Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Кіеў будзе размаўляць зь «пятым Лукашэнкам»?


Украінская служба Радыё Свабода апытала ўкраінскіх палітыкаў і экспэртаў пра адносіны зь Беларусьсю пасьля чарговых выбараў, на якіх перамог Лукашэнка.

Як адзначае журналіст украінскай службы Свабоды Расьціслаў Хоцін, агульны падыход яго суразмоўцаў у тым, што Беларусь — гэта занадта важная краіна для Ўкраіны, каб ня мець зь ёй як мага шчыльнейшых адносінаў, ды й ізаляваная (цяпер — напаўізаляваная) Беларусь мае патрэбу ва Ўкраіне як у адназначна мірным суседзе.

Старшыня парлямэнцкага камітэту замежных спраў Украіны Ганна Гапко лічыць, што Ўкраіна мае шукаць здаровыя прагматычныя фарматы стасункаў зь Беларусьсю:

Ганна Гапко
Ганна Гапко

«У нас вельмі шмат агульнага, і мы выдатна разумеем, што Беларусь трэба выцягваць праз розныя праекты са сфэры ўплыву Крамля. І вельмі добра, што Беларусь не адносіцца да „рускага сьвету“, як гэта ў свой час сказаў Лукашэнка, відавочна, баючыся стаць часткай імпэрыі Пуціна.

Чым больш Беларусь будзе адчуваць падтрымку Ўкраіны, тым большым будзе праэўрапейскі вэктар самога Лукашэнкі, які разумее, што дарога ў Крэмль — гэта дарога ў нікуды, гэта дарога да паразы».

Колішні міністар замежных спраў Украіны Ўладзімер Агрызка заклікае памятаць, што Беларусь была, ёсьць і будзе эўрапейскай нацыяй, што калі-небудзь яна зойме сваё месца сярод эўрапейскіх народаў:

Уладзімер Агрызка
Уладзімер Агрызка

«Таму зь Беларусьсю мы павінны выбудоўваць найлепшыя пры ўсіх магчымых абставінах адносіны, дапамагаючы тым парасткам грамадзянскай супольнасьці, наладжваючы кантакты з па-праэўрапейску настроенымі сіламі ў Беларусі, але разам з тым і працуючы зь цяперашняй уладай. Гэта мае быць двухбаковы працэс.

Так, вядома, у Беларусі процьма праблемаў, там яшчэ вельмі далёка да тых стандартаў, на якіх будуецца ЭЗ. Але, я думаю, ЭЗ робіць мудра, кажучы: глядзіце, калі сытуацыя будзе ісьці ў правільным кірунку, то мы гэтак жа будзем рабіць крокі насустрач. На дадзеным этапе гэта найбольш адэкватны падыход. Інакш мы рызыкуем мець ізаляваную Беларусь, якая будзе глядзець толькі на Ўсход».

Лукашэнка знаходзіцца ў цяжкім эканамічным і геапалітычным становішчы, баіцца і «Майдану», і расейскіх войскаў на парозе сваёй рэзыдэнцыі, ён і далей будзе круціцца «як вуж на патэльні» між Масквой і Эўропай, мяркуе беларуска-ўкраінскі журналіст Павал Шарамет:

Павал Шарамет
Павал Шарамет

«Лукашэнка адзіны, хто атрымлівае выгаду ад расейска-ўкраінскай вайны. Лукашэнка быў апошнім дыктатарам Эўропы, а стаў перадапошнім. Да яго Мэркель едзе, Алянд прыяжджае, перамовы ў Менску адбываюцца... Украіне патрэбныя саюзьнікі на Ўсходзе, саюзьнікі сярод чальцоў СНД. Калі Ўкраіна будзе дапамагаць Лукашэнку будаваць дыялёг з Эўропай, то гэта аслабіць пазыцыі Пуціна ў Беларусі. Хоць я б шмат тут не чакаў: Лукашэнка знаходзіцца пад жорсткім кантролем Пуціна. Беларусь знаходзіцца пад жорсткім ідэалягічным каўпаком, эканамічным каўпаком, каўпаком спэцслужбаў Расеі. І любая спроба Лукашэнкі вырвацца з-пад гэтага каўпака завершыцца для яго кепска».

Хаця ў адносінах Украіны зь Беларусьсю, як на думку Шарамета, нічога прынцыпова ня зьменіцца, будзе расьці роля Беларусі як эканамічнага і транспартнага партнэра, расейска-ўкраінскі гандаль, як і авіяплыні, пойдзе празь Беларусь.

«Пры гэтым я разумею, што тут, ва Ўкраіне, усе разумеюць, што абсалютна верыць Лукашэнку нельга. Што ён заўсёды ўсіх выкарыстоўвае ва ўласных мэтах», — дадае Шарамет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG