5 верасьня ў Капэнгагене Палітычная асамблея Эўрапейскай народнай партыі (European People’s Party — EPP) ухваліла рэзалюцыю «Аб сытуацыі ў Беларусі». Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які ўдзельнічае ў працы асамблеі.
«Афіцыйны Менск заклікаюць рэабілітаваць палітвязьняў, адмяніць сьмяротнае пакараньне, рэфармаваць выбарчую сыстэму, паважаць права грамадзян на свабоду выказваньня і сходаў, забясьпечыць празрыстасьць будаўніцтва Беларускай АЭС, — кажа спадар Лябедзька. — Фактычна гэта ўсе тыя патрабаваньні, якія былі ў аналягічнай рэзалюцыі, падрыхтаванай на сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ сябрамі літоўскай дэлегацыі. Адзінае адрозьненьне — у новай рэзалюцыі згадваецца яшчэ і ціск на незалежныя прафсаюзы. Таму гэты дакумэнт крыху большы».
Даючы ацэнку сёньняшняй падзеі, Анатоль Лябедзька сказаў:
«Сам па сабе гэта вельмі добры знак. Мы бачым, што вядучая палітычная сіла Эўропы не забываецца пра Беларусь».
Рух «За свабоду» хоча афіцыйна далучыцца да «народнікаў»
У Капэнгагене знаходзяцца лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі Беларусі — Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі. Аб’яднаная грамадзянская партыя і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя ўжо маюць статус назіральнікаў у EPP. Аналягічную заяўку падаў і рух «За свабоду». У ёй адзначаецца шматгадовае партнэрства паміж EPP і рухам, нязьменная ўвага партыі да падзеяў у Беларусі, дапамога ў прасоўваньні каштоўнасьцяў дэмакратыі і паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека, а таксама адпаведнасьць праграмных палажэньняў руху «За свабоду» каштоўнасьцям, якія зьмяшчае маніфэст партыі.
З гісторыі Эўрапейскай народнай партыі
Эўрапейская народная партыя заснаваная ў 1976 годзе. Складаецца з калектыўных сяброў — хрысьціянска-дэмакратычных, нацыяналістычных, кансэрватыўных і іншых рухаў, якія адносяцца да правацэнтрысцкай часткі палітычнага спэктру. Адна з найбуйнейшых партый Эўропы, прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Эўрапейскага Зьвязу, а таксама ў Радзе Эўропы. Налічвае больш за 70 калектыўных сяброў — нацыянальныя партыі з чатырох дзясяткаў краін, ня лічачы асацыяваных сяброў і назіральнікаў. Яна мае найбуйнейшую фракцыю ў Эўрапейскім парлямэнце. Да гэтай партыі належаць старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск, старшыня Эўракамісіі Жан-Клод Юнкер, прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Антоніё Тальяні, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, а таксама шэраг прэзыдэнтаў, кіраўнікоў урадаў і лідэраў апазыцыі ў сваіх краінах.