У канцы кастрычніка зьявілася навіна аб тым, што ў Беларусь пасьля 90 гадоў адсутнасьці вярнуўся дзікі лясны кот. Жывёліну сфатаграфавала фотапастка ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Свабода ўзгадала яшчэ пяць жывёлаў, якія некалі жылі ў Беларусі і тэарэтычна яшчэ могуць вярнуцца.
Атлянтычны асяцёр. Апошні раз на тэрыторыі Беларусі быў злоўлены ў Нёмане ў канцы 1950-х гадоў.
Атлянтычны асяцёр (яго таксама часта называюць балтыйскім) — пераважна марская рыба, распаўсюджаная ў паўночнай Атлянтыцы, а таксама ў Міжземным і Чорным морах. На пачатку ХХІ стагодзьдзя ў Эўропе сустракаецца вельмі рэдка, прамысловая здабыча магчымая толькі ля амэрыканскага ўзьбярэжжа.
Аднак яшчэ 60-70 гадоў таму злавіць асятра можна было ў Нёмане, чым карысталіся горадзенскія рыбакі. Рыбіны, якія даплывалі да Беларусі, былі адносна невялікімі для гэтага віду — каля 100 кіляграмаў вагой і два мэтры ў даўжыню (атлянтычны асяцёр можа вырасьці нават да 6 мэтраў, а важыць амаль тону). Задакумэнтаваны выпадак 1927 году, калі злоўленага ў Нёмане двухмэтровага асятра выставілі ў вітрыне рэстарану «Эўропа».
У канцы 1950-х гадоў ля Коўна пабудавалі гідраэлектрастанцыю, і пасьля гэтага асяцёр на тэрыторыі Беларусі ў натуральных умовах больш не сустракаўся. Паволі зьнікае ён і ў іншых рэгіёнах Эўропы. У суседняй Польшчы гэтую рыбу занесьлі ў Чырвоную кнігу, яна знаходзіцца пад абаронай дзяржавы.
Апошнім часам экалягічная сытуацыя на паплавах Нёмана паляпшаецца, зьнізілася колькасьць брудных выкідаў з прадпрыемстваў, у рацэ пабольшала рыбы. Таму нельга выключаць, што з часам атлянтычныя асятры вернуцца ў Нёман. Пакуль гэтага ня здарылася, найбольшай рыбай Беларусі застаецца сом.
Хахуля. Апошні раз злоўленая ў Беларусі ў пачатку ХХ стагодзьдзя
Рэліктавы від жывёлаў, у дагістарычную эпоху пашыраны на тэрыторыі ад Атлянтычнага ўзьбярэжжа да Ўралу. Захавалася ў басэйнах Волгі, Уралу, часткова Дняпра, сустракаецца таксама ў Казахстане. Хахуля жыла на тэрыторыі Беларусі больш за 30 мільёнаў гадоў (чалавек, напрыклад, толькі каля 200 тысяч) і зьнікла ў 1960-я.
Гэта адносна невялікі зьвер, даўжынёй каля 22 сантымэтраў. Бліжэйшы роднасны від, які часта сустракаецца ў Беларусі, — звычайны крот. Але, адрозна ад кратоў, хахулі жывуць на паверхні зямлі, блізка да вады, любяць старыцы вялікіх рэк. Рыюць норы, выхады зь якіх схаваныя пад вадой. У гэтым хахулі падобныя да баброў. Могуць жыць як паасобку, так і парамі, альбо нават вялікімі сем’ямі — па 12-13 асобін. Харчуюцца хахулі кузуркамі, рыбай і расьлінамі.
У Беларусі хахуля сустракалася на Дняпры, аднак праз пагаршэньне экалягічнай сытуацыі ў ХХ стагодзьдзі зьнікла. Яе папуляцыю спрабуюць аднаўляць у Расеі, для гэтага ствараюць адмысловыя заказьнікі. Аднак справа ідзе вельмі павольна.
Паводле некаторых зьвестак, хахулі ўжо зьявіліся на тэрыторыі Беларусі і жывуць на прыпяцкіх паплавах у Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку. Аднак, у адрозьненьне ад таго ж дзікага ката, пэўных пацьверджаньняў гэтай інфармацыі пакуль няма.
Дроп. Апошні раз у Беларусі дропа бачылі ля Пружанаў у 1930 годзе.
Дроп (альбо драфа) — вялікая птушка, нечым нагадвае страўса з кароткай шыяй. Да 1820-х гадоў дропы вяліся амаль па ўсёй Беларусі, акрамя паўночных рэгіёнаў. Асноўным рэгіёнам пражываньня дропаў у Беларусі было Палесьсе, аднак у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя на іх палявалі нават ля Слоніма і Горадні.
Самцы дропаў могуць важыць нават 16 кіляграмаў, што параўнальна з індыкамі. Пры гэтым дроп выдатна лётае і можа перамяшчацца на вялікую адлегласьць. Аднак у паветра птушкі ўзьнімаюцца, толькі калі гэта неабходна. Звычайна дропы перамяшчаюцца пешшу па зямлі. Адрозна ад глушцоў, дропы ў Беларусі сяліліся пераважна побач з чалавекам альбо на апрацаваных ім участках. Дропы часта шукаюць сабе ежу на ральлі альбо на пожні. Асноўнай прычынай іх зьнішчэньня ў Беларусі стала паляваньне і выкарыстаньне сельскагаспадарчай тэхнікі на палях.
У 2001 годзе некалькі эўрапейскіх дзяржаваў падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў захаваньні і кіраваньні папуляцыяй дропа. Акрамя іншых, да пагадненьня далучыліся Славаччына, Украіна, Чэхія і Малдова. Яны разам спрабуюць аднавіць папуляцыю дропаў на сваёй тэрыторыі. Самастойныя спробы робіць Расея. Беларусь да Мэмарандуму пакуль не далучылася, аднак у Эўропе ўжо ёсьць пасьпяховыя прыклады вяртаньня дропаў у натуральнае асяродзьдзе, таму тэарэтычна гэтыя прыгожыя птушкі зноў могуць вярнуцца на тэрыторыю краіны.
У 2009 годзе нямецкі арнітоляг Енс Клінкер бачыў птушку, падобную да дропа, на балоце Званец на Берасьцейшчыне. Аднак у яго не атрымалася зрабіць фотаздымак, таму пакуль дакладна аб вяртаньні дропа ў Беларусь сказаць нельга.
Матылёк апалён. Зьнік зь Беларусі ў пачатку 1980-х гадоў.
Названы ў гонар старажытнагрэцкага бога Апалёна — апекуна мастацтваў і сымбалю мужчынскай прыгажосьці. Адзін з найпрыгажэйшых матылькоў Эўропы. Вялікі, памерам з далонь дарослага чалавека. Белага колеру, часам крэмавага. На крылах вялікія чорна-чырвоныя плямы.
Апалёны жывуць на вялікім абшары ад Атлянтычнага ўзьбярэжжа Эўропы да Манголіі, аднак у Польшчы, Літве, Латвіі, эўрапейскай частцы Расеі і Беларусі не сустракаюцца каля 40 гадоў. Цікавая ўласьцівасьць матылькоў апалёнаў у тым, што разьмяшчэньне і памер плямаў на іхных крылах залежаць ад рэгіёну. Францускія апалёны будуць мець свой унікальны малюнак, а ўкраінскія альбо мангольскія — свой.
Дакладныя прычыны зьнікненьня матылькоў-апалёнаў зь Беларусі невядомыя. Лічыцца, што на гэта магло паўплываць разьвіцьцё сельскай гаспадаркі ў савецкай Беларусі. Некаторыя навукоўцы прычынаю называюць таксама пацяпленьне клімату. Цёплыя зімы спрыяюць таму, што вусені апалёнаў прачынаюцца раней часу і замярзаюць.
Асаблівасьць апалёнаў у амаль поўнай адсутнасьці міграцыяў. Яны на працягу свайго жыцьця перамяшчаюцца на невялікія адлегласьці, і таму, зьнікнуўшы ў пэўным рэгіёне, натуральным чынам не аднаўляюцца.
Хоць апалёнаў у Беларусі ня бачылі каля 40 гадоў, яны па-ранейшаму занесеныя ў Чырвоную кнігу. Матылёк значыцца ў так званым «чорным сьпісе» і мае статус рэгіянальна зьніклага. У Маскоўскай вобласьці (Расея) былі спробы аднавіць папуляцыю: апалёнаў зь іншых рэгіёнаў выпускалі ў навакольнае асяродзьдзе. Аднак усё гэта скончылася няўдачай.
Расамаха. Зьнікла з тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя.
Адзін з найцікавейшых зьвяроў, які насяляў Беларусь у недалёкім мінулым. Вялікі, вонкава падобны да мядзьведзя, прадстаўнік куніцавых. «Яшчэ ёсьць у Літве і Масковіі вельмі пражэрлівая і бескарысная жывёліна, якая не сустракаецца ў іншых месцах, на імя расамаха. Велічынёй яна з сабаку, з кацінай пысай, цела і хвост падобныя на ліса, чорнага колеру, сілкуецца трупамі», — такім чынам апісваў расамаху польскі гісторык Мацей Мяхоўскі ў XVI стагодзьдзі.
Вагой расамахі могуць быць нават да 30 кіляграмаў, даўжынёй амаль да мэтру. Паходкай, як і складам цела, моцна нагадваюць мядзьведзяў. Гэтаксама клышаногія і перавальваюцца з боку на бок. Жывуць самотна, ахоўваюць сваю тэрыторыю ад «чужых» расамахаў ды іншых драпежнікаў. Харчуюцца самай рознай ежай — ад расьлінаў да ўпаляваных ласёў. Апошніх расамахі забіваюць пераважна зімой, калі высокі сьнег, у якім расамахі ня вязнуць дзякуючы шырокім лапам, што дазваляе ім даганяць і забіваць высокіх капытных. Таксама расамахі добра лазяць па дрэвах і ловяць рыбу. Цікавая асаблівасьць — іх немагчыма прыручыць. І народжаныя ў няволі расамахі захоўваюць насьцярожанасьць і нават варожасьць да людзей.
Прычынай зьнікненьня з тэрыторыі Беларусі называюць паляваньне (у расамах каштоўнае і якаснае футра), разьвіцьцё сельскай гаспадаркі і высечку лясоў. Кожная расамаха для паўнавартаснага жыцьця патрабуе ўчастку лесу памерам каля 2000 квадратных кілямэтраў. Гэта значыць квадрат з бакамі прыкладна 40 на 50 км. Таму цяпер расамахі насяляюць пераважна неабжытыя паўночныя тэрыторыі Расеі, Канады і ЗША.