ня зможа выконваць свае абавязкі. І вось для пераемніка, магчыма, ён і хоча скараціць паўнамоцтвы. Таму пакуль што ў агляднай будучыні няма прадмета для абмеркаваньня.

А яшчэ зачапіла рэпліка Лукашэнкі наконт Курапатаў. Паводле БЕЛТА, ён сказаў, што нібыта ёсьць некалькі вэрсій адносна трагічных падзеяў, што адбыліся ў гэтым месцы. Па адной зь іх, у Курапатах савецкія ўлады расстрэльвалі рэпрэсаваных беларусаў, па другой — там ладзілі расправы над грамадзянамі немцы ў час Вялікай Айчыннай вайны. І сёньня, паводле слоў Лукашэнкі, ужо ня так важна, хто быў вінаваты ў той трагедыі, бо вынік адзін — загінулі людзі.

Тут відавочна жаданьне любым чынам апраўдаць сталінскія злачынствы. Але хачу нагадаць, што чатыры разы (прычым тры зь іх ужо пры кіраваньні Лукашэнкі) у Курапатах праводзілася афіцыйнае расьсьледаваньне, рабіліся раскопкі. І ўсе яны прыйшлі да высновы, што людзей расстрэльваў НКВД.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Зьмены ў Канстытуцыі і ня толькі. Пра што Лукашэнка гаварыў дзяржаўным СМІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG