Аб’яўляць замежныя СМІ, якія працуюць у Беларусі, інфармацыйнымі замежнымі агентамі немэтазгодна. Але імунітэт у грамадзян да нядобрасумленнай інфармацыі звонку варта выхоўваць. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з кіраўнікамі і супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ, перадае газэта «СБ — Беларусь сегодня».
Падчас сустрэчы палітычны аглядальнік Белтэлерадыёкампаніі Глеб Лаўроў, задаючы пытаньне Лукашэнку, прапанаваў увесьці ў беларускае заканадаўства паняцьце замежнай інфармацыйнай прысутнасьці і замежных агентаў.
«Давайце такія СМІ, перш за ўсё — інтэрнэт-парталы, хоць бы прамаркіруем. Бо ўсе лічбы адкрытыя: вядома, колькі вылучаюць палякі, колькі ангельцы, а колькі швэды на фінансаваньне тых ці іншых праектаў за межамі сваіх краінаў», — сказаў Лаўроў.
Лукашэнка на гэта адказаў, што сьпяшацца ня варта. Але неабходнасьць інфармацыйнага імунітэту ад разнастайнай «чарнухі» звонку не падлягае сумневу.
«Калі мы гаворым пра інфармацыйных агентаў, мы павінны перш за ўсё стварыць адзіныя крытэры для вызначэньня такіх. Выяўляючыся фігуральна, прадумаць адзіныя біркі. Але адразу паўстае пытаньне, як жа мы будзем рэалізоўваць на практыцы гэтае рашэньне? Ці не ўскладніць гэта нашы адносіны з Расеяй, чые СМІ часам пра нашу краіну паказваюць незразумела што? А бо біркі давядзецца вешаць ня выбарачна, а на ўсіх, хто падпадзе пад адпаведныя крытэры. Ня трэба забываць і тое, што да заходніх замежных агентаў у нашага народа імунітэт прышчэплены. А да ўсходніх?» — спытаў Лукашэнка.
У адказ на заўвагу, што гаворка ідзе перш за ўсё пра сеткавыя рэсурсы, Лукашэнка заклікаў глядзець на праблему шырэй.
«Калі прыйдзе час, наступіць такая неабходнасьць — я з гэтымі замежнымі агентамі разьбяруся на працягу сутак. Пакуль жа галоўнае — прышчапіць імунітэт ад нядобрасумленнай інфармацыі», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка 10 красавіка сустракаецца з журналістамі дзяржаўных СМІ ў тэлестудыі Белтэлерадыёкампаніі. Незалежныя СМІ на сустрэчу не паклікалі. Свабода склала свае 12 пытаньняў Лукашэнку, на палову зь іх ён фактычна адказаў. Жывую трансьляцыю адказаў Аляксандра Лукашэнкі на пытаньні дзяржаўных СМІ не вядуць.