Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: На мясцовых выбарах ва Ўкраіне гучыць тэма вайны і міру


Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

Выбары ў мясцовыя рады адбудуцца ва Ўкраіне 25 кастрычніка 2015 году. Улады абяцаюць, што яны пройдуць паводле новага заканадаўства.

18 чэрвеня Вярхоўная Рада разгледзела чатыры законапраекты пра мясцовыя выбары і ў першым чытаньні прагаласавала за праект, які прадугледжвае мажарытарную сыстэму для выбараў дэпутатаў сельскіх і пасялковых радаў, адкрытыя партыйныя сьпісы для выбараў дэпутатаў абласных, раённых, гарадзкіх і раённых у горадзе радаў. Таксама законапраект уводзіць два туры выбараў мэраў для гарадоў з насельніцтвам больш як 90 тысяч чалавек.

Наколькі выбары паводле новага заканадаўства спрычыняцца да пашырэньня мясцовага самакіраваньня, Свабода папрасіла ацаніць палітоляга Ўладзімера Фясенку.

— Ці можна казаць, што працэс дэцэнтралізацыі ва Ўкраіне ўжо ідзе? Наколькі ў гэты працэс заангажаванае насельніцтва?

— Працэс фінансавай дэцэнтралізацыі адбываецца яшчэ зь мінулага году. Ужо тады мясцовыя грамады атрымалі дадатковыя фінансавыя сродкі, нягледзячы на вайну і эканамічны крызіс. Іншая справа — хто і як гэтымі сродкамі распараджаецца і наколькі гэта заўважна мясцовым грамадам. Я перакананы, што пакуль гэта ня вельмі заўважны працэс. Больш гэта заўважаюць мясцовыя кіраўнікі. У гэтым — галоўная праблема. Як і зь іншымі рэформамі, відавочная неабходнасьць больш паўнавартасна інфармаваць пра гэтую рэформу, а таксама далучаць жыхароў адпаведных населеных пунктаў да дыскусіі пра тое, якім чынам трэба распараджацца выдзеленымі сродкамі. Таксама неабходная большая празрыстасьць мясцовых фінансаў.

— А калі пачнецца адміністрацыйная дэцэнтралізацыя, у выніку якой зьявяцца новыя органы ўлады, такія, як прэфэктуры?

— Пакуль што гэта толькі пляны на будучыню. І рэалізацыя адміністрацыйнай дэцэнтралізацыі будзе залежаць ад таго, ці будуць прагаласаваныя ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны адпаведныя законапраекты. Пакуль гэтая дэцэнтралізацыя пад пытаньнем. Я б не казаў пра адміністрацыйную дэцэнтралізацыю як пра факт, які адбыўся. Паглядзім, што будзе ў канцы году. Пакуль з-за праблемаў з Данбасам і з-за таго, што частка дэпутатаў і насельніцтва ня хочуць замірыцца з сэпаратыстамі, ня хочуць ніякіх кампрамісаў з сэпаратыстамі, лёс гэтага законапраекту застаецца нявызначаным.

Нават калі гэты законапраект будзе прыняты, дэцэнтралізацыя будзе адбывацца паступова. Новыя рады, якія будуць абірацца 25 кастрычніка, на самой справе будуць мець пераходны характар. Яны будуць працаваць толькі два гады. І поўная дэцэнтралізацыя пачнецца толькі з наступных мясцовых выбараў, якія адбудуцца ў 2017 годзе. Калі будуць прынятыя законапраекты, то пачынаючы з 2017 году ня будзе ўжо мясцовых дзяржаўных адміністрацыяў, замест іх будуць прэфэктуры. Таму цяперашнія рады, нават у выпадку зацьвярджэньня канстытуцыйных зьменаў, будуць пераходнымі.

— Што вызначае цяперашнюю мясцовую выбарчую кампанію? Якія тэмы абмяркоўваюць палітыкі?

Парадокс сытуацыі ў тым, што большасьць партыяў выходзяць на выбары не зь мясцовай праблематыкай

— Насамрэч працэс дэцэнтралізацыі вельмі мала ўплывае на паводзіны выбарцаў і мясцовых элітаў. Нашмат больш на мясцовыя выбары ўплывае цяперашняя палітычная і эканамічная сытуацыя — эканамічны крызіс, нявызначанасьць з праблемай вайны і міру, дыскусія пра тое, якім чынам вырашаць праблему Данбасу. Парадокс сытуацыі ў тым, што большасьць партыяў выходзяць на выбары не зь мясцовай праблематыкай, ня з тымі пытаньнямі, якія трэба вырашаць на мясцовым узроўні, а з пытаньнямі агульнанацыянальнымі — такімі, як вайна і мір на Данбасе, палітычныя рэформы. Але гэта зусім ня тыя пытаньні, якія можна вырашыць празь мясцовыя выбары. Тым ня менш іх прапаноўваюць выбарцам. Чаму? Таму што шматлікія палітычныя сілы ставяцца да гэтай мясцовай кампаніі як да прэлюдыі да магчымых датэрміновых парлямэнцкіх выбараў. Частка партыяў раскручвае сябе перад гэтымі выбарамі, частка — спадзяецца павялічыць свае рэйтынгі і ўзмацніць свой уплыў у асобных рэгіёнах.

— Традыцыйна захад Украіны галасуе за праэўрапейскія партыі, усход — за Партыю рэгіёнаў. Ці захоўваецца такі расклад цяпер?

— На захадзе сапраўды маюць большую падтрымку праэўрапейскія партыі. Але разам з тым людзі там пастаянна зьмяняюць свае сымпатыі. 10 год таму яны сымпатызавалі партыі Юшчанкі, пасьля — Юліі Цімашэнцы, пасьля — «Свабодзе», пасьля — «Удару», пасьля — блёку Парашэнкі, цяпер — «Самапомачы». Відавочна, што яўнага лідэра ў заходняй Украіне ня будзе. Але дамінаваць і цяпер будуць партыі праэўрапейскай арыентацыі.

— А што на ўсходзе Ўкраіны?

Паказальна, што апазыцыйны блёк ня мае кандыдатаў у шэрагу гарадоў усходняй і паўднёвай Украіны

— Там традыцыйна дамінавала Партыя рэгіёнаў, але цяпер яе дэ-факта няма. Яе замяніў апазыцыйны блёк, які спадзяваўся выйграць выбары ў расейскамоўных рэгіёнах. Але хоць ён і будзе сярод лідэраў на ўсходзе, ён ня будзе аднаасобным пераможцам. Яшчэ адна асаблівасьць гэтых выбараў: у шматлікіх раёнах усходу дамінуюць дробныя партыі мясцовых элітаў — лідэры якіх раней належалі да Партыі рэгіёнаў, а цяпер дыстанцыруюцца ад яе, ня хочучы, аднак, далучацца і да ўладных партыяў. Таму ёсьць вельмі шмат маленькіх партыяў, якія актыўна ўдзельнічаюць у выбарах у адным-двух рэгіёнах. Таксама паказальна, што апазыцыйны блёк ня мае кандыдатаў у шэрагу гарадоў усходняй і паўднёвай Украіны. Напрыклад, у Харкаве і Адэсе няма кандыдатаў у мэры ад апазыцыйнага блёку.

— Якія будуць вынікі выбараў?

— Мой прагноз такі, што і на захадзе, і на ўсходзе Ўкраіны ня будзе яўнага пераможцы. Склад мясцовых радаў будзе пярэсты: будзе прадстаўлена 3–6 партыяў, прычым ніводная зь іх ня будзе мець абсалютнай большасьці. Гэта ня самая кепская сытуацыя. Калі б было яўнае дамінаваньне адной сілы на захадзе і іншай — на ўсходзе, то гэта павялічвала б міжрэгіянальнае супрацьстаяньне. Пярэсты склад адлюстроўвае і дэмакратычныя працэсы ў краіне, і пераходны характар партыйнай сыстэмы, а таксама дае магчымасьць цэнтральнай уладзе дэмакратычным шляхам уплываць на сытуацыю ў рэгіёнах.

— Што будзе адбывацца на Данбасе?

— Пакуль застаецца шмат нявырашанага. На той частцы Данбасу, якую кантралюе Ўкраіна, у большасьці населеных пунктаў выбары адбудуцца на ўсіх узроўнях, апроч абласных радаў — таму што вобласьць падзеленая. Што тычыцца тых тэрыторыяў, якія застаюцца не пад кантролем Украіны, то ў Менску ідуць перамовы пра тое, каб там прайшлі выбары. Пакуль дамовіліся, што выбары там пройдуць паводле ўкраінскага заканадаўства, але на пачатку наступнага году. Калі выбары пройдуць сапраўды так, як гэта прапісана ў менскіх дамоўленасьцях, гэта можа стаць пачаткам рэінтэграцыі гэтых рэгіёнаў ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG