У Беларусі пакуль не разумеюць, што такое Беларуская Народная Рэспубліка і якую ролю яна адыграла. Гэтак выказаўся Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ.
Лукашэнка сказаў, што як гісторык паводле адукацыі зьвяртаўся да гэтай тэмы, вывучаў розныя думкі. І прыйшоў да высновы: беларусы яшчэ не ўсьведамляюць месца і значэньне БНР. А гэта значыць, што рабіць 25 сакавіка дзяржаўным сьвятам, як прапануюць некаторыя грамадзкія актывісты, заўчасна.
Раней новую канцэпцыю адзначэньня агучыў адзін з арганізатараў канцэрту да 100-годзьдзя незалежнасьці БНР каля Опэрнага тэатру Павал Белавус. Паводле яго, беларусы маюць некалькі афіцыйных і неафіцыйных Дзён Незалежнасьці, а таксама шматгадовы Дзень Волі. А 25 сакавіка — гэта Дзень нараджэньня Беларусі, пачатак фармаваньня сучаснай краіны і дзяржаўнасьці, таму назву варта замяніць на Дзень Беларусі, мяркуе Белавус.
Ці засмуціла яго, што Аляксандар Лукашэнка не падтрымаў яго ідэю? Павал Белавус адказаў Свабодзе:
«Мне цяжка казаць, наколькі Лукашэнка сам разумее тую падзею, але калі чалавек 25 гадоў адхіляў усё, што зьвязана з гістарычнымі сымбалямі, нацыянальнай гісторыяй, то рэзка прыняць за адзін дзень складана, — кажа Павал Белавус. — Адзіны пазытыў у тым, што яму прынамсі стала цікава: чаму, нягледзячы на тое, што гэта душыцца, забараняецца, не дазваляецца, яно жыве і мае вялікую падтрымку? Калі дзясяткі тысяч чалавек сьвяткуюць, падтрымліваюць свае сымбалі, а вядучыя мэдыі пішуць пра гэта, значыць, ня так усё проста. Відаць, ён сам зьдзіўлены тым, што адбываецца».
Белавус усьцешаны, што як мінімум абрэвіятура БНР перастала быць табу — яшчэ некалькі гадоў таму чыноўнікі баяліся вымавіць яе ўслых. А цяпер прынамсі абмяркоўваюць.
«Ёсьць унутранае разуменьне, але стрымлівае псыхалягічны бар’ер: прыняць — значыць прызнаць паразу, — кажа Павал Белавус. — Таму і працягвае ўсё існаваць у двух палях. Але „няправільная“ зь дзяржаўнага пункту гледжаньня гісторыя мае калясальную падтрымку. Ніводзін праект дзяржаўнай ідэалёгіі не зьбярэ ў межах грамадзкага краўдфандынгу столькі, як 100-годзьдзе сьвяткаваньня БНР — і фінансава, і маральна, і арганізацыйна. Нават калі ўлады запусьцяць сваю кампанію да юбілею БССР, яна ўсё роўна ня будзе народнай па сутнасьці. І гэта яшчэ раз паказвае, што мае рэальную аснову, а што столькі гадоў прыцягваецца за вушы, каб выдаць гэта за разуменьне сучаснай Беларусі».
Аляксандар Лукашэнка, у сваю чаргу, лічыць, што з БНР «ня ўсё відавочна». З аднаго боку, айцы-заснавальнікі хацелі адзінства дзяржавы, зь іншага — зьвярталіся па дапамогу да нямецкага кайзэра. Што ня так з кайзэрам, Лукашэнка не ўдакладніў.