Вакол вёскі Люсіна ў Ганцавіцкім раёне на Берасьцейшчыне мясцовы лясгас ужо ладны час суцэльна высякае лес. Мясцовыя жыхары зьбіраюць подпісы, каб абараніць звыклы краявід і лес ад вынішчэньня.
«Тут чыніцца беззаконьне»
Уладзімер Рылка, жыхар вёскі Люсіна за 15 кілямэтраў ад Ганцавічаў, кажа, што яшчэ вясной мясцовыя жыхары актыўна пачалі абмяркоўваць праблему зьнішчэньня лесу. Вяскоўцы лічаць, што лясгас толькі імітуе барацьбу супраць пражэрлівых казурак.
Дзялянак, дзе цалкам зьнішчаны лес, каля вёскі Люсіна ледзь не дзясятак, кажа Ўладзімер. Вясной вяскоўцы сабралі 112 подпісаў супраць суцэльнай высечкі лесу і накіравалі зварот у міністэрства лясной гаспадаркі. Чыноўнікі ў Менску па выніках высьвятленьня прынялі пастанову. Згодна з дакумэнтам за подпісам Аляксандра Куліка, першага намесьніка міністра, Ганцавіцкаму лясгасу рэкамэндуецца прыпыніць суцэльную высечку лесу ў радыюсе пяці кілямэтраў вакол вёскі. Акрамя гэтага, лясной гаспадарцы рэкамэндуюць суцэльную высечку зьмяніць на паступовую ці выбарачную.
На пэўны час лесьнікі сапраўды прыпынілі працы ў лесе. Але літаральна месяц таму Ганцавіцкі лясгас ізноў пачаў высякаць. Уладзімер Рылка зьвяртае ўвагу, што лесьнікі сьпілоўваюць у асноўным драўніну на лесаматэрыялы. А хворыя дрэвы не чапаюць:
«Усё гэта стварае ўражаньне, што пад маркай барацьбы з караедам вядзецца нарыхтоўка так званага „дзелавога“ (ужытковага) лесу, які на рынку каштуе даволі вялікія грошы. Тут чыніцца беззаконьне, на маю думку, і трэба заводзіць крымінальную справу. Гэта злачынства, і адказнасьць павінен несьці той, хто адводзіў дзялянку і загадаў высякаць лес».
Пры высечцы лесу абавязаныя ўлічваць меркаваньне людзей
Адна зь лесанарыхтоўчых дзялянак знаходзіцца за некалькі соцень мэтраў ад Люсіна. Лес тут выразаны цалкам. Пра рэкамэндацыю міністэрства не праводзіць суцэльных высечак працаўнікі Ганцавіцкага лясгасу ня ведаюць.
У міністэрстве лясной гаспадаркі патлумачылі Радыё Свабода, што дакумэнт не страціў актуальнасьці. У міністэрстве нагадваюць, што падчас высечкі лесу лясгасы абавязаныя ўлічваць меркаваньне грамадзянаў. Але ў сытуацыі трэба разьбірацца на месцы, кажа Мікалай Юрэвіч, кіраўнік упраўленьня лясной гаспадаркі міністэрства лясной гаспадаркі:
«Цяжка ўявіць, што лясгас мае нейкія намеры проста браць і зьнішчаць лес. Таксама няма падставаў сумнявацца, што лясгас нейкім чынам не прытрымліваецца дамоўленасьцяў, дасягнутых вясной. Заўсёды павінна ўлічвацца, а як правіла, абавязкова ўлічваецца меркаваньне мясцовых жыхароў. Але і мясцовыя жыхары са свайго боку таксама павінны ставіцца да лесу адпаведным чынам. Маю на ўвазе недапушчэньне зьнішчэньня, забруджваньня, незаконнай высечкі і гэтак далей».
Але лясьнічы Ганцавіцкага лясгасу Ігар Шыйч кажа, што лясгас выконвае рэкамэндацыю:
«У Люсінскім лясніцтве ня высечка галоўнага карыстаньня (г. зн. асноўнага масіву. — РС), а суцэльныя санітарныя высечкі. Мы прыбіраем дрэвы, якія высыхаюць і ўжо высахлі».
Уладзімер Рылка зьвяртае ўвагу, што большасьць сьпілаваных дрэваў сырыя і зусім не выглядаюць на хворыя. А хворыя і сухія дрэвы стаяць нечапаныя.
Калі ёсьць хваробы дрэваў, то змагацца зь імі трэба зусім іначай, кажа вясковец:
«Вось сухое дрэва, якое „зьеў“ караед. Гэтыя кузуркі трэба вынішчаць разам з хворымі дрэвамі. Але мы бачым, што чамусьці спачатку вырэзваюць здаровыя дрэвы. А калі хворае дрэва не сьпілаваць, то караед за месяц можа распаўсюдзіцца на плошчы памерам нават 30 квадратных мэтраў. Таму ў мяне пытаньне: чаму ніхто не кранае хворых дрэваў і чаму караед надалей распаўсюджваецца? Чаму ніхто не зважае на высахлыя дрэвы, але пры гэтым лесьнікі вырэзваюць сыры лес?»
Гэта лес мой і маіх дзяцей
Наступная дзялянка, на якой таксама суцэльна высякаюць лес, аказалася бязьлюднай. Відавочна, пакідалі дзялянку сьпяшаючыся.
«Агонь, што пакінулі працаўнікі лесу, — гэта наагул нешта, што не паддаецца лёгіцы. Гэта ня проста халатнасьць лясной аховы, якая пакінула некалькі вялікіх вогнішчаў проста пасярод высечаных дрэваў, гэта злачынства. Агонь можа зьнішчыць усё навокал і нанесьці непапраўную шкоду навакольлю».
Гэтую дзялянку распрацоўвалі таксама паблізу вёскі. Да Люсіна літаральна некалькі кілямэтраў. Уладзімер Рылка мяркуе, што кошт паваленых дрэваў сягае сотні тысяч даляраў ЗША:
«Гэты лес належыць дзяржаве, а значыць, ён таксама і мой, маіх дзяцей. Гэта ж фільтар, які ачышчае паветра і дае нам чым дыхаць. Калі мы яго зьнішчым, то ў нас зьменіцца клімат, стане пустэча. Таму я не разумею, чаму мясцовае лясьніцтва распараджаецца, як і ў якіх памерах рэзаць гэты лес. Чаму чыноўнікі лічаць, што да нашае думкі няма патрэбы прыслухоўвацца?»