Для эстонскага кіроўцы Міхаіла Круглова апошнія 10 дзён адзіным прытулкам служыць кабіна ягонай фуры. Тут ён сьпіць, слухае радыё і чакае вырашэньня свайго лёсу.
23 лютага вялікагруз DAF адканваявалі ў зону мытнага кантролю на вуліцы Бабушкіна за Менскай кальцавой дарогай, і ад таго часу кампэтэнтныя органы высьвятляюць, ці дастаткова падставаў, каб спагнаць аўтамабіль у даход дзяржавы.
Сам Міхаіл расказвае, што прывёз з Нарвэгіі ў Беларусь каштоўныя гатункі чырвонай рыбы — ласося і стронгу (менавіта такая нарвэская рыба часамі скандальна «ўсплывае» ў Расеі як «беларуская»). Па яго словах, праблемы ўзьніклі яшчэ ў дарозе — кантралёры транспартнай інспэкцыі выявілі няправільна аформленыя дакумэнты, што вылілася ў «штраф» без афармленьня пратаколу ў памеры 400 эўра:
«Цяпер прад’яўляюць парушэньне кабатажу (кабатаж — гэта калі транспартныя паслугі ўнутры краіны выконвае замежны перавозчык. — РС). Прасьцей кажучы, у мяне адрас выгрузкі быў адзін, а па ходу пакупнікі памянялі, сказалі прыехаць на іншы. Адсюль і праблема — маўляў, уносіць карэктывы нельга. Цяпер суд будзе вызначаць, што рабіць з машынай».
Сёньня Міхаілу загадалі «вызваліць памяшканьне» — мытнікі бяруць фуру пад арышт, і ў такім стане яна будзе заставацца да завяршэньня судовага працэсу. Кіроўцу і ягоныя асабістыя рэчы павінен забраць ягоны калега, які акурат вяртаецца з разгрузкі ў Полацку — калі ў дарозе, вядома, ня здарыцца яшчэ якога форс-мажору.
Кіроўца не бярэцца разважаць, ці настолькі страшнае ўчынена злачынства, каб экспрапрыяваць дарагі аўтамабіль — проста ня ў курсе тонкасьцяў беларускага заканадаўства. Але лічыць, што насамрэч прычыны крыюцца ва ўнутрыведамасных нестыкоўках:
«У „цэмээры“ (CMR — міжнародная таварна-транспартная накладная — РС) павінна быць указана, што мытня пераправіла груз на іншы адрас. Яны гэтага не зрабілі. Калі пачаліся разборкі, ні мытнік, ні брокер не захацелі браць на сябе адказнасьць. Дарэчы, як транспартнікі адправілі мяне на штрафстаянку і выклікалі мытнікаў, тыя сказалі, што да мяне прэтэнзіяў няма — чаму я спакойна і ехаў. А потым раптам узьніклі. То бок накіравалі на выгрузку ў вёску Табары пад Менскам, а па дакумэнтах быў сам Менск. У Табарах мяне і „завінцілі“. Добра хоць выгрузіцца пасьпеў».
Міхаіл Круглоў кажа, што пытаньні тэхнічнага характару раз-пораз узьнікаюць і ў іншых краінах, бо ўнутраныя заканадаўствы трактуюць нормы перавозак па-рознаму. Аднак заўсёды знаходзілася выйсьце — альбо афармлялася пераадрасоўка, альбо прыстаўлялася суправаджэньне. Тут жа абвінавацілі і проста кінулі на выжываньне. Кажа, што 10 дзён беларускіх прыгодаў будзе ўспамінаць яшчэ доўга:
«Гэта ж прамзона, тут нічога няма, нават крамы. Да Менску далёка. Харчуюся тым, што прывёз з сабой, дзялю на порцыі.
Грошы скончыліся — усё пайшло на штрафы і хабары. Сплю ў машыне, нікуды ня выйдзеш. 10 дзён не памыты, ня голены, пра гарачую ваду ці душ ужо нават не кажу. Як сабака...»
Ці трэба казаць, што невялікі харчовы набор эстонскі кіроўца прыняў з удзячнасьцю.
Талінскі прадпрымальнік Віктар Хобта, гаспадар аўтамабіля, які рызыкуе стаць канфіскаваным, расказвае, што сёлета будзе 20 гадоў, як ён займаецца міжнароднымі грузаперавозкамі. Ягоныя фуры прайшлі ўсю Эўропу і сутыкнуліся з «форменным бязьмежжам» у Беларусі:
«Пачну з таго, што мы з чырвонай рыбай трое сутак стаялі на мытні пад Менскам. Гэта ненармальна, калі гаворка пра прадукты харчаваньня. За гэты час атрымальнік — кампанія „Еўрагандаль“ — перапрадаў прадукцыю іншаму пакупніку, адпаведна, зьмяніўся адрас выгрузкі. Нармальная практыка ў бізнэсе! Дык вось кабатаж па беларускіх правілах — гэта калі я павінен загрузіцца ў Беларусі і паехаць дзесьці ў Беларусі выгрузіцца. Але ж я прыехаў зь імпартам, гэта нарвэскі прадукт. Я нічога ў Беларусі не загружаў: пад плёмбай як быў з мытні, так і заехаў на выгрузку. Толькі прыехаў на іншае месца, як мне і сказаў мой кліент-заказчык у Літве. Яны мяне намінавалі на гэтую перавозку, яны мне плацяць за гэта грошы. Я выканаў усё тое, што мне сказаў кліент. Брокер павінен быў зрабіць зьмены ў дакумэнце, і ў мяне, па-мойму, ёсьць копія CMR зь „еўрагандлеўскай“ пячаткай і зьменай кірунку. Што яшчэ патрэбна?»
Віктар Хобта перажывае і з той прычыны, што ў выпадку радыкальных рашэньняў давядзецца мець непрыемныя справы з банкам — аўтамабільны прычэп узяты ў лізінг:
«Машына мая, яна выкуплена зь лізінгу. Рынкавы кошт — дзесьці 18 тысяч эўра. А прычэп яшчэ ў лізінгу, таксама пад 20 тысяч. І я не гатовы іх камусьці падарыць. Калі брокер не паставіў нейкую лічбу, кручок нейкі, дык пакарайце, выпішыце штраф за гэтую справу. Але канфіскаваць транспартны сродак — мы тут усе ў шоку.
Ня тое што мае партнэры ў Беларусі, ва Ўкраіне, — уся Прыбалтыка ў шоку.
Як такое можа быць наагул? Ладна каб вёз нейкую кантрабанду, згрузіў неразмытнены тавар на левым складзе. А тут жа ўсё афіцыйна, усё разгружана, дэклярацыя на руках, новае месца задакумэнтаванае. І ўсё роўна едуць ззаду, пасьвяць „убопаўцы“. Да мяне проста не даходзіць! Акурат у сакавіку маёй фірме Vitransa будзе 20 гадоў — два дзясяткі гадоў я займаюся міжнароднымі перавозкамі. За гэты час дзе толькі ня быў. І ў Беларусі пастаянна працую, добрыя людзі, як мае быць. Але ўпершыню я ў такім дз... Нам усім уласьціва памыляцца, але ж гэта не падстава, каб секчы з пляча!»
Суразмоўца ўдакладняе, што ягоная стаўка на перавоз прадукцыі з Нарвэгіі ў Беларусь складае 3000 эўра. Сюды ўваходзяць пераправы паромам, паліва ды іншыя выдаткі. Маржу закладаў у раёне 500 эўра. Аднак штрафы і паборы за няправільна аформленыя дакумэнты ўжо перавысілі 1700 эўра, што загнала зьдзелку ў глыбокі мінус. Гэта без уліку таго, што на парадку дня — канфіскацыя аўтамабіля:
«Ад таго, што забралі машыну, арыштавалі, у суботу рэальна быў у перадынфарктным стане, адпойваўся карвалолам, усялякімі лекамі. Так атрымліваецца, што любы орган у Беларусі — карны. Не на папярэджаньне, прафіляктыку працуюць, а на пакараньне. Транспартнікі — карныя, мытня — карная, „убопы“ нейкія пад прыкрыцьцём кантрабанды караюць. Ды якая кантрабанда? Пры чым тут увогуле гэтыя інспэктары, якія качаюць правы? У беларускім грамадзтве выдатныя людзі, у мяне мора сяброў, сумесна працуем, няма пытаньняў. Але ўсе скардзяцца на прадстаўнікоў улады. У Менскай вобласьці, у тым коле, якое абазначанае на мапе, шныраць проста як ваўкі.
Ня ведаю, адкуль ногі растуць, але мне сказалі, што на машыну проста маглі пакласьці вока. Прыгожы прычэп, прыгожая машына. На свае фірмы аформяць, ды ўсё.
Такое таксама ў практыцы было. Я за машыну рэальна баюся. Там стаіць усё новае, усё нарвэскае, пад іх клімат — шыны, абсталяваньне. У машыну ўцюхана столькі грошай!».
Неўзабаве з матэрыяламі эстонскіх грузаперавозчыкаў пачне знаёміцца адвакат, пасьля чаго справу перададуць у суд. Віктар Хобта запэўніў, што абавязкова прыедзе ў Менск — найперш дзеля таго, каб паглядзець у вочы тым, хто намагаецца зрабіць зь яго «крымінальніка».