Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонскі грузаперавозчык заклікае эўрадэпутатаў разабрацца з «рэйдэрствам» у Беларусі


Эстонская фура ў зоне мытнага кантролю
Эстонская фура ў зоне мытнага кантролю

Гісторыя з эстонскай транспартнай фірмай, у якой беларускія кантрольныя органы намагаюцца канфіскаваць аўтамабіль, набывае эўрапейскі розгалас: гаспадар кампаніі даслаў скаргу ў Эўрапарлямэнт.

Днямі Свабода расказвала пра невясёлыя прыгоды дальнабойшчыка з Эстоніі Міхаіла Круглова, якога пасьля выгрузкі прымусілі адагнаць машыну ў пункт мытнага кантролю ў прамзоне за менскай кальцавой дарогай.

10 дзён кіроўца пражыў у кабіне фуры DAF на тэрыторыі мытні, ня маючы магчымасьці ня тое што памыцца, а хоць пару разоў на дзень харчавацца — усе камандзіровачныя пайшлі на штрафы ды хабары. Цягам гэтых паўтара тыдня інспэктары высьвятлялі, наколькі важкія падставы, каб давесьці справу да суду і забраць рэфрыжэратар у даход дзяржавы.

2 сакавіка машыну ўзялі пад арышт, а кіроўцу загадалі пакінуць тэрыторыю. Неўзабаве з акалічнасьцямі канфліктнай сытуацыі пачнуць знаёміцца адвакаты, пасьля чаго будзе прызначаны судовы разгляд.

Асноўная прэтэнзія да эстонскага грузаперавозчыка — невыкананьне нормаў так званага кабатажу, то бок парушэньне ўмоваў транспартных паслугаў унутры краіны замежным перавозчыкам. У дадзеным выпадку — разгрузка па адрасе, які не адпавядае міжнароднай таварна-транспартнай накладной (CMR).

Віктар Хобта
Віктар Хобта

Талінскі бізнэсовец, гаспадар транспартнай фірмы Vitransa Віктар Хобта не прымае ніводнага з пунктаў прэтэнзіяў, якія могуць каштаваць яму страты нятаннай маёмасьці. Найперш наракае на тое, што ягоны аўтамабіль, які прывёз з Нарвэгіі «чырвоную рыбу», трое сутак пратрымалі на рэгіянальнай мытні пад Менскам. А гэта ўжо не адпавядае элемэнтарным нормам абыходжаньня з харчовымі прадуктамі. Па-другое, за гэты час кампанія «Эўрагандаль» — атрымальнік грузу — апасаючыся за захаваньне кандыцыі ласося ды стронгі, перапрадала яго іншаму пакупніку. Адпаведна, зьмяніўся адрас дастаўкі.

На яго перакананьне, тое, што аплямбаваная фура выгрузілася ў суседнім складзе, — не падстава для канфіскацыі «прадмета злачынства». Тым больш, «Эўрагандаль» зрабіў у накладной усе неабходныя карэктывы:

«Магчыма, я нечага не разумею, бо ў нас такіх правілаў няма. Але калі тавар „ачышчаны“ мытняй, то я мушу яго адвезьці кліенту на выгрузку туды, куды ён скажа. Я не развожу яго па Беларусі, не раскідваю дзесьці дадатковыя грузы — як прыйшоў з Нарвэгіі з аплямбаваным імпартам, у такім стане і выгрузіўся. Я пасьля мытні ніводнага разу не адчыняў вароты на халадзільніку. Таму інтэрпрэтацыя закону аб кабатажы службамі, якія мяне ў нечым абвінавачваюць, прабачце за грубасьць, абсалютна ўбогая.

Такога няма нідзе ў сьвеце. Калі цябе „растаможылі“, гэта ўжо, па сутнасьці, беларускі тавар, і я яго выгружу там, дзе мне скажа кліент. За гэта ён мне, уласна кажучы, і плаціць грошы. Можа, мой кіроўца зрабіў нешта няправільна, можа, брокер памыліўся. Але хто даў права караць аж да канфіскацыі? Да таго ж, Міхаіл — новы чалавек у мяне, увогуле ў свой першы рэйс паехаў — у Нарвэгію, а потым у Беларусь. Ну, паўшчувайце, штраф выпішыце. Але каб займацца такім „бязьмежжам“ — проста не разумею».

Сёньня Віктар Хобта накіраваў запыт прадстаўніцы Эстоніі ў Эўрапарлямэнце Яне Тоом (Yana Toom). Гаспадар кампаніі Vitransa цікавіцца, якімі рычагамі ўплыву на Беларусь валодаюць структуры Эўразьвязу, адказныя за транспартную сфэру.

Цэнтрыстка Тоом карыстаецца значным аўтарытэтам. Цягам лютага яна часьцей за іншых шасьцёх эстонскіх эўрадэпутатаў згадвалася ў СМІ гэтай балтыйскай краіны — 274 разы ў навінах і артыкулах.

Эстонскі дальнабойшчык Міхаіл Круглоў
Эстонскі дальнабойшчык Міхаіл Круглоў

Віктар Хобта лічыць, што беларускім уладам варта быць больш абачлівымі ў сваіх радыкальных рашэньнях, бо мэтады папаўненьня бюджэту ў шэрагу сумнеўныя:

«Мы, транспартнікі, напэўна, як ніхто ведаем, што адбываецца, якім чынам замежнае становіцца „айчынным“ і куды потым скіроўваюцца гэтыя тавары з Заходняй Эўропы. За апошнія год-два Беларусь стала рэальна „транзытным портам“ — ня горшым за Гамбург у Нямеччыне, які раскінуўся на сотні квадратных кілямэтраў. Увесь эўрапейскі транзыт ідзе на Расею — усе гэта ведаюць, толькі сьціпла маўчаць. Усё пераафармляецца — рыба, крэвэткі, птушка, мандарыны, апэльсіны, шакаляд — і пасьля „легалізацыі“ ў Беларусі плыве далей на ўсход. І самае дзіўнае, што людзям, якія задзейнічаныя ў гэтых схемах, нічога ня будзе, таму што кантрольныя службы іх курыруюць, „крышуюць“. Затое такіх, як я, хто вязе адкрыта, справядліва, „маюць“ па поўнай праграме».

16 сакавіка фірма Віктара Хобта адзначыць 20-годзьдзе дзейнасьці на рынку міжнародных грузаперавозак. Аднак з улікам беларускага форс-мажору для юбілейнага настрою няма падставаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG