Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аптымізацыя. Як зьнікаюць беларускія вёскі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Спачатку ў вёсцы закрылі школу. Звыклая справа: вучняў мала, плаціць настаўнікам і ўтрымліваць будынак дорага. Карацей кажучы, аптымізацыя. На першым часе бацькі спрабавалі супраціўляцца, потым большасьць зьмірылася з тым, што давядзецца вазіць дзяцей у іншую вёску за шэсьць кілямэтраў. Тыя, хто не зьмірыўся, проста зьехалі адсюль — разам зь дзецьмі, назаўсёды.

Яшчэ празь некалькі гадоў закрылі клюб зь бібліятэкай. Ну каму патрэбен той клюб, калі моладзі амаль не засталося? Спачатку, каб выжыць, спрабавалі браць грошы за дыскатэкі. Ды ніхто плаціць ня хоча. Што да бібліятэкі, то туды хадзілі ў асноўным школьнікі, а калі школы ня стала — якая ў ёй патрэба? Адны выдаткі на культработніка.

Потым настала чарга пошты. Навошта тая пошта, калі лісты цяпер амаль ніхто ня піша. А прымусіць пэнсіянэра выпісаць газэту — вялікая праблема. Праўда, на пошце людзі атрымлівалі пэнсіі... Ну, але гэта ж толькі раз на месяц — не трымаць жа дзеля гэтага цэлае паштовае аддзяленьне.

Вёска Асьлянка, ілюстрацыйнае фота
Вёска Асьлянка, ілюстрацыйнае фота

Больш за ўсё людзі бурчэлі, калі даведаліся, што закрываецца ФАП. Да фэльчара зьвярталіся часта: у кагосьці ціск скача, нехта руку траўмаваў... Не паедзеш жа кожны раз у шпіталь, да якога 35 кілямэтраў. Але людзям патлумачылі: жыхароў у вашай вёсцы цяпер мала, для бюджэту ўтрымліваць фэльчара — накладна. Разумець павінны: у краіне аптымізацыя. А ў шпіталь і на аўтобусе можна зьезьдзіць...

Праўда, к таму часу аптымізацыя дайшла і да аўтобуснага парку. Рэгулярныя рэйсы пачалі скарачаць — спачатку з двух да аднаго на дзень, потым — да трох разоў на тыдзень. Урэшце пакінулі толькі адзін рэйс на тыдзень. Але і гэты, кажуць, неўзабаве адменяць, бо нерэнтабэльны.

Вёска Смальяны на Аршаншчыне, ілюстрацыйнае фота
Вёска Смальяны на Аршаншчыне, ілюстрацыйнае фота

Ахвярамі аптымізацыі за апошнія два дзесяцігодзьдзі сталі таксама колішняя заасфальтаваная дарога, якая з прычыны поўнай адсутнасьці догляду і рамонту ператварылася ў суцэльную паласу ямін і калдобін, а таксама правадное радыё. Апошняе хоць і выконвала важную ідэалягічную нагрузку, але таксама патрабавала капіталаўкладаньняў: пастаўленыя яшчэ ў 60-я гады драўляныя слупы дарэшты згнілі. А тут — аптымізацыя...

З усіх колішніх сацыяльных дабротаў у вёсцы найдаўжэй заставалася крама. Але дайшла чарга і да яе. Які таваразварот могуць забясьпечыць два дзясяткі пэнсіянэраў? Зразумела, што пра рэнтабэльнасьць тут гаварыць не выпадае. Так што ўрэшце і дзьверы крамы наглуха забілі дошкамі.

Беларускія вёскі, якім не пашчасьціла трапіць у лік аграгарадкоў, за апошнія дзесяцігодзьдзі паводле разьвіцьця сацыяльнай інфраструктуры вярнуліся ня тое што ў дваццатае — у дзевятнаццатае стагодзьдзе. Калі б не электрычныя слупы на вуліцы, розьніцы ніякай. Магчыма, у ХІХ стагодзьдзі тут было нават весялей: у вёсцы была карчма. Прычым карчмар Янкель ня толькі манаполькай гандляваў, але на замову прывозіў з гораду патрэбныя тавары і лекі, дапамагаў з дастаўкай пошты. Але дзе цяпер той Янкель і ягоныя нашчадкі...

Аўтакрама ў Жычыне Бярозаўскага раёну, ілюстрацыйнае фота
Аўтакрама ў Жычыне Бярозаўскага раёну, ілюстрацыйнае фота

У дзень, калі ў вёску павінна прыехаць «аўталаўка», старыя з раніцы не адыходзяць ад вокнаў, прыслухоўваюцца да звонкай вясковай цішыні — ці не пачуецца гул матора. «Сяльпоўская» машына часта спазьняецца — ці то затрымліваецца ў суседніх вёсках, ці то не спраўляецца зь бездарожжам. Стаміўшыся чакаць у хатах, старыя цягнуцца да звыклага месца, дзе звычайна спыняецца аўтакрама. Часам гадзінамі стаяць у чаканьні — пад дажджом ці сьнегам, на ветры ці сонцапёку. Гэты прыдарожны лапік вытаптанай зямлі са старой лаўкай, на якой ніколі не хапае для ўсіх месца, для іх цяпер — і клюб, і бібліятэка, і ФАП, і пошта.

Разумею, што немагчыма вярнуць тую колішнюю шматгалосую і шматлюдную вёску. Усьведамляю матывы, якімі кіруюцца чыноўнікі, праводзячы гэтую так званую «аптымізацыю». Аптымізаваць у іхным разуменьні — гэта скараціць, закрыць, абмежаваць усё, што не прыносіць прыбытку і вымагае выдаткаў зь бюджэту. Але аптымізацыя ў першасным значэньні гэтага лацінскага слова — пошук аптымальнага, найлепшага рашэньня той ці іншай праблемы. Тое, што выгадна для бюджэту рэгіёну, далёка не заўсёды зручна і прымальна для людзей. Тым больш для людзей старога веку, якія ўжо нікуды адсюль не пераедуць, за плячыма якіх доўгае і цяжкае працоўнае жыцьцё і якія куды больш за іншых маюць права на спакойную старасьць у мінімальным камфорце.

Колькі тых грошай было патрэбна, каб захаваць тут няхай ня клюб і ня ФАП — хаця б нейкае адно-адзінае грамадзкае месца, тую ж крамку? За 200 рублёў на месяц мясцовая прадаўшчыца гатовая была б у гэтай краме і прадаваць, і прыбіраць, і аптэчную палічку трымаць, і пошту перадаваць. Па сутнасьці, выконваць найважнейшую для гэтых двух дзясяткаў старых сацыяльную функцыю, безь якой дзяржава не дзяржава.

Вёска Малькаўка на Магілёўшчыне, ілюстрацыйнае фота
Вёска Малькаўка на Магілёўшчыне, ілюстрацыйнае фота

Пра якую вёску размова ў гэтых нататках? Ды пра любую зь дзясяткаў тысяч беларускіх вёсак, якія марудна паміраюць на працягу апошніх некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Бяру афіцыйныя статыстычныя зьвесткі па маёй роднай Горадзенскай вобласьці. Колькасьць сярэдніх школ у вобласьці: 2000 год — 658, 2009 — 441; колькасьць публічных бібліятэк: 2000 год — 809; 2009 год — 457. І падобным жа чынам — з усёй сацыяльнай інфраструктурай. «Аптымізацыя» крочыць па краіне сямімільнымі крокамі, вынішчаючы на сваім шляху ўсе сьляды цывілізацыі.

Калі апошні раз быў на радзіме, у вёсцы Савічы Шчучынскага раёну, дзе калісьці вучыўся ў «васьмігодцы», быў вельмі ўражаны, што не ўбачыў будынкаў ні школы, ні крамы, хоць тыя былі яшчэ зусім не старымі, трывалымі. Замест іх — толькі жоўтыя пляміны пяску ды сьляды бульдозэра.

На тое, каб разбурыць, зьнесьці, згарнуць будынкі бульдозэрам у яму «дзеля эстэтыкі», каб не псавалі від сваім занядбаным станам, грошы знайшліся. Каб хоць чымсьці, хоць драбніцай аздобіць і палегчыць самотную старасьць двум дзясяткам пэнсіянэраў, грошай няма.

Вёска Зарытава ў Ляхавіцкім раёне, 1961 год
Вёска Зарытава ў Ляхавіцкім раёне, 1961 год

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG