Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмены ў Канстытуцыі і ня толькі. Пра што Лукашэнка гаварыў дзяржаўным СМІ


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 10 красавіка сустракаецца з журналістамі дзяржаўных СМІ ў тэлестудыі Белтэлерадыёкампаніі. Незалежныя СМІ на сустрэчу не паклікалі. Свабода склала свае 12 пытаньняў Лукашэнку, на палову зь іх ён фактычна адказаў.

5 з паловай пытаньняў Свабоды, на якія не адказаў Лукашэнка

Жывую трансьляцыю адказаў Аляксандра Лукашэнкі на пытаньні дзяржаўных СМІ не вядуць. Урыўкі цытатаў з адказаў Лукашэнкі публікуе БЕЛТА.

«Частка функцый павінна перайсьці ад прэзыдэнта іншым галінам улады»

Камэнтуючы пэрспектывы ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю, Лукашэнка адзначыў, што, зь яго пункту гледжаньня, частка функцый павінна перайсьці ад прэзыдэнта іншым галінам улады. Пры гэтым ён лічыць, што момант для зьмены Канстытуцыі яшчэ не настаў.

«Закон аб СМІ закліканы абараніць нашых людзей ад дэструктыўнай інфармацыі»

«Сродкі масавай інфармацыі адным ударам могуць падціснуць так, што становіцца страшна», — распачаў сустрэчу Лукашэнка. Гэтак высока ён ацаніў ролю СМІ ў сучасным сьвеце, дзе на першы плян выходзяць не ўзброеныя сутыкненьні, а інфармацыйныя войны.

«У прыватнасьці, гаворка ідзе аб разьвіцьці айчыннага кантэнту на тэлебачаньні. Пры гэтым сам закон закліканы абараніць нашых людзей ад патоку неправеранай, ілжывай, дэструктыўнай інфармацыі», — патлумачыў ён.

«Добра, што Беларусь не пайшла шляхам рэформаў»

Аляксандар Лукашэнка лічыць правільным, што ў свой час Беларусь не пайшла па шляху шокавых рэформаў і пераўтварэньняў.

«Без працы ня будзе ніякага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны і ніякія рынкавыя механізмы ня выратуюць».

Ён падкрэсьліў значнасьць таго, што беларусы не балбатнёй стварылі незалежную Беларусь, а рэальна. «З намі лічацца!», — упэўнены Лукашэнка.

«Дармаеды мусяць аплочваць дзяржаўныя паслугі»

Лукашэнка закрануў праблему так званых «дармаедаў». Па яго словах, зь ёй сутыкаюцца і ў іншых дзяржавах, але толькі ў Беларусі ўзяліся за гэта сыстэмна.

Ён падкрэсьліў, што асноўная сутнасьць дэкрэту №1 палягае ў тым, каб людзі працавалі і аплочвалі дзяржаўныя паслугі, у тым ліку ў галіне аховы здароўя, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і г.д.

«Беларусы пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна адыграла»

«Беларусам яшчэ трэба будзе зразумець ролю БНР». Такое меркаваньне выказаў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ.

Ён адзначыў, што як гісторык па адукацыі зьвяртаўся да гэтай тэмы, вывучаў розныя меркаваньні. І прыйшоў да высновы, што ў Беларусі пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна адыграла.

«Курапаты апэратыўна павінны быць прыведзены ў парадак»

Пытаньне пра Курапаты, як удакладнілі арганізатары сустрэчы, «паступіла ад грамадзянаў». Лукашэнка заявіў, што яшчэ год таму даручыў сваёй адміністрацыі разабрацца з гэтым пытаньнем.

«Пара заканчваць гэтую валтузьню на касьцях, — сказаў ён. — Зацягнулі з макетам. Пакладзіце на стол дакумэнты, каб я мог зацьвердзіць і мы стварылі там месца для душы. Трэба нарэшце прывесьці ў парадак гэты лес, урочышча, паставіць самы просты помнік — капліцу ці яшчэ нешта. Каб чалавек, які спачувае і пакутуе, што загінулі людзі, прыйшоў туды, прынёс кветкі».

«Да прыватнай уласнасьці неабходна падыходзіць «эвалюцыйна»

Лукашэнка згодны, што прыватная ўласнасьць больш эфэктыўная за калектыўную, аднак да пытаньня неабходна падыходзіць «эвалюцыйна».

«Вы хочаце, каб за адну ноч была прыватная ўласнасьць замест дзяржаўнай? — задаўся ён пытаньнем. — Нідзе ня пішуць канкрэтна, што гэта за сыстэмныя зьмены. Таму што гэта будзе азначаць, што народ ніколі не падтрымае. Да гэтага трэба ісьці спакойна».

Ён прызнаўся, што апанэнты яго папракаюць: маўляў, ня рыначнік і праціўнік прыватнай уласнасьці. Але ён проста прыхільнік таго, што да зьмены сыстэмы мадэрнізацыі трэба падыходзіць «эвалюцыйна». «Ніякіх рэвалюцый. Таму што гэта балюча і ня факт, што мы трапім у кропку».

«За парушэньне бясьпекі ў масавых месцах адказнасьць будзе жорсткай»

Аляксандар Лукашэнка прыгразіў жорсткай адказнасьцю за факты парушэньня бясьпекі ў масавых месцах. Згадаў пра нядаўні выпадак у Салігорску, калі з-за ўзгараньня ў падвале шпіталя было эвакуяваныя 299 чалавек.

«Кемерава нас страсянула, — сказаў Лукашэнка. — 300 чалавек эвакуяваныя за імгненьне».

Ён перакананы, што хуткая рэакцыя на надзвычайнае здарэньне зьвязана ў тым ліку зь нядаўняй трагедыяй у кемераўскім забаўляльным цэнтры «Зімовая вішня». Тым ня меней, заявіў, што жорстка запытае за ўсе падобныя парушэньні.

«Занадта нацыяналістычны ў адносінах да беларускай тэлевізіі»

Падчас сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных тэлеканалаў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мае законнае жаданьне глядзець сваю тэлевізію, а ня нейкую іншую.

«Самым жэстачайшым чынам патрабую: зрабіце тэлебачаньне лепшым! — загадаў ён. — Каб і карцінка была, і падача матэрыялу. Каб журналіст сказаў два сказы і каб было ў кропку. Я хачу глядзець толькі свае каналы. Я занадта нацыяналістычны ў гэтым пляне».

Ён таксама дадаў, што чыноўнікі павінны ўмець размаўляць з журналістамі і даваць ім неабходную інфармацыю. І паабяцаў, што ў іншым выпадку такі кіраўнік будзе неадкладна заменены.

«Тры яйкі раніцай, мяса на абед, рыба на вячэру і дзьве гадзіны спорту»

Аляксандар Лукашэнка адказаў на пытаньне інтэрнэт-карыстальніка, якой трымаецца дыеты. Тры яйкі раніцай, у абед — мяса, увечары — рыба.

«Цьвёрдая дыета, бялковая, — патлумачыў ён. — А паміж асноўнымі прыёмамі ежы ёсьць і «невялікія перакусы».

Разам з правільным харчаваньнем, сказаў ён, важна займацца спортам — каля двух гадзін штодзень. Прадукты яму купляюць у «звычайных крамах», часам на менскім Камароўскі рынку. Беларускія харчы Лукашэнка лічыць «абсалютна бясьпечнымі».

«Калі надыдзе неабходнасьць, я з гэтымі замежнымі агентамі разьбяруся цягам сутак», — Лукашэнка пра замежныя СМІ ў Беларусі

Аб’яўляць замежныя СМІ, якія працуюць у Беларусі, інфармацыйнымі замежнымі агентамі немэтазгодна. Але імунітэт у грамадзян да нядобрасумленнай інфармацыі звонку варта выхоўваць, заявіў Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з кіраўнікамі і супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG