Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як па-беларуску завецца галоўны грыб?


Назвы грыбоў мы засвойваем ад бабуляў-дзядуляў ці бацькоў — разам зь ведамі пра добрыя і неядомыя грыбы.

Сьцісла:

  • Грыб на фота ў некаторых беларускіх дыялектах паважліва завуць проста ГРЫБ.
  • Бальшыня менчукоў яго правільна вызначыла.
  • Назвай гэтага грыба адрозьніваюцца беларуская і расейская літаратурныя мовы.​
  • На якой мове называюць грыбы спытаныя на вуліцы людзі? ГЛЯДЗІМ ВІДЭА:

Паказваем менчукам галоўны грыб і... слухаем разгубленыя развагі маладых людзей:

— Дима, это лисица или боровик?
— Я не знаю... Боровик, скорее всего...

Праўда, чалавек, які мог зблытаць баравік і лісіцу, сярод апытаных быў адзін. Але годна выйшаў з выпрабаваньня. Чаму ён успомніў менавіта слова баравік?

— Мои предки — бабушка, дедушка — его так называют, поэтому мне с ними проще так общаться насчёт грибов.

Назвы грыбоў — адна з рэдкіх цяпер лексычных групаў, якія чалавек засвойвае ня ў школе ці, скажам, з расейскіх сэрыялаў пра мянтоў, а ад бабулі, ад матулі — разам зь ведамі пра добрыя і неядомыя грыбы. Усе іншыя нават дзівіліся простаму пытаньню:

— Ну гэты пазнаю, гэты б і я ўзяла. Баравік, мабыць.

Беларуская літаратурная назва менавіта баравік. Але чуем і такія падвойныя адказы:

— Ну, баравік или белый гриб.
— Баравік. Белы грыб называецца.
— Похож на белый боровик.

Цікава. Звычайна ж людзі не называюць сынонімамі адзін і той жа прадмет. Удакладняем:

— Як будзе па-беларуску, а як па-расейску? Ці можаце адрозьніць?
— Па-беларуску баравік.
— А па-руску белый гриб, наверное, так.
— Белый гриб обычно по-русски называют, а по-беларусски баравік.

Г. Сяржаніна, І. Яшкін. Грыбы і грыбная кулінарыя. Менск, 2005
Г. Сяржаніна, І. Яшкін. Грыбы і грыбная кулінарыя. Менск, 2005

​Сапраўды. Ёсьць выдатны энцыкляпэдычны даведнік „Грыбы і грыбная кулінарыя“ мовазнаўцы Івана Яшкіна і біёляга Галіны Сяржанінай — на жаль, іх ужо няма сярод нас. Аўтары сабралі зьвесткі пра 270 відаў беларускіх грыбоў і падалі 2500 іхных беларускіх народных найменьняў, а таксама мапаў іх ужываньня. Нашае апытаньне цалкам пацьвердзіла высновы навукоўцаў.

Баравік упэўнена пануе

На беларускім абшары кожны грыб мае па некалькі імёнаў, але ў літаратурную мову трапляе найбольш пашыранае:

— Я сама с Могилёва.
— Там гэты грыб як называюць?
— Белы... Баравік!

— Адкуль вашыя бабуля і дзядуля?
— З Гомельскага раёна.
— І там кажуць на гэты грыб...
— Баравік, да.

— А ў вашай мясцовасьці — вы адкуль паходзіце? — як называлі?
— Паставы, Віцебская вобласьць, адтуль пахаджу.
— А як яшчэ гэты грыб называюць у Беларусі?
— М-м, не знаю. Баравік знаю и всё. В детстве называлі баравік.

Назвы баравіка ў славянскіх мовах Усходняй Эўропы. Мапа з кнігі Г. Сяржанінай і І. Яшкіна „Грыбы і грыбная кулінарыя“
Назвы баравіка ў славянскіх мовах Усходняй Эўропы. Мапа з кнігі Г. Сяржанінай і І. Яшкіна „Грыбы і грыбная кулінарыя“

​Зялёны кружок баравіка запаўняе значную частку менавіта беларускай этнамоўнай тэрыторыі. А на прасторы расейскае мовы для віду Boletus edulis пануе назва белый гриб (на мапе чырвоны квадрат). Ёсьць на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і боровик — але побач з намі, у Пскоўскай і Смаленскай абласьцях. Таксама ў Яраслаўскай. Таму ў расейскай літаратурнай мове слова боровик лічыцца абласным, другарадным.

— Як ён па-руску называецца?
— Белый гриб.
— А ў вашай мясцовасьці?
— Как у нас говорили? У нас грибов нету, у нас рыба есть. Волга — матушка-река.

Ага, белый гриб. Высьвятляецца, што спадар родам з Расеі, на ягоным Паволжы грыбы не растуць, а таму ён прыводзіць менавіта расейскую літаратурную назву.

Баравік як шыболет

Словы баравік vs белый гриб даволі выразна адрозьніваюць беларускую і расейскую літаратурныя мовы не раўнуючы як біблійны пароль-шыболет. У нас можна пачуць прыгожую мэтафару пра дзетак:

— Яны ў цябе як баравічкі крамяныя!

Ня скажаш жа „...як белыя грыбочкі“.
У беларускіх гаворках можна сустрэць і белы грыб, але мала дзе. Нехта з нашых апытаных — несумненна, двумоўных — так і ня змог прыпомніць іншай назвы — паралельнай баравіку:

— Ці ведаеце вы, як баравік будзе па-расейску?
— Так і будзе, мабыць — боровик...

— А как по-русски — не знаю...
— А адкуль вы родам?
— Я сама родом с Гомельскай области.
— І там называюць як?
— Баравік!

Проста ГРЫБ

А на Беларускім Палесьсі бытуюць яшчэ назвы шчыры грыб; добры, праўдзівы, справядлівы грыб.

Мой бацька рос на Хутарах Мярлінскіх у ніжнім Пагарыньні, сярод палескага прыроднага каралеўства, пазьней зьнішчанага савецкім авіяпалігонам. Там было гэтулькі грыбоў, што пераборлівыя палешукі нават грэбавалі менш пажыўнымі зь іх. Бацька называў баравік проста ГРЫБ. Усе іншыя, акрамя краснагаловіка і бабкі, у яго былі маргінальныя жаб’юкі.

Беларуская мова — гарантыя грыбной бясьпекі

Назвы грыбоў у розных мовах могуць увесьці ў зман: скажам, па-беларуску горкі масьляк — гэта ня тое, што расейскі маслёнок, па-расейску гэта перечный гриб, цяжкаядомы, адрозна ад проста масьляка. У беларускіх гаворках назва дажджавік рэдкая, і абазначаць яна можа зусім іншыя грыбы, ня порхаўкі, — напр., жывунец падарожны, блізкі да апенькі, як у Касьцюковіцкім раёне. Таму, каб каб было смачна, а нават каб не атруціцца і не атруціць, ужывайма беларускія назвы грыбоў. Тут беларуская мова — бясспрэчная гарантыя вашага здароўя і бясьпекі.

І наастачу крыху супастаўленьняў расейскіх і беларускіх назваў грыбоў (міконімаў).

Ядомыя грыбы

  • белые грибы — баравікí

  • подосиновики — краснагаловікі, асавікí

  • подберезовики — абáбкі

  • лисички — лісíцы

  • волнушки — ваўня́нкі

  • маслята — масьлякí

  • опята — апéнькі

  • сморчки — смаржкí

  • грузди — грузды́

  • моховики — імшáрнікі

  • шампиньоны — пячýрыцы

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG