Сацыяльная сетка Facebook запусьціла ў Беларусі супольна з мабільным апэратарам life:) праект «Free Basics».
Праект дае бясплатны доступ да Facebook (пастоў і перапіскі, але ня фота і відэа), навінаў розных міжнародных рэсурсаў і беларускага парталу Tut.by, «Вікіпэдыі», пошуку Bing, слоўніка Dictionary.com, электронных бібліятэк, прагнозу надворʼя ад AccuWeather, жаночага парталу UN Women, рэсурсаў пра ВІЧ, бясьпечны сэкс і мацярынства ды іншых сэрвісаў.
Пакуль праект даступны толькі абанэнтам life:). Абанэнты могуць атрымаць бясплатны «базавы інтэрнэт» праз сайт freebasics.com або Android-праграму Free basics. Інтэрфэйс даступны на расейскай мове, але пэўная частка рэсурсаў — толькі па-ангельску.
Два іншыя беларускія мабільныя апэратары не паведамлялі пра намеры далучыцца да праекту.
Free basics — складнік праекту Internet.org, нацэленага на доступ да інтэрнэту ў тых краінах, дзе такую выгоду маюць яшчэ ня ўсе, а таксама на дапамогу людзям, якія маюць патрэбу ў падтрымцы.
У Беларусі колькасьць абанэнтаў мабільных апэратараў перавышае колькасьць насельніцтва (кожны пяты мае дзьве ці больш сім-картак), 66% насельніцтва карыстаюцца інтэрнэтам, 32% насельніцтва маюць шырокапалосны доступ да інтэрнэту з дому.