Грузінскі тэлеканал «Руставі 2» паведаміў, што кіраўнік Службы дзяржаўнай бясьпекі Грузіі Вахтанг Гамэлауры вядзе ў Беларусі таемныя перамовы з украінскім бокам пра выдачу экс-прэзыдэнта Міхэіла Саакашвілі.
Служба дзяржаўнай бясьпекі Грузіі пацьвердзіла інфармацыю пра візыт Вахтанга Гамэалуры ў Беларусь для ўдзелу ў сьвяткаваньнях, прымеркаваных да стагодзьдзя ўтварэньня спэцыяльных службаў Беларусі.
Прэсавы сакратар Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Дзьмітры Пабяржын паведаміў Свабодзе, што сьвяточныя мерапрыемствы заплянаваныя на 20 сьнежня, але ня змог пацьвердзіць, што Гамэалуры цяпер у Менску.
«Я не магу адказваць за іншае ведамства», — сказаў ён.
Як паведамілі Свабодзе ў Службе бясьпекі Ўкраіны, яе прадстаўнікі не накіроўваліся ў Менск для ўдзелу ва ўрачыстасьцях. Апроч таго, суразмоўнік Свабоды нагадаў, што згодна з украінскім заканадаўствам пытаньне экстрадыцыі замежных грамадзян — кампэтэнцыя Генэральнай пракуратуры Ўкраіны, а не спэцыяльных службаў.
На пачатку сьнежня, адразу пасьля адкрыцьця ва Ўкраіне крымінальнай справы супраць Міхэіла Саакашвілі, генэральны пракурор Юры Луцэнка выключыў магчымасьць экстрадыцыі Саакашвілі ў Грузію:
«Цяпер размова не ідзе аб дэпартацыі, цяпер размова не ідзе аб экстрадыцыі. Цяпер гаворка ідзе пра допыт, падазрэньне ва ўчыненьні асабліва цяжкага злачынства», — сказаў Юры Луцэнка 5 сьнежня.
Генэральная пракуратура Ўкраіны на сваім афіцыйным сайце разьмясьціла афіцыйны выклік Міхэіла Саакашвілі на допыт 18 сьнежня.
8 сьнежня экс-прэзыдэнта Грузіі затрымалі ў Кіеве паводле часткі 2 артыкула 256 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (садзейнічаньне ўдзельнікам злачынных арганізацый і ўтойваньне іх злачыннай дзейнасьці). Паводле Генпракуратуры, Саакашвілі дамаўляўся аб фінансаваньні акцый пратэсту з украінскім бізнэсмэнам Сяргеем Курчанкам, які ў 2014 годзе ўцёк у Расею. Але ўжо 11 сьнежня, пасьля таго як Саакашвілі прабыў некалькі дзён у сьледчым ізалятары, суд адмовіў пракуратуры ў кругласутачным хатнім арышце экс-прэзыдэнта Грузіі.
Раней адвакат Саакашвілі паведамляў, што цяпер у грузінскіх судах у паскораным тэмпе разглядаюцца справы аб перавышэньні апошнім службовых паўнамоцтваў, а пракуратура заявіла, што да канца сьнежня будзе вынесены прысуд. І менавіта з гэтым ягоныя адвакаты зьвязваюць актывізацыю дыскусій пра магчымую экстрадыцыю Саакашвілі.